Моцная слабая жанчына

Ёй усё жыццё хацелася стаць слабой. Дзяўчынай яна марыла, што час гэты настане, як яна скончыць школу і паступіць вучыцца ў інстытут. Аднак тады трэба было дзяліць вучобу з работай: студэнцкай стыпендыі не хапала на пакой, што прыходзілася здымаць з сяброўкай на працягу пяці год. Апроч таго хацелася купіць адзенне, не горшае чым у аднакурсніц. І яна старалася: недасыпала, недаядала… Калі сустрэла Яго, падумалася, што можна нарэшце дазволіць сабе расслабіцца. Ды дзе там! Усе трэба было прабіваць самой. Спачатку пакой у інтэрнаце, пасля аднапакаёўку для маладой сям’і. Калі нарадзіліся дзеці, новыя клопаты зваліліся. А тут яшчэ бацька захварэў. Трэба было штодня матацца ў другі канец горада, дапамагаць маці даглядаць паралізаванага бацьку. У дадатак да ўсяго хацелася падабацца мужчынам — яна ж яшчэ зусім маладая.

Вось ужо і дзеці выраслі, пайшлі вучыцца. З гадамі яна адмовілася ад сваіх мараў. Час унёс пэўныя карэктывы ў яе жыццёвыя прынцыпы. Яна стала ўпэўніваць сябе ў тым, што так яно і трэба. Трэба быць моцнай, каб захаваць сваё права быць сабой, каб не падпарадкоўвацца пад масавыя стэрыатыпы, каб умець спраўляцца з жыццёвымі цяжкасцямі…

Колькі жанчын падпішуцца пад гэтай гісторыяй, прыгадаўшы свой падобны лёс? Наўрад ці мала. Яны жывуць сярод нас, гэтыя моцныя, прыгожыя, разумныя, таленавітыя жанчыны, якія ўмеюць зрушыць з месца горы, падняць на ногі абяссіленых, дараваць здраду і не страціць пры гэтым веру ў людзей.

Жанчына не можа быць слабой, бо ёй Богам наканавана нараджаць і даглядаць дзяцей. Нягледзячы на крызісы, зарплату, мужчын, якія кінулі яе ў самы складаны момант.

Ёй патрэбна сіла, каб любіць. Патрэбна сіла пяшчоты, жарсці, цярпення, мудрасці. І каб яе хапала на ўсіх: дзяцей, мужчын, сяброў, бацькоў і нават на непрыяцеляў.

Жанчыне патрэбна моц і на тое, каб трымаць у парадку дом, ствараць і захоўваць сямейны ачаг. Развешваць фіранкі, стаяць ля пліты, вырошчваць пакаёвыя кветкі, засцілаць дыванкі, каб было ўтульна і прыгожа.

Нават каб насіць вячэрнія сукенкі, туфлі на высокіх абцасах, прыгожыя ўсмешкі і шыкоўныя прычоскі, таксама патрэбны сіла і вытрымка.

Каб верыць. У заўтрашні дзень, у сябе, у дзяцей, у мужчын. Нават пасля таго, як ад адносін застаецца толькі папялішча, дзе ўсё згарэла ад болю і крыўды… Каб феніксам адраджацца наноў і ісці наперад. Жанчынам патрэбна сіла веры, каб натхняць тых, хто ўпаў духам.

Жанчыне патрэбна сіла, каб шкадаваць. Гэта няпраўда, што шкадаванне прыніжае. Пашкадаваць, паспачуваць, дакрануцца сэрцам да чужога болю і стаць на хвіліну бліжэй.

Жанчыне неабходна сіла, каб пусціць слязу над чарговай меладрамай і каб падабраць на вуліцы блыхастае кацяня, лячыць і вазіць яго па ветэрынарах. Каб цытаваць на памяць Цвятаеву і Пастарнака, разумець, што “Вайна і мір” і “Пётр I” –гэта два зусім розныя Талстыя. Каб адправіцца за тысячы кіламетраў у Сантарыні і любавацца самым неверагодным у свеце заходам сонца. Каб катацца на лыжах, захапляцца дайвінгам, прыгаць з парашутам, вышываць крыжыкам… Каб некалькі разоў на тыдзень хадзіць на заняткі танцамі і ёгай, а паралельна яшчэ асвоіць ваджэнне аўтамабіля і здаць на правы…

А пасля таго, як пароблены ўсе справы, дагледжаны дзеці і муж, зроблена справаздача, усцешана сяброўка, напісаны верш, адчуць нарэшце сябе слабой.

Аліна САНЮК.

Все блоги автора : 

Путь в никуда

Давайце верыць у цуд

Мая, адзіная, непаўторная…

Даў слова — трымай

Будьте счастливы

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля