Ноч, калі адкрываюцца нябёсы

Культура Точка зрения

 

Нараджэнне Хрыстова лічыцца другім па значнасці, пасля Вялікадня, святам хрысціянскіх вернікаў.Аднак у многіх беларускіх сем’ях менавіта Раство акружана найбольшай сакральнай таямніцай і нясе ў сабе той глыбокі сэнс, які дазваляе яму лічыцца не толькі пачаткам новага года (з каляднай куцці сонца паварочвае на лета), але і новых надзей, і спадзяванняў. Нашы продкі верылі ў тое, што ў калядную ноч адкрываюцца нябёсы і можна загадваць жаданні.

У нашай мясцовасці, на Лідчыне, гэта свята называлася Коляды (з націскам на першым складзе). Яно было, бадай, ці не самым багатым, бо на яго абавязкова калолі кабана. Мне тады нават думалася, што коляды ўзніклі ад слова “калоць”. І хаця вечарам з шостага на сёмае студзеня стол быў посным, аднак на наступны дзень можна ўжо было ад’есціся ўволю свежыной: вараным і смажаным з цыбуляй мясам, каўбасамі, кішкай, начыненай дранай бульбай са шкваркамі.

Па традыцыі на святочным стале, накрытым белым саматканым абрусам, стаяла 12 страў. Былі там і ячменная каша з мёдам – куцця, і грыбы ў розных варыянтах, і рыба, і квашаная капуста з чырвонымі вочкамі журавін, і распараныя ва ўзвары салодкія грушы, аднак больш помніцца чамусьці дрыготкі аўсяны кісель. Магчыма таму, што мы, дзеці, прымалі непасрэдны ўдзел у яго прыгатаванні. Калі мама працэджвала праз марлю бялюткую, як малако, вадкасць і ставіла яе на агонь, нам трэба было бесперапынна яе памешваць драўлянай лапаткай – каб кісель не падгарэў. Нам той кісель не вельмі падабаўся, бо ён быў несалодкім. Мы з сястрой больш чакалі, калі можна будзе паспрабаваць маміных пірагоў. Без іх не абыходзілася ў нашай хаце ні адно свята. Мама пякла іх шмат — колькі ўмяшчалася ў печ! Мне больш падабаліся маленькія: было ў нас некалькі формаў, у якіх выпечка атрымлівалася ў выглядзе грыбоў. Тыя піражкі хацелася з’есці яшчэ гарачымі. І калі мама выходзіла за дзверы, я старалася адшчыкнуць крышку ад хрусткай скарыначкі і хуценька накіраваць у рот, каб ніхто не заўважыў. Не думаю, што ў мяне гэта добра атрымлівалася, аднак бацькі не сварыліся: вакол панаваў прыўзняты настрой.

Калі мы, прыбраныя, садзіліся за святочны стол, не цярпелася хутчэй скончыць з ядой і выцягнуць з-пад абруса саломінку. Першым апускаў пад абрус руку дзед: калі доўгая — хлеб уродзіцца добра, калі кароткая — будзе неўраджай. Тады я пра гэта не ведала. Мяне больш радавала, калі мая саломінка аказвалася даўжэйшай за дзедаву.

Раніцай тое сена тата нёс у хлеў — аддаваў жывёле. Лічылася, што за ноч яно набывала магічную сілу: спрыяла здароўю і прыплоду жыўнасці.

Вясковая моладзь у гэтую марозную рыпучую ноч «вывальвалася» на вуліцу варажыць, а яшчэ ладзіла розныя жарты: падпірала дзверы ў хатах вяскоўцаў, каб тыя не маглі выйсці на вуліцу, ці зацягвала брамку ажно на страху ці высокае дрэва. Ведаючы гэтыя гульні, гаспадары часта з вечара здымалі свае брамкі і хавалі ў хляве.

На каталіцкае Раство мы часта ездзілі да цёткі ці бабулі ў Шчучынскі раён, дзе збіралася наша вялікая радня. І хаця ў цэлым традыцыі святкавання Каляд у праваслаўных і католікаў у многім супадаюць, аднак найвялікшым чараўніцтвам быў для мяне тады аплатак. Тая белая танюткая пласцінка з выявай Хрыста, якую бабуля даставала з канверта, мне здавалася сапраўдным пісьмом ад Бога. Ламаючы яго, мы выказвалі адзін аднаму пажаданні і дзяліліся сімвалам узаемнай любові і пашаны, прасілі ў родных прабачэння за крыўды і дрэнныя ўчынкі.

У гэтым годзе я “ламалася аплаткам” з добрымі знаёмымі, якія запрасілі мяне раздзяліць з імі светлую радасць свята. Свята, якое ў гэтыя зімовыя дні нараджаецца ў кожным сэрцы. І не важна дзелімся мы з добрымі людзьмі прасвіркай ці аплаткам. Галоўнае, каб ахвяруючы сваім блізкім гэты сакральны кавалачак хлеба, мы маглі і з іншымі дзяліцца цеплынёй, сваімі здольнасцямі і верай у лепшае. Гэты хлеб, народжаны з вялікай колькасці зярняткаў, павінен стаць для нас сімвалам адзінства і дабра, які аб’яднае нас разам, дзеля таго, каб мы сталі адной вялікай сям’ёй.

Аліна САНЮК.

Другие блоги автора : 

Моцная слабая жанчына

Путь в никуда

Давайце верыць у цуд

Мая, адзіная, непаўторная…

Даў слова — трымай

Будьте счастливы

Больная тема

Милосердие по требованию



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *