Мера ў мабільную эру

Точка зрения

Пачаўся новы навучальны год, а дзеці адправіліся ў чарговае падарожжа за ведамі. Іх чакаюць урокі, лабараторныя і практычныя работы, новыя літаратурныя творы. Падарожжа ў краіну ведаў абяцае быць цікавым, захапляльным і незвычайным. З асаблівай цікавасцю адносяцца да вучобы вучні малодшых класаў, для якіх многія рэчы падаюцца новымі і нязведанымі. Малодшых школьнікаў бацькі асабліва рупліва адпраўляюць у школу, рыхтуючы ўсё неабходнае: кніжкі, сшыткі, алоўкі, фарбы і… мабільны тэлефон.

Сёння ў нашых школах дастаткова складана знайсці першакласніка, які прыходзіць на ўрокі без тэлефона. Выкарыстоўваецца гаджэт часцей за ўсё не ў вучэбных і выхаваўчых мэтах. Дзеці бавяць час перапынкаў, гуляючы ў разнастайныя гульні, аднак гуляюць часам не толькі на іх. Класныя кіраўнікі вядуць планамерную барацьбу з гаджэтамі, імкнуцца далучыць дзяцей да рухомых гульняў і жывых зносін. Зламаць шкодную звычку ўсё ж дастаткова складана.

Ці патрэбен тэлефон у школе? Гэтым пытаннем не раз задаваліся і настаўнікі, і бацькі. Знайсці кансэнсус не давялося і да гэтага часу. Хтосьці з бацькоў упэўнены, што тэлефон у школе — жыццёвая неабходнасць: у любы момант дзіцяці можа спатрэбіцца дапамога або проста бацькам спакайней, калі дзіця знаходзіцца заўжды на сувязі. Ёсць і іншая катэгорыя бацькоў, якая прытрымліваецца меркавання, што тэлефон адрывае дзяцей ад вучэбна-выхаваўчага працэсу, негатыўна ўплывае на псіхіку, пазбаўляе магчымасці мець зносіны з аднакласнікамі. Калі ж узнікне вострая неабходнасць штосьці перадаць або запытацца, то заўжды можна звязацца з класным кіраўніком.

Надзея — мама першакласніка Ягора, лічыць, што тэлефон у школе не з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю.

— Прыгадваю наша дзяцінства. Мы лёгка абыходзіліся ў школе без тэлефонаў. Калі штосьці здаралася, то мама прыходзіла ў школу, давала нейкія даручэнні або заходзіла даведацца аб маім стане здароўя пасля хваробы. Мы з мужам вырашылі, што ў першым класе нашаму сыну тэлефон дакладна не патрабуецца. Яго ўвага павінна быць скіравана на іншыя рэчы. Зразумела, што праз некалькі гадоў, калі Ягор падрасце, тэлефон яму стане патрэбным. У наступным годзе плануем купіць смарт-гадзіннік, на які таксама можна патэлефанаваць, аднак ён не будзе адрываць ад вучобы і займаць увесь вольны час.

Штодня можна ўбачыць амаль аднолькавую карціну ў грамадскім транспарце: вучні, едучы на вучобу, бавяць час за гульнямі і праглядам сацыяльных сетак. Маленькі блакітны экранчык становіцца іх рэальнасцю, усе астатняе — рэчы другарадныя. Яны не бачаць цяжарных жанчын, што стаяць побач. Не бачаць і людзей сталага ўзросту, якім складана ехаць стоячы. Блакітны экранчык закрывае рэчаіснасць, робіць іх невідушчымі. Дзеці не вітаюцца са сваімі суседзямі і настаўнікамі. Гэта не таму, што іх не навучылі, яны проста не заўважаюць тых, хто праходзіць міма. Тэлефон займае цэнтральнае месца і пасля школы. Брудны посуд, непрыбранае адзенне, хаос у пакоі — гэтыя рэчы проста не заўважаюцца. Нават ноччу блакітны экранчык асвятляе пакой, клічучы да новых прыгод і не даючы паўнавартасна адпачыць.

Многія не пагодзяцца з думкамі аб шкодзе тэлефона, бо прылада дае магчымасць чытаць і развівацца. Аднак любая добрая і карысная рэч, якая выкарыстоўваецца без кантролю, пачынае быць шкоднай і небяспечнай. Які ж тады выхад? Цудоўны выхад з сітуацыі — устаноўка бацькоўскага кантролю. Праграма будзе абмяжоўваць час карыстання інтэрнэтам і гульнямі. Таксама бацькі будуць мець магчымасць цалкам абмежаваць карыстанне пэўнымі сайтамі. Такім чынам, школьнікі пазнаёмяцца з простым і патрэбным паняццем — “мера”, якое абавязкова дапаможа ім у далейшым жыцці.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *