Журналісцкі штотыднёвік

Точка зрения

 

Панядзелак.Страта

Тэлефонная кніга мабільніка перапоўнена. І ўсе нумары стратэгічна важныя. Вось толькі паспрабуй выдаліць які-небудзь – і ён тут жа спатрэбіцца. Хаця часам лаўлю сябе на думцы: хто яны, гэтыя людзі, з невядомымі прозвішчамі і імёнамі? Нешта ж мяне прымусіла ўнесці іх у спіс неабходных абанентаў?! Але мяне хоць рэж, не ўспомню, дзе, калі і пры якіх абставінах гэта было.

Спрабую ўсё-такі саўладаць з сабой і пачысціць тэлефонныя сховы. І гэта, і тое можна прыбраць. Пальцы з лёгкасцю адпраўляюць людзей у недасягальнасць. І тут вочы натыкаюцца на прозвішча чалавека, якога больш года няма, але рука не падымаецца націснуць на кнопку. Як быццам бы заўтра буду ісці з працы і спаткаю яго на нашай старой вулачцы. А ён, як заўсёды, раскажа вясёлую гісторыю, а пасля возьме і запытаецца, навошта я так з ім.

Сэрцу цяжка змірыцца са стратай.

Аўторак. Жыццё

Маёй знаёмай, ва ўсіх адносінах прыемнай і спагадлівай жанчыне, на дзень народзінаў дзеці падарылі веласіпед. Усё было б добра, але імянінніцы сёлета споўніўся 81 год. І веласіпед у яе, канешне, ёсць. Як толькі пацяплее, ён часта пускаецца ў ход. Аднак з гадамі на ровары разбалтаўся нейкі механізм. Вось жанчына і паклікала сына на дапамогу. А мужчына ўзяў і прывёз новы.

— Дзеці, на наступны год падарыце мне канькі. А яшчэ праз год, калі дажыву, то можна і парашут, — пажартавала жанчына.

А чаму б і не – жыццё ж працягваецца.

Серада. Пяшчота

Каторы дзень назіраю праз акно за мужчынам з маленькім шчанюком. Гаспадар, ужо даўно пабелены сівізной, выгульвае прыгожага калматага сабачку на спецыяльна адведзенай пад гэтыя патрэбы пляцоўцы. Маленькая істота, што юла, круціцца наўкруг і радуецца жыццю. А мужчына ўвесь час нешта сабаку расказвае, нешта пытаецца і сам жа адказвае на свае пытанні. А сабачка, яе завадны, яго не ўтаймаваць. Здаецца, ні на хвіліну не супыняецца. І толькі калі гаспадар садзіцца на кукішкі, шчанюк з разбегу заскоквае яму на рукі і – замірае. Мужчына абедзвюма рукамі пяшчотна абдымае свайго гадаванца і, не зводзячы з яго вачэй, як самую дарагую ў сваім жыцці рэч, нясе дадому. А я назіраю, пакуль яны не знікнуць за рогам суседняга дома.

На праявы дабрыні і пяшчоты можна глядзець бясконца.

Чацвер. Падарунак

Дзень народзінаў – дзень падарункаў. Пасля працоўнага дня забегла ў краму. Хуценька накідала ў кошык таго-сяго і да касы.

— У вас сёння дзень нараджэння, — з ветлівай усмешкай прашчабятала прадавачка, правёўшы маёй дысконтнай карткай па спецыяльным прыстасаванні. – Віншуем! З нагоды свята вам сёння зніжка.

Ну, што тут казаць — добрыя словы і котцы прыемныя. Узрадавалася.

Прыйшоўшы дадому, разабрала торбу і заглянула ў касавы чэк. А там два пачкі аўсяных шматкоў улічаны замест аднаго, купленага мной.

Вось табе і зніжка.

Нішто ў жыцці не даецца задарма, нават усмешка прадавачкі.

Пятніца. Дзяўчына

Які цудоўны дзень сёння, думалася ў чаканні маршруткі на Гродна. З сяброўкай сустрэлася. У басейн з ёй схадзіла. Затым у краме нагледзела дэфіцытны картрыдж для вады, які не магла знайсці некалькі месяцаў. А тут, у Астраўцы, гляджу, ляжыць.

Сонейка веснавое настрой уздымае, лашчыць твар сваімі промнямі. Не паверыце, нават на працу з адпачынку хутчэй захацелася, каб ізноў сустрэцца са сваімі чытачамі, нешта для іх і пра іх напісаць.

А тут і мікрааўтобус падкаціў. Усе паселі згодна з набытымі квіткамі і — як адзін — скіравалі ўвагу на дзяўчыну, што ўплыла ў салон.

Прыгожая, зграбная, з вытачанай фігуркай, распушчанымі доўгімі валасамі, яркім манікюрам і тэлефонам ля вуха.

Спачатку пасажыры разглядвалі дзяўчыну, а пасля слухалі, хаця і не хацелі, яе размову. Дакладней – вострыя, як стрэл, каментары. Прабачце, кшталту: “Во б…!”, “Ну яна п…!”

Ісці на працу ўжо не хацелася.

Нешта пісаць – тым больш. Для каго?

Аліна САНЮК.

Все блоги автора : 

Милосердие по требованию

Моцная слабая жанчына

Путь в никуда

Давайце верыць у цуд

Мая, адзіная, непаўторная…

Даў слова — трымай

Будьте счастливы

Больная тема



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *