Падарожнічаем па Беларусі

Точка зрения

Не мною заўважана, што падарожжы робяць чалавека шчаслівым. І не важна – гэта жаданая паездка за мяжу, да цёплага мора, ці вандроўка па мясцінах роднага краю, які сходжаны, здавалася б, уздоўж і ўпоперак. Аднак з кожнай такой вылазкай па Беларусі ўсё больш упэўніваешся ў тым, наколькі багатая на гісторыка-культурную спадчыну, помнікі прыроды і слынных людзей наша з вамі краіна. Яе немагчыма раскрыць для сябе да канца – абавязкова знойдзецца белая плямка, якую захочацца зведаць, спатоліўшы тым самым сваю цікаўнасць.

Не сказаць, што такіх мясцін на маёй скрэтч-карце Беларусі шмат, бо дамаседкай мяне не назавеш адназначна, але ж прабелы ёсць. А разам з імі і жаданне іх ліквідаваць, што не менш важна. Таму ў адзін са сваіх выхадных разам з сяброўкай і адной са сталічных турыстычных фірм накіравалася ў Міёры – на разрэкламаваны на ўсю Беларусь фэст “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”.

Прачнуўшыся ў чатыры гадзіны раніцы, злавіла сябе на думцы, што толькі дурням у выхадны, калі ўсе соладка спяць у цёплых ложках, можа захацецца адправіцца ў далёкую дарогу, за трыста пяцьдзясят кіламетраў, дзеля таго, каб паглядзець… на жураўлёў. Менавіта на іх, гэтых даўганогіх шэрых прыгажуноў, якія аблюбавалі Міёрскі раён Віцебшчыны, а разам з ім і балота Ельню – самае буйное верхавое балота ў нашай краіне і пятае – у Еўропе. Супакоіўшы сябе тым, што лёгкіх шляхоў ніколі не шукала, і пракруціўшы ў галаве не менш за пяць плюсаў гэтай вандроўкі, прыхапіла з сабой гумовыя боты і дажджавік і выйшла ў ноч – насустрач восеньскім прыгодам.

Амаль палову дарогі на Мінск ліў дождж. Дробны і азызлы, ён узяўся з ніадкуль. Дзякаваць Богу, што гэтак жа раптоўна ён і знік, калі мы ў складзе аматараў балотнага экстрыму паселі ў камфортныя аўтобусы і рушылі па маршруце. Чым больш аддаляліся ад сталіцы, тым яскравей неба сведчыла аб тым, што сонца ўсё ж такі пераможа.

І наша калектыўнае жаданне ўзяло верх! Міёршчына сустрэла цудоўным надвор’ем і паказала сябе ва ўсёй  красе.

Госці, якім заўсёды рады

Гід турыстычнай фірмы Алесь агучыў экскурсійную праграму і запрасіў напачатку паназіраць праз падзорную трубу за жураўлямі. Чытачоў, напэўна, турбуе пытанне, што гэтыя чароды з тысяч птушак робяць на Міёршчыне. Чаму менавіта там? Падрабязны адказ мы, удзельнікі экскурсіі, атрымалі ад супрацоўнікаў рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”. Як адзначыў дырэктар заказніка Іван Барок, “пікавы” час адпачынку шэрых жураўлёў на Ельні – з сярэдзіны верасны па сярэдзіну кастрычніка. Аднак калі кастрычнік цёплы, то птушкі могуць затрымацца і да пачатку лістапада. На самой справе яны не баяцца холаду і адлятаюць на поўдзень, калі зямлю – крыніцу іх харчавання – скоўвае ледзяное покрыва. Жураўлі гэтыя не беларускія. Нашы ўжо даўно накіраваліся ў цёплыя краіны. Гэта госці са Скандынавіі і Прыбалтыкі. Міёршчына стала для птахаў “перавалачнай базай”. Тут, на мясцовых сельскагаспадарчых палях, днём яны харчуюцца рэшткамі збожжа і кукурузы, а нанач ляцяць на балота – самае бяспечнае для іх месца. Драпежнікаў для іх там практычна няма.

Па назіраннях арнітолагаў, скопішча птушак на Ельні складае больш за чатыры тысячы асобін. Глядзець на гэтых грацыёзных птахаў з размахам крылаў каля двух з паловай метраў праз аптычныя прыборы – адно задавальненне. Каб не ўсведамленне таго, што за табой выстраілася чарга з такіх жа цікаўных турыстаў, стаяў бы цэлы дзень, утаропіўшыся ў павелічальнае вочка. Калі пашчасціць, птушак можна пабачыць даволі блізка і без оптыкі, аднак да чалавека яны адносяцца насцярожана і ўвесь час пералятаюць на бяспечную адлегласць.

Далей шлях шэрых жораваў праляжа ў бок Іспаніі ці Ізраіля. Гэта можа быць таксама Паўночная Афрыка альбо Індыя. Як птушкі выбіраюць гэтыя накірункі – загадка. Відаць, і ў іх таксама ёсць свае перавагі. Пакінуўшы Беларусь, птушкі ўжо больш на адпачынак не спыняюцца. Ляцяць вельмі хутка. Па назіраннях арнітолагаў да Ізраілю журавель далятае за суткі. У цёплых краінах бацькі-жураўлі “развітваюцца” са сваімі дзецьмі. Маладняк далей жыве самастойна.

Дзе жураўлі, там і журавіны

Прыехаўшы ў Міёры, мы наведалі мясцовы касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі якому больш за 110 год, а затым кіраваліся на паўвостраў, які хаваецца за доўгай набярэжнай мясцовага возера: тут штогод праходзіць каларытны фестываль “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. На экалагічным свяце пачэснае месца займаюць журавіны. Менавіта ў канцы верасня пачынаецца збор гэтай карыснай ягады, па запасах якой балота Ельня займае першае месца ў краіне.

На падворках, арганізаваных сельсаветамі, можна было паспрабаваць сапраўдны журавінавы морс, мясцовую выпечку з гэтай ягадай, а таксама набыць рубінавыя дары прыроды – па дзесяць рублёў за кілаграм. Карысталіся попытам і невялічкія скрыначкі з журавінамі ў цукры і шакаладзе. Гэтыя “пацалункі прыроды” (так назваў іх вытворца з Глыбокага) ўсе бралі ў падарунак. Вочы разбягаліся ад сыроў уласнай вытворчасці. Вытрыманыя і маладыя, абсыпаныя кавай і салодкай папрыкай, з перцам і пажытнікам, брусочкамі і ў форме шарыкаў – любы гурман застаўся б задаволены такім пікантным таварам. На памяць аб Міёрах можна было набыць арыгінальныя вырабы ручной работы мясцовых майстрых, міёрскі пернік з выявай жураўля ці вянок адборнага часнаку ад дбайных гаспадынь – што і зрабілі нашы экскурсанты.

Ельня – унікальны твор прыроднага мастацтва

Апошнім, але не менш цікавым пунктам нашага падарожжа стала міёрская чырвоная планета – Ельня. Цяжка ўявіць яе памеры – больш за 25 тысяч гектараў! Балоту каля дзевяці тысяч год! Яно глядзіць на падарожніка 118 балотнымі азёрамі, у якіх можна купацца і лавіць рыбу. Усё балота пакрыта астраўкамі. Кажуць, што падчас Вялікай Айчыннай вайны тут на хутарах жылі людзі.

Складана зараз пераказаць вам, шаноўныя чытачы, усю інфармацыю, якую мы атрымалі ад нашага гіда Алены. Усю дарогу, а гэта каля двух з паловай кіламетра ў адзін бок па сцяжыне-насціле, пракладзенай па балоце, яна нам нешта распавядала: пра птушак і жывёл, якія аблюбавалі гэта месца, пра рэдкія расліны, што занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, пра само балота.

Вось вы ведалі, напрыклад, што балотную ваду можна піць без асцярогі, хай сабе яна і рыжаватага колеру? Праўда, напіцца гэтай вадой складана. Яна практычна дыстыляваная. Гэта мясцовы мох сфагнум (даўжэзны і без кораня!) дае такую рэакцыю антысэптыку. Лавіць рыбу з дапамогай электравуды марна: цуда-вада ток не прапускае. У ёй не ўтрымліваецца ні мінералаў, ні соляў. А яшчэ тут няма… камароў! Яны тут не жывуць: надта стэрыльная для іх абстаноўка, няма чым пажывіцца. Вось бліжэй да азёраў – ёсць, на берагах ад крывадушных стварэнняў няма спасу. Хаця балотнае атачэнне і тут нагадвае аб сабе: траваядная рыба на ельненскіх вадаёмах адсутнічае. Затое драпежнікаў, шчупакоў і акунёў, навалам.

Турыстычная экалагічная сцяжына ўяўляе самой чатырохслаёвы драўляны насціл. Знізу два пласты дошак з асіны, а зверху – папярэчны брус і яшчэ адзін насціл з дубу. Па гэтай сцежцы можна прайсці і ў красоўках. Мы ж абулі гумовыя боты – для таго, каб сысці з маршруту і адчуць пад нагамі хісткую дрыгву, а разам з тым і журавінаў назбіраць ці хаця б паглядзець, як яны тут растуць.

У розныя поры года на балоце пераважаюць свае колеры. У канцы мая балота становіцца белым, быццам пакрываецца снегам. У гэты час сваё хараство дэманструе расліна пушыца – мяккая і пяшчотная, быццам вата. Чэрвень дорыць балоту ружовы колер – цвітуць журавіны. А вось мы яго пабачылі чырвоным, з налетам восеньскай рыжынкі – ягады паспелі.

Як звязаны жураўлі і журавіны, спытаеце вы? Аказваецца, жураўлі іх не любяць. Проста журавінавая кветка па форме нагадвае грацыёзную шыю жураўля. А на Ельні жураўлі ласуюцца другімі ягадамі, вельмі падобнымі да чарніц.

На балоце расце шмат “чырванакніжнікаў”. Напрыклад, марошка. Для нашых шырот гэта вельмі рэдкі від! Каралём Ельні называюць багун – расліну з рэзкім і даўкім пахам. А яшчэ аблюбавала гэта месца расліна-драпежнік расянка.

Пра Ельню можна расказваць бясконца, гэтак жа, як і любавацца ёю. Захоплівае дух, калі глядзіш на гэты рознакаляровы абшар, падняўшыся на назіральную вышку. А найлепш сюды прыехаць, і не раз – каб на свае вочы пабачыць унікальны цуд беларускай прыроды.

Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *