Адчуваючы прыкметы прастуды, яшчэ тыдзень хадзіла на працу. Каб засцерагчы сваіх калег і тых, з кім прыходзіцца мець стасункі па працоўных справах, ад магчымай хваробы, адразу ж надзела маску. Нават у кабінеце, у якім зараз сяджу адна, маску не здымала, бо пастаянна заходзяць калегі.
Наведваючы краму, нацягнула гумовыя пальчаткі: нязручна, але што рабіць! Так патрабуе сітуацыя, якую падрыхтаваў нам Covid-19. Стоячы ля касы, старалася вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю, але ўвесь час за спінай нехта дыхаў у самае вуха. А затым, не вытрымаўшы, папрасіў даступіцца да прылаўка, каб хутчэй выставіць на рухомую стужку свой тавар.
— Вы пэўна на каранавірус не хварэлі? – спакойна, без раздражнення, звярнулася я, як аказалася, да знаёмай мне жанчыны, якая ўпарта налягала на мяне ў жаданні хутчэй пазбавіць карзіну ад пакупак.
— Не, не хварэла! — адрэзала яна і, адштурхнуўшы мяне ад касы, пачала выкладваць прадукты.
Спрачацца з ёй я не стала, нават адышла ўбок: не было сіл і сэнсу даказваць чалавеку, што менавіта я магу яе заразіць страшным вірусам, а не наадварот. Захацелася яе прапусціць наперад. Можа, ёй хутчэй трэба! Але кінуўшы позірк на кабету, прыйшла да высновы, што мой жэст павагі яна, хутчэй за ўсё, расцэніць як абразу.
На жаль, многія з нас так і не могуць, ці не хочуць, зразумець, як гэта ў сітуацыі з каранавірусам дбаць пра іншых (дый не толькі з ім). Сёння выраз “Ратуйся, хто можа” па-ранейшаму застаецца актуальным.
— Сябе трэба засцерагаць. Няхай кожны сам думае пра сваю бяспеку, тады і каранавірус адступіць, — неяк заўважыла ў размове мая прыяцелька.
Але ці адступіць? Ці міне нас, калі мы не разумеем, для чаго ён нам дадзены? COVID абрынуўся на нас не проста так, а каб данесці нам інфармацыю: “Прычына ў нас”. Нешта мы робім не так. І калі гэта адбываецца ў нашым свеце, то толькі таму, што мы так жадаем. Усё адбываецца толькі па нашым жаданні. Калі не хітрыць, не ілгаць самому сабе, то акажацца, што нават каранцін, вымушаная самаізаляцыя – гэта добра для нас, бо ў глыбіні душы мы самі гэтага захацелі.
Гэты час, які нам дадзены праз пандэмію, мы павінны выкарастаць на роздум: “Чаму мы не ведаем сваіх жаданняў? Што ў нас не так?”. Можа, мы сталі залішне сквапнымі і чэрствымі? Можа, перасталі заўважаць, што адбываецца навокал? Ці ведаем мы, чым жывуць нашы дзеці, што хаваюць у сваёй маленькай душы, чаму зачыняюцца ў сваім пакоі, і што яны там робяць, утаропіўшыся ў экран смартфона? Калі мы спрабавалі зразумець, якія пачуцці і эмоцыі выклікаюць у іх нашы пастаянныя павучанні і заўвагі?
А можа, нам проста трэба адпачыць, узяць у рукі кнігу, адкладзеную на потым, і зразумець, што адкладвалі разам з ёй і сваё жыццё. Гэта кніга пераверне ваша ўсведамленне і стане той выратавальнай вакцынай ад каранавірусу, якую мы ўсе так чакаем.
Аліна САНЮК.
Другие блоги автора :