На дне

Точка зрения

Вечарэла. У аўтобусе было малалюдна і ціха. У вокнах мільгацелі ліхтары, з вялікай хуткасцю праносіліся крамы і шматпавярховікі. Аўтобус спыніўся на чарговым прыпынку. Людзі, прапускаючы адзін аднаго, сталі выходзіць з транспарта. Іншыя ж наадварот уваходзілі, займалі месцы ля вакон. На гэтым жа прыпынку ўвайшоў мужчына сярэдняга ўзросту. Хістаючыся, прайшоў ўперад, сеў насупраць дзвюх бабуль. Цяжкі шлейф цягнуўся за пасажырам. Падалося, што ўвесь аўтобус у нейкі момант “праспіртаваўся”. Бабулям такое суседства не спадабалася: яны хуценька спынілі размовы і з вялікай падазронасцю сталі пазіраць на свайго спадарожніка.

— Што! Не падабаюся? – раптоўна выпаліў нецвярозы пасажыр.

Бабулі нічога не адказалі, моўчкі ўсталі і пасунуліся да дзвярэй. Мужчына расчаравана паглядзеў услед, а пасля пачаў аглядаць пасажыраў, шукаючы сабе новага субяседніка. Яго ўвага раптам пераключылася на маладую матулю з дачушкай на руках.

— А хто тут такі салодзенькі і харошанькі?! Як цябе завуць? Нешта яна зусім не гаворыць. Хворая? – ніяк не мог спыніць сваю прагу жывых зносін мужчына.

— Адчапіцеся ад дзіцяці! Напіліся – ідзіце пешшу! – не вытрымала адна з пасажырак.

— Дамачка, табе бы памаўчаць! Табе рот адкрываць дазволу ніхто не даваў! – усклікнуў нецвярозы пасажыр.

Апошні каментарый выклікаў негатыўную рэакцыю іншых пасажыраў. Людзі пачалі сварыцца, а аўтобус стаў нагадваць пчалінае гняздо, якое толькі што разварушылі. На наступным прыпынку віноўнік сваркі высунуўся з аўтобуса, аднак людзі, што засталіся ў транспарце, працягвалі абурацца.

Гэтая гісторыя мела месца некалькі год таму. Я таксама была пасажыркай таго аўтобуса. У той вечар, ідучы дамоў, я пра многае думала. Хутчэй за ўсё ёсць у гэтага мужчыны сям’я. Ён чыйсьці сын, муж, бацька, брат. Выйшаўшы з транспарта, ён пойдзе дамоў, а яго родным будзе гарантаваны “вясёлы” вечар. Хатнія ўжо, напэўна, прызвычаіліся да такіх паводзін і навучыліся з гэтым жыць.

Алкаголь… Колькі горычы і болю ў гэтым простым слове. Ён разбівае чалавечыя лёсы, ламае планы, топіць самыя чыстыя і запаветныя мары. Бутэлька з празрыстай вадкасцю становіцца прычынай боек, крадзяжоў і нават забойстваў. Яна знішчае асобу, ператварае чалавека ў бязвольную істоту, якая не ўмее кантраляваць уласныя паводзіны і жаданні. Сям’я, праца, сябры – усё становіцца другарадным і неістотным для залежнага чалавека.

“Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае”, — сцвярджае біблейская мудрасць. Для чалавека, залежнага ад алкаголю, скарб заўсёды знаходзіцца на дне чарговай бутэлькі. Жыццё мінае ў дурмане, чалавек топіць у шклянцы сваю маладосць, розум і прыгажосць, штодзённа дэградуючы і падаючы ўсё ніжэй і ніжэй. Крок за крокам залежная асоба набліжаецца да бяздоннай прорвы, якая ўрэшце рэшт паглынае яго. Жудасным з’яўляецца і той факт, што жанчыны не адстаюць ад мужчын і таксама налягаюць на бутэльку. А п’яная жанчына – відовішча куды больш страшнае. Пазбаўленая жаноцкасці і мацярынскай пяшчоты, яна пачынае жыць інстынктамі, а не розумам. Такая жанчына пазбаўляе сваіх дзяцей пяшчоты, лагоды і прысутнасці ў іх жыцці. Яна становіцца ціхім жахам для сям’і. А найбольш пакутуюць дзеці, іх душэўны і псіхалагічны стан. Многіх дзяцей забіраюць з сям’і, іх жыццё працягваецца ў інтэрнаце. Маці ж не спяшаюцца выправіць сітуацыю, штосьці змяніць у сваіх паводзінах і не імкнуцца пазбавіцца ад залежнасці, якая стала валадаркай іх лёсу. Акрамя таго, бацькі даюць “прыклад” жыцця сваім дзецям.

Каб вырвацца з алкагольнага дурману, патрэбна моцнае жаданне, сталёвая воля, вера ў сябе. Многія людзі, што доўгі час злоўжывалі алкаголем, знайшлі ў сабе сілы пазбавіцца ад гэтай залежнасці. Яны ўбачылі рэальны свет, напоўнены зусім іншымі каштоўнасцямі. І, напэўна, зразумелі галоўнае: сапраўднае шчасце нельга змясціць у бутэльцы ці стограмоўцы, бо яно шырэйшае, глыбейшае, мудрэйшае.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *