Надзённыя пытанні духоўнага выхавання

Точка зрения

Выходзячы з крамы, заўважыла такую карціну: хлопчык гадоў сямі голасна плакаў, штурхаў маці, выкрыкваў крыўдныя словы і папрокі. Людзі, што сталі сведкамі гэтай сцэны, з асуджэннем ківалі галавой і пагражалі небараку пальцам. Хтосьці ад усяго сэрца спачуваў маладой матулі, а хтосьці імкнуўся супакоіць хлапчыну. Аднак рэакцыя незнаёмых людзей зусім не хвалявала маленькага дэбашыра, які не атрымаў ад мамы таго, што хацеў. Між тым, такая сітуацыя становіцца стандартнай для нашага грамадства.

Ад нараджэння бацькі імкнуцца акружыць дзіця найлепшымі цацкамі і гаджэтамі, апрануць у самую прыгожую вопратку, каб яно не выглядала горш за сваіх аднагодкаў. У падлеткавым узросце дзеці ўжо добра валодаюць гэтай філасофіяй. Бацькі, не заўважаючы гэтага, распальваюць у дзіцячых сэрцах прагу да матэрыяльнага. І праз некаторы час юнакі і дзяўчаты ўжо самі імкнуцца набыць стыльныя рэчы і навамодныя гаджэты. Матэрыяльны свет становіцца своеасаблівым “бажком” для іх, закрываючы ўсё астатняе.

А што з духоўнасцю? Якое месца адводзіцца ёй? Спагада, спачуванне, дабрыня — гэтыя паняцці часта адыходзяць на апошні план, становяцца старамоднымі і неактуальнымі. Вядомы афарызм сцвярджае: “У нашым свеце трэба лічыць сапраўдным толькі духоўнае багацце, бо яно заўсёды ў цане”. З цягам часу змяняецца мода на адзенне, з’яўляюцца новыя мадэлі тэлефонаў, а любоў, павага, спагада, шчырасць, дабрыня застаюцца. Як каштоўныя залацінкі, яны ўпрыгожваюць наша жыццё, напаўняюць яго сэнсам, робяць паўнавартасным. А галоўнае — пазбаўляюць эгаізму, які нішчыць асобу, робіць чалавека нявольнікам рэчаў.

Цацка, купленая бацькамі, можа быць падаравана па-рознаму. У адным выпадку маці і бацька прыносяць новую цацку дадому, неаднаразова нагадваюць дзіцяці пра яе высокі кошт. Калі ж падарунак ламаецца ў працэсе гульні, то дзіця чакае непрыемная размова ці нават сямейная сварка. Ёсць і другі тып бацькоў, якія, падарыўшы цацку, самі актыўна ўключаюцца ў гульню. Тады на першы план выходзіць не сам прадмет, а эмоцыі, атрыманыя дзякуючыя яму, сумесная дзейнасць. Дзеці, якім бацькі прысвячаюць час, з якімі размаўляюць, умеюць спагадаць, разумеюць, адгукаюцца на чужыя патрэбы. Ім наўрад ці прыйдзе ў галаву лямантаваць каля крамы з-за таго, што мама адмовіла ў чарговай пакупцы.

Выхаваць годнага чалавека — справа складаная, бо патрабуе руплівай працы, вытрымкі і пільнасці. А яшчэ больш — уласнага прыкладу. Адна з мудрых думак падкрэслівае: “Не выхоўвайце дзяцей — усё роўна яны вырастуць і будуць падобнымі да вас. Выхоўвайце сябе”. Бясспрэчна, у характары дзяцей, як у люстэрку, адлюстроўваюцца ўсе заганы бацькоў, усе хібы і негатыўныя моманты, таму так важна быць годным прыкладам для падрастаючага пакалення.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *