Нацянькі

Алина Санюк

Вясковаму чалавеку добра вядома значэнне слова “нацянькі”. Наўпрост альбо кароткім шляхам хадзіў і ходзіць кожны з нас, і не раз. Дзеля чаго? Каб сэканоміць час, напрыклад. Але гэты аргумент мае рацыю толькі тады, калі ў абход трэба ісці ладны адрэзак шляху. Але калі мы ўсяго толькі зразаем вугал і пры гэтым топчам газон, то неяк непрыгожа атрымліваецца, бо дэманструе найперш нашу нявыхаванасць і непавагу да чужой працы і да людзей.

Каб той жа газон радаваў вока, прыходзіцца прыкладваць шмат намаганняў. Гэта пацвердзіць кожны, хто хоць раз той газон рабіў уласнымі рукамі. Але чамусьці мы часта пра гэта забываемся: як ішлі нацянькі, так і ходзім.

На маім шляху з працы дадому ёсць невялічкі ўчастак на перасячэнні вуліц Чырвонаармейскай і Міцкевіча, дзе мінакі вытапталі на газоне сцяжынку. Чаго там утойваць, тым “кароткім” шляхам карысталася не раз і сама. Усе ходзяць – і я пайду!

І вось неяк на тым месцы ўзнікла перашкода. Камунальшчыкі тую сцежку ўскапалі, засеялі газоннай травой і “абвязалі” чырвонай стужкай – каб не хадзілі. Але штораніцы ідучы на працу, заўважаю перарваны матузок. Няйнакш, хтосьці вырашыў па-свойму і не можа змірыцца з устаноўленымі новымі правіламі. Учора ішоў дождж, зямля на сцежцы размякла і ператварылася ў непралазнае балота. Але людзей і гэта не спыніла. Каб не ісці ў абход ажно тры метры (!), яны палезлі ў гразь.

Днём работнікі жыллёва-камунальнай службы ізноў нацягнулі ў тым месцы стужку. Такую карціну назіраю на працягу цэлага тыдня. Анекдатычны выпадак атрымліваецца. Здаецца, што пераможа ў гэтай сітуацыі той, у каго мацнейшыя нервы.

Кажуць, што ў Еўропе, калі неабходна пракласці пешаходную дарожку, спачатку даюць магчымасць людзям выбраць: там, дзе яны пойдуць, і робіцца пераход. Ой, нешта я сумняваюся ў тым, што нам гэта дапамагло б! Адшукаць апраўданне сваёй нявыхаванасці мы можам тут жа – нават у Еўропу хадзіць не трэба, а вось прайсці лішні метр ці прыбраць за сабой смецце – для нас вялікая абраза!

А можа ўсім нам з’ездзіць на экскурсію ў Сінгапур?! Дзе чыста не таму, што шмат прыбіральшчыкаў, як у нас, а таму, што там не смецяць, дзе за парушэнне правіл паводзін у грамадскім месцы можна атрымаць штраф у некалькі тысяч долараў і дзе выхаванню культуры паводзін адводзіцца найвялікшая роля – гэтыя нормы прывіваюцца дзецям з малаком маці. Вы скажаце, што крымінальная адказнасць у вышэйзгаданай краіне за паўторна кінуты акурак, ужыванне ежы на вуліцы ці жаванне гумкі – гэта ўжо перабор! Можа яно і так, але ж што рабіць, калі не даходзіць!

Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *