Родная ад слова «род»

Алина Санюк

Люты – яшчэ адна зачэпка, каб узгадаць, што мы – беларусы і мова наша – беларуская. Так, менавіта беларуская, нягледзячы на тое, што разам з ёй дзяржаўнай у нашай краіне з’яўляецца і мова руская.

У свеце мы не адзіная краіна, дзе ўзаконена некалькі дзяржаўных моў. У якасці прыкладу можна прывесці Швейцарыю, Ірландыю, Канаду, Фінляндыю, на постсавецкай прасторы – Кіргізію…

А калі разглядваць моўную з’яву больш шырока, то на ўзроўні законаў розных краін статус моў можна вызначаць яшчэ такімі тэрмінамі, як афіцыйны і нацыянальны. Тут колькасць моў адной асобна ўзятай краіны можа даходзіць ажно да 17, як напрыклад у Індыі. Аднак жа роднай, на маю думку, можа быць толькі адна. Бо яна ад слова “род” і перадаецца нам у спадчыну ад нашых продкаў.

Мая мова – беларуская. На ёй размаўлялі мае дзяды і прадзеды, а затым мае бацькі. Маёй першай кнігай, якая запомнілася мне з дзяцінства, стала прыгожае маляўнічае выданне народных калыханак, лічылак і пацешак на роднай мове “Ладачкі-ладкі”, якую купіла мне мама ў кніжнай краме ў Жалудку. Вершыкі з той кнігі, што апрацаваў Васіль Вітка, я ведала на памяць. Дзіўна, але я не забылася іх і праз гады.

Другой важнай для мяне кнігай на роднай мове стаў “Буквар” Анатоля Клышкі. Менавіта тое легендарнае выданне з дзяўчынкай на вокладцы, якая сядзіць у акне з разгорнутай кніжкай і водзіць пальцам па старонцы са словамі “мама” і “мір”, было ў 1975 годзе прызнана лепшай кнігай у свеце: Анатоль Клышка заваяваў Гран-пры на міжнароднай кніжнай выставе ў Лейпцыгу.

За “Букваром” у маё жыццё прыйшло “Роднае слова”, а з ім і першы верш – “Ручэй” Якуба Коласа, які нам задалі вывучыць на памяць. Як зараз памятаю – ён быў на цэлую старонку і здаваўся вялізарным і непасільным! Я вучыла яго ўвесь вечар – і такі адолела, атрымаўшы на наступны дзень пяцёрку.

Пасля маімі любімымі аўтарамі сталі Янка Купала, Максім Багдановіч, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў. За гэту маю любоў нізка кланяюся школьным настаўнікам Аляксею Георгіевічу Каральчуку і Уладзіславе Іванаўне Санюк, а пазней – ужо ва ўніверсітэце – Алене Вітальеўне Руцкай, якая дапамагла адшукаць прафесійную сцяжыну не аднаму пакаленню студэнтаў.

Менавіта падчас вучобы ў Гродзенскім універсітэце я даведалася, што беларуская мова (паводле даследаванняў ЮНЕСКА) – самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх.

Хтосьці сумняваецца ў мілагучнасці беларускай мовы? А вы прачытайце верш Рыгора Барадуліна “Матылёк”. Ваганні ўмомант адпадуць, да таго ж атрымаеце неймаверную асалоду:

Лілею млявы плёс люляе,

З-пад злежаных аблок здалёк

Ляціць, віхлясты і бялявы,

Пялёстак лёгкі – матылёк…

Магчыма, для кагосьці будзе адкрыццём, аднак беларуская мова – адна з самых багатых у свеце. І калі ў літаратурнай мове налічваецца дзесьці 250 – 500 тысяч слоў, то ў дыялектнай – каля двух мільёнаў!

У свеце больш за 7 000 моў, але, на мой погляд, менавіта беларуская – самая мілагучная, прыгожая і сакавітая. Напэўна таму, што яна родная. І яна заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй размаўлялі.

Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *