У кожнага свой маршрут

Точка зрения

На мінулым тыдні ў Ашмянах прайшлі чарговыя Гальшанскія чытанні, дзясятыя па ліку. Паведамленні навукоўцаў, мясцовых юных даследчыкаў і іх настаўнікаў дапоўнілі цікавымі звесткамі і фактамі пра багатую спадчыну Ашмянскага краю. У новым, раней невядомым ракурсе, гучалі імёны славутых асоб нашай зямлі, узгадваліся падзеі мінуўшчыны. Для каго праводзіцца ўся гэта работа? Каму могуць спатрэбіцца матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі? Каму заўгодна – настаўнікам, кіраўнікам школьных музеяў, вучням і студэнтам, краязнаўцам і ўсім тым, хто цікавіцца рэгіянальнай гісторыяй. Сярод іх будуць і турысты. У сучасных умовах, не зусім спрыяльных для знешніх падарожжаў, у Беларусі акцэнт робіцца на турызм унутраны.

Падчас “чытанняў” вучні Гальшанскай школы прапанавалі экскурсію па сваім слаўным мястэчку. Скарыстаўшы задумку дзяцей, захацелася прайсціся сцежкамі Ашмянскага раёна і паглядзець на край, авеяны легендамі пра Гальшанскі замак, вачамі звычайнага турыста.

Калі мы накіроўваемся ў падарожжа, загадзя чытаем інфармацыю ў інтэрнэце ці іншых крыніцах, звяртаем увагу на раскручаныя турыстычныя аб’екты і адпраўляемся ў дарогу.
У кожнага з нас гэтыя славутасці будуць свае, гэтак жа, як і ўражанні, якія яны пасля сябе пакінуць. Пражыўшы на Ашмяншчыне больш за трыццаць год, для сябе вызначыла некалькі населеных пунктаў, якія варта абавязкова наведаць. Найперш гэта Жупраны, з якімі звязана імя Францішка Багушэвіча. На мясцовых могілках трэба паставіць лампадку на яго магілу і ўзгадаць “Дудку беларускую”, а пасля зайсці ў неагатычны касцёл з чырвонай цэглы, у якім адпявалі славутага паэта-дэмакрата. Каб паглыбіць звесткі пра Багушэвіча, вы можаце накіравацца ў сядзібу паэта ў Кушлянах (гэта ўжо Смаргонскі раён) ці адправіцца ў Ашмяны — у краязнаўчы музей, які носіць імя сялянскага адваката. Тут вам прапануюць аглядную альбо тэматычную экскурсіі і раскажуць пра цэлы шэраг слынных мясцін Ашмяншчыны, а калі папросіце, то і адчыняць будынак сінагогі, які вас абавязкова ўразіць. Ашмяны звязаны з імем вядомага ў свой час купца Лейбы Стругача — заснавальніка вінакурна-дражджавога завода ў Ашмянах. Завод гэты дзейнічае і зараз. У вёсцы Будзёнаўка (Святы Дух) знаходзіцца яго сядзіба, а на яўрэйскіх могілках – магіла з дыхтоўным помнікам. Шмат інфармацыі пра гэту асобу можна ўзяць з блогу мясцовага краязнаўца Паўла Кураловіча. Цікавыя звесткі пра Стругача былі агучаны падчас сёлетніх “Гальшанскіх чытанняў”. Дарэчы, у гэтым годзе яўрэйскаму прамыслоўцу спаўняецца 180 год.

Калі працягнуць аповед пра выбітныя асобы нашай зямлі, то трэба ўзгадаць імя асветніка і навукоўца Енджэя Снядэцкага. У Гародніках Кальчунскага сельсавета стаіць капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі — пахавальня роду Снядэцкіх. Сам навуковец пахаваны на могілках побач. У вёсцы Болтуп знаходзяцца рэшткі яго сядзібы, а ў Кальчунскай школе — музей.

Наведаўшы Ашмянскі раён, трэба абавязкова зазірнуць у Баруны. У касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла шануецца абраз Маці Божай Барунскай (суцяшальніцы засмучаных). Побач знаходзіцца кляштар базыльян. У 1700 годзе пры ім была адчынена школа (адна з самых старэйшых у Беларусі). Тут вучыліся такія вядомыя асобы, як Ігнат і Леанард Ходзькі, Антоній Адынец, Юльян Корсак. Баруны звязаны з падзеямі Першай сусветнай вайны. За вёскай размяшчаюцца могілкі, а пры дарозе на Гальшаны ўстаноўлены помнік у памяць аб подзвігу экіпажа самалёта “Ілья Мурамец”.

З Барун ваш шлях “пабяжыць” у таямнічыя Гальшаны. Акрамя Гальшанскага замка — найбольш раскручанага брэнда ў нашым раёне — наведайце гальшанскае гарадзішча і прайдзіцеся пешшу па вуліцах старажытнага мястэчка: яўрэйскі квартал, касцёл, царква з часцінкамі мошчаў святой дзевы Іўліяніі Гальшанскай, вадзяны млын, помнік-знак у гонар Соф’і Гальшанскай, легенды і паданні пра мястэчка абавязкова “лягуць вам на душу”. Ледзьве не забылася – зазірніце ў школу, да Яніны Іванаўны Корзун, якая правядзе для вас змястоўную экскурсію па народным гісторыка-краязнаўчым музеі.

За дзень нельга аб’ехаць з экскурсіяй увесь раён: хіба што па вярхах. Але Ашмяншчыну пажадана “смакаваць” нетаропка. Тады вы ўзгадаеце, што яшчэ не з’ездзілі да містычнага валуна “Нявесцін камень”, які можа споўніць вашы патаемныя жаданні.

Вам жа не расказалі пра Зыгмунта Мінейку — ганаровага грамадзяніна Грэцыі! А яшчэ… хопіць расказваваць! Лепш прыязджайце. Будзем вам вельмі рады на гасціннай ашмянскай зямлі.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *