Давайце верыць у цуд

Точка зрения

Новы год ужо заўтра, а снежань зусім забыўся, што ён — не кастрычнік. На тэрмометры плюс шэсць. У лужынах адбіваецца шэрае неба. Збіраецца на дождж. «Можа, каб снег ляжаў, настрою святочнага дадалося б,» — адзначыла ў размове мая знаёмая і з сумам уздыхнула.

8d900f9871bf9f2a18c835716005ba44

Трэба загадаць у навагоднюю ноч, каб зіма прыйшла. Гэта ж самы лепшы час для спаўнення жаданняў. Каб такая, як у дзяцінстве: з сумётамі вышэй плоту, са скрыпучым, як крухмал, снегам, з вузкай сцяжынкай у полі, па якой трэба ісці ланцужком, патрапляючы ў яшчэ не зусім замецены след.

Чаму ў дзяцінстве зіма была іншай, я не магу сёння знайсці адказу, гэтак жа і чаму настрой у людзей перад святам быў весялейшым?

Раней нашы бацькі перад Калядамі і Новым годам таксама «азіраліся назад», падводзілі вынікі, успаміналі добрае і прыемнае. Безумоўна, дзеці свята ўспрымалі па-іншаму. Тады ўсё здавалася значным, вялікім і чароўным: прыгажуня-ялінка са шклянымі і вельмі крохкімі цацкамі, Дзед Мароз са Снягуркай, падарункі, якія яны даставалі з вялікай чырвонай торбы. Яна і на самай справе была вялікай, бо ў ёй памяшчалася ўсё, што дзеці прасілі: і падарункі, і цукеркі з мандарынамі. А зараз на адным з дзіцячых ранішнікаў глянула на дзедаў мех са штучнага футра і адразу ж усумнілася ў тым, што там хоць якая цукерчына ляжыць: прынёс ён гэты «атрыбут» і кінуў у куточку. Не ведаю нават, ці ўспомніў пра яго пасля мерапрыемства.

Наўрад ці вераць сёння дзеці ў Дзеда Мароза! Хіба што ў дзіцячым садку, і то не ўсе. Малечы добра ведаюць, што ролю гэтага казачнага героя выконваюць бацька ці маці, калі пашанцуе — і дзед з бабай. Яму і заказы падаюцца ў форме электроннага паведамлення, на якое адразу ж прыходзіць адказ, што просьба дастаўлена адрасату: паспрабуй абмані. Гэта раней мы старанным почыркам (ажно аловак ў руцэ пацеў) выводзілі ў пісьме нашы пажаданні: пісталет ці мяккага зайчыка, а зараз дзеці «патрабуюць» наварочаны смартфон ці планшэт, пародзістага шчанюка ці лабутэны.

Я часта ўспамінаю выпадак, як падчас працы ў школе мая вучаніца Аленка Мілашэвіч у сёмым класе была здзіўлена і засмучана, што аднакласнікі смяюцца з яе і не вераць, што Дзед Мароз існуе насамрэч. Шчыра прызнацца, хаця я не падала тады выгляду, але і сама здзівілася, як у такім узросце можна прадаўжаць верыць у казку. Не ведаю, ці верыць прыгажуня Алена ў казачнага героя сёння, размяняўшы чацвёрты дзясятак, але шчыра хочацца, каб гэта яе дзіцячая непасрэднасць захавалася, каб кожны з нас, як тое наіўнае дзіця, нягледзячы на ўзрост, статус і дастатак, прадаўжаў верыць у цуд і ўсёй душой яго чакаў.

Мне здаецца, што снежань — самы імклівы месяц у годзе, асабліва яго апошнія дні. На кожным кроку мы чуем, як цікае гадзіннік, стрэлкі рухаюцца. Мільёны людзей становяцца заложнікамі часу. Пазіраюць на свае смартфоны, нярвуюцца, чакаюць. Прыспешваюць касіраў у магазінах, маці і жонак на кухні, якія цэлы дзень стаяць ля пліты: нешта смажаць, запякаюць, «наразаюць» салаты — усё роўна як заўтра наступіць канец свету і трэба перад гэтым добра пад’есці і выпіць уволю. У гэтыя перадсвяточныя хвіліны ўсіх ахоплівае аднолькавае пачуццё. Усе становяцца падобнымі. Рух паскараецца і паскараецца. З вуліц, вакзалаў, крамаў усе спяшаюцца дадому… Здаецца, што свету пагражае катастрофа. Лічбы змяняюцца, стрэлкі бягуць, а ад цябе патрабуецца прыняць адзінае правільнае рашэнне. Часу на развагі зусім не застаецца!..

Вуліцы апусцелі. Машыны спынілі свой бег. Толькі рознакаляровыя агеньчыкі мігцяць і бягуць безупынку па венах-гірляндах. Да кульмінацыі застаецца адзін крок. Трэба паспець загадаць жаданне, падумаць «о самом сокровенном», самым галоўным, аднак забываешся, гледзячы, як пена саслізгвае з фужэра з шампанскім, як змыкаюцца стрэлкі гадзінніка…

Ты набіраеш поўныя грудзі паветра, а затым чуеш за акном, як узрываюцца салюты, як людзі вывальваюць з пад’ездаў і хат на вуліцу. Ты віншуеш сваіх родных і адчыняеш фортку ці дзверы: «Заходзь, Новы год! Мы цябе чакалі! Нясі людзям дабро, шчасце і дабрабыт!»

Жыццё прадаўжаецца. Зямля не сышла са сваёй арбіты, не правалілася ў бездань. Час пачынае запавольвацца. Да наступных свят яшчэ цэлы год! Мы будзем старацца пражыць яго дастойна, радаваць сваіх родных і блізкіх, дарыць цеплыню зносін і дапамагаць тым, хто адчувае сябе адзінока, каму балюча і сумна. Мы будзем несці ў душы дабрыню. І не перастанем верыць у цуд. Мы ж зусім не змяніліся, не сталі іншымі. У віры праблем хіба што крыху закруціліся. Мы абавязкова спынім бег і азірнёмся навокал…

З Новым годам вас!

Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *