Не тое паліто

Точка зрения

Свабодныя адносіны, грамадзянскі саюз, сужыццё – з’яву, калі мужчына і жанчына жывуць разам без шлюбу называюць па-рознаму. У наш час такія адносіны сталі надзвычай папулярнымі: яны не накладаюць ніякіх абавязкаў і могуць перастаць існаваць у любы час. Для моладзі свабодныя саюзы падаюцца зручнымі. Цяпер пары, што жывуць без шлюбу і грамадзянскай рэгістрацыі, не падвяргаюцца асуджэнню грамадскасці. Дадзеная сітуацыя стала своеасаблівай нормай для грамадства і ахапіла вялікую колькасць людзей – у свабодныя адносіны ўступае і моладзь, і людзі сярэдняга ўзросту, і нават асобы залатога веку.

Адна мая знаёмая расказала такую гісторыю. Некаторы час таму яна пазнаёмілася з хлопцам праз інтэрнэт. Завязалася цёплая перапіска. Праз нейкі час маладыя людзі сустрэліся, схадзілі ў кавярню, паразмаўлялі. З’явілася ўзаемная сімпатыя. Пара стала сутракацца часцей. А ў дзяўчыны сталі ўзнікаць першыя нясмелыя думкі аб стварэнні сям’і і нараджэнні дзяцей. На чарговым спатканні хлопец зрабіў дзяўчыне прапанову, але зусім не тую, аб якой яна марыла. Малады чалавек прапанаваў пажыць разам. Прапанова не спадабалася яго спадарожніцы, таму яна адразу ж спытала пра рэгістрацыю адносін. “Няма куды спяшаццца. Трэба пажыць, прыцерціся. Паглядзець, ці падыходзім мы адзін аднаму. Ты ў краму калі прыходзіш, паліто адразу прымяраеш, а толькі потым купляеш. Так і ў адносінах,” — зазначыў малады чалавек. Ружовыя мары дзяўчыны аб вяселлі і дзецях разбіліся ў адзін момант. У хуткім часе маладыя людзі перасталі падтрымліваць кантакт.

Параўнананне чалавека з вопраткай з’яўляецца недарэчным. Калі прытрымлівацца такой логікі, то можна прыйсці ў краму, “прымерыць” паліто, узяць яго панасіць на тыдзень-другі, а пасля аддаць назад: і варатнік тугаваты, і колер непрыгожы, ды і прыелася вопратка за два тыдні. Памяняць хочацца. Пасля тое ж паліто возьме панасіць яшчэ хтосьці, а пасля – яшчэ. Зразумела, што з цягам часу яно страціць першапачатковы выгляд, а сляды ўжывання ўжо будзе не схаваць. Наўрад ці пасля хтосьці захоча купіць такую рэч. Хіба што – часова панасіць.

Многія жанчыны, баючыся застацца ў адзіноце, уступаюць у свабодныя адносіны. Яны наступаюць сабе на горла: забываюць аб сваіх марах аб белай сукенцы, вяселлі, урачыстай рэгістрацыі, царкоўным шлюбе, статусе маладой жонкі. У свабодных адносінах яны жывуць у статусе “ніхто”. Такія жанчыны надзвычай трывожныя і нервовыя, бо ў любы час “другая палова” можа сабраць чамаданы і знікнуць, захапіўшыся чарговай прыгажуняй. Нягледзячы на тое, што адносіны не зарэгістраваны, на плечы жанчыны кладзецца шэраг абавязкаў, якія выкончвае законная жонка. Мужчыны ў такіх саюзах рэдка задумваюцца пра будучыню, дзяцей, а часам нават не знаёмяць сям’ю і сяброў са сваёй спадарожніцай, спасылаючыся на тое, што трэба яшчэ крыху пажыць і пачакаць. А калі жанчына зацяжарыць, спадарожнік са спакойным сэрцам адпраўляе яе на аборт, не думаючы аб маральным боку пытання і не клапоцячыся аб здароўі сваёй каханай. Калі ў мужчыны не ўзнікла жаданне ажаніцца адразу, то праз пяць-дзесяць год яно не ўзнікне дакладна. Далей жанчыну чакаюць разбітыя мары, спадзяванні і страчаныя гады маладосці.

Кажуць, што даганяць і чакаць – самыя складаныя рэчы. Многія дзяўчаты, стаміўшыся чакаць патрэбнага чалавека, згаджаюцца на любога мужчыну, які праявіць сімпатыю. Маладыя асобы не звяртаюць асаблівай увагі на разыходжанне ў поглядах, маральных прынцыпах, падыходах да сям’і і выхавання дзяцей. Яны, не дачакаўшыся свайго аўтобуса, сядаюць у іншы, хоць транспарт ідзе па іншым маршруце.

Сям’я ва ўсе часы была цэнтрам любові, клопату, узаемапаразумення і падтрымкі. Яна дапамагала пераадольваць усе цяжкасці і з’яўлялася гарантам правоў усіх яе членаў. Замяніць яе нельга нічым. Свабодныя адносіны і сужыццё – гэта дрэнная копія, крывы адбітак, ілюзія шчасця і дабрабыту. Таму, прымяраючы чарговае паліто, варта некалькі разоў падумаць над тым, ці патрэбна яно вам.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *