Даў слова — трымай

Точка зрения

Падчас работы ў рэдакцыі шмат прыходзіцца сутыкацца з людскімі праблемамі і прымаць удзел у іх вырашэнні: тэлефанаваць, пісаць, упэўніваць, напамінаць… Не раз прысутнічала на прыёмах па асабістых пытаннях, з якімі прыходзілі ашмянцы да чыноўнікаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Шчыра прызнацца, не заўсёды была на баку людзей, што неслі груз сваіх турбот і клопатаў “высокаму начальству”. Часам прыходзілі яны не так з надзеяй на дапамогу, як запалохаць і паставіць на месца тых, хто над імі. Парой скаржнікі і не зважаюць на больш нізкія інстанцыі, а адразу накіроўваюцца са сваімі пытаннямі да міністраў, у нас жа сёння без перашкод можна трапіць на прыём і да іх. Пры гэтым людзі застаюцца цвёрда ўпэўненымі, што ў міністра больш сур’ёзных спраў і быць не можа – чым яму яшчэ заняцца, як не спілоўваннем, напрыклад, трухлявага дрэва ў двары прыйшоўшага на прыём чалавека! Хаця ёсць тут і адваротны бок медаля: магчыма, нават гэта мізэрнае пытанне не захацелі вырашыць чыноўнікі на месцы. Не прымае мая душа і зваротаў, калі гадамі варагуюць паміж сабой суседзі альбо сваякі, выбудоўваючы таўшчэзныя сцены непаразумення з уласных амбіцый і непрадказальнай логікі.

Асобная катэгорыя — прафесійныя скаржнікі. Такога чалавека хлебам не кармі: ён абавязкова знойдзе да чаго дачапіцца. Як правіла, ён вельмі любіць пісаць альбо хадзіць па розных інстанцыях і шукаць праўду. А яна, яго праўда, часам і выедзенага яйка не варта, аднак сам скаржнік так не лічыць і прадаўжае абіваць парогі кабінетаў, адрываць ад работы спецыялістаў розных інстанцый і кіраўнікоў розных рангаў. Гэты чалавек, нават  калі і даб’ецца станоўчага вырашэння сваёй “праблемы”, усё роўна застанецца незадаволеным. А таму як мага хутчэй стараецца знайсці сабе новы занятак ці новую ахвяру.

Куды менш прыходзіць на прыём людзей, якія спрабуюць вырашыць не сваю ўласную праблему, а агульную, якая дапаможа палепшыць жыццё вуліцы, мікрараёна, цэлай вёскі.

IMG_2009

Менавіта з такой праблемай яшчэ на пачатку года прыйшоў на прыём, арганізаваны ў Жупранскім сельвыканкаме, жыхар аграгарадка Міхаіл Уладзіміравіч Марцішонак. Прыйшоў ён з пытаннем, якое для старонняга чалавека і пытаннем не падасца, а яно, як аказалася, вісела ў паветры ні год і нават ні два і было край як важна. Справа ў тым, што ў населеным пункце аўтобусны прыпынак знаходзіцца на пачатку вёскі (калі ехаць з боку Ашмян). А калі накіроўвацца са Смаргоні, то прыходзіцца праехаць амаль праз усю вёску, перш чым спыніцца аўтобус. А затым ісці дзесьці кіламетр у цэнтр. Нязручна пажылым людзям, небяспечна дзецям, якія едуць з Нарбут ці Зарэчча ў школу. Вадзіцель, зразумела, злуецца, хаця і спыняецца ля помніка перад скрыжаваннем вуліц, аднак рабіць ён гэта не абавязаны. Дзеці з-за аўтобуса перабягаюць дарогу. А тут і да бяды недалёка. Хто будзе несці тады адказнасць?

З просьбай зрабіць аўтобусны прыпынак на гэтым рагу населенага пункта ў розныя інстанцыі звярталася кіраўніцтва сельвыканкама. Не раз яго паднімала адміністрацыя Жупранскай школы, аднак  людзей ніхто не пачуў.  Складана зразумець чалавека, калі сам ты на тым аўтобусе ні разу не ездзіў і не адпраўляў на ім дзяцей! Розныя абгрунтаванні знаходзіліся на тую праблему: і немагчыма, і немэтазгодна – адным словам, нельга! Некалькі месяцаў вёў перапіску з рознымі інстанцыямі  Міхаіл Уладзіміравіч. І зрушыў-такі гару з месца.  Ажно восем пісем і актаў прынёс мужчына ў рэдакцыю. У другім, паўторным,  акце было напісана: “Учитывая вышеизложенное и требования ТКТТ 45-3.03-22772010 «Улицы населённых пунктов. Строительные нормы проектирования», имеется возможность устроить автобусные остановки на республиканской автодороге Р-63 км 191,80 (слева) и 191,85 (справа). РУП «Гродноавтодор» рассмотреть возможность включения в Программу работ на 2018 год устройство вышеуказанных автобусных остановок с обустройством пешеходных связей в виде укрепленных обочин к улице Молодежной».

Хочацца спадзявацца, што сем кіраўнікоў, якія падпісалі гэты дакумент, стрымаюць слова,  дадзенае жыхарам аграгарадка і самому Міхаілу Марцішонку, які столькі часу патраціў на тое, каб на яго зварот усё-такі звярнулі ўвагу.

Зараз для высадкі і пасадкі пасажыраў на вуліцы Савецкай (каля помніка) у аграгарадку Жупраны вадзіцелі філіяла «Аўтамабільны парк № 13» ААТ «Гроднааблаўтатранс» робяць прыпынкі па просьбе людзей у пакуль неабсталяваным месцы.

Аліна САНЮК.

 



2 комментария по теме “Даў слова — трымай

  1. Надеемся, что долгожданная автобусная остановка появится. Обещанного не три года ждем, а более десяти…

  2. Вот кто бы еще дорогой около Сырзавода занялся

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *