Напралом

Точка зрения

— Жанчына, куды вы ідзеце? Не бачыце, дзе канец чаргі?

— Я толькі спытаць! – нявінным голасам адказвае дапытлівая пацыентка і ўламваецца ў кабінет урача.

Такія дыялогі можна пачуць у любой паліклініцы. Ды і не толькі ў медыцынскіх установах: у краме, білетнай касе, на пошце ці ў банку – час ад часу сваркі здараюцца ўсюды, падрываючы раўнавагу і спакой яе ўдзельнікаў. Здаецца, у некаторых людзей нахабства закладзена на генетычным узроўні. Яны так і стараюцца абысці агульнапрынятыя правілы, увесці свой парадак, які будзе камфортным і зручным для іх. Калі сутыкаешся з такімі сітуацыямі, узнікае лагічнае пытанне: дзе выхоўваліся такія людзі? І, шчыра кажучы, адказ знайсці дастаткова складана.

Вядомы афарызм называе нахабства другім шчасцем. Дзякуючы яму адчыняюцца ўсе дзверы, знікаюць перашкоды і прынцыпы. Магчыма, так і трэба. Чалавек павінен улічваць свае інтарэсы, клапаціцца аб уласным дабрабыце, дбаць аб камфорце. А іншыя? А іншыя пачакаюць у чарзе. Інваліды, бабулі, цяжарныя жанчыны, дзеці – усіх у агульную чаргу. Непрыемныя карціны можна назіраць і ў грамадскім транспарце, калі моладзь, утаропіўшыся ў тэлефоны, не заўважае людзей, якім патрэбна саступіць месца. Бывае і так, што пасажыры наўмысна не заўважаюць пенсіянераў і цяжарных жанчын, якія стаяць побач. Ад гэтага робіцца яшчэ больш сумна і прыкра.

Карані выхавання заўсёды ідуць з сям’і. Кожная мама імкнецца, каб дзіцяці было добра: стараецца забяспечыць яго найлепшымі цацкамі і адзеннем, усадзіць на самае пачэснае месца і накарміць самымі лепшымі стравамі. Калі дачка ці маленькі сынок жадае падзяліцца прысмакам з мамай, то тая тут жа адмаўляе: “Еш сам! Табе яшчэ расці”. У грамадскіх месцах “клапатлівыя” матулі таксама імкнуцца, каб іх дзіця знаходзілася ў найлепшым становішчы. Так выхоўваецца эгаізм і “слепата” да патрэбаў іншых. Быць у цэнтры і задавольваць свае інтарэсы – у гэтым заключаецца галоўны сэнс.

Знаходзіцца побач з эгаістам заўсёды складана, а жыць – складаней удвая. Шчырасць, спачуванне, спагада, клопат, дапамога – гэтыя словы не маюць ніякай сэнсавай нагрузкі для эгаістычнага чалавека. Дачакацца ад яго дапамогі складана, а вось сам ён патрабуе павышанай увагі і клопату. З дзяцінства ён прызвычаіўся клапаціцца толькі аб сабе і стаў “культурным інвалідам”, чэрствым і нячулым да патрэбаў іншых. З узростам пераадольваць гэтыя якасці становіцца яшчэ складаней, таму з эгаістаў атрымліваюцца дрэнныя работнікі, мужы і жонкі, бацькі.

Хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Выхоўваючы маленькага чалавека, варта вучыць яго быць клапатлівым, чулым і міласэрным. Варта адкрыць вочы дзіцяці на патрэбы іншых: навучыць саступаць месца ў грамадскім транспарце, чула ставіцца да жывёл, дапамагаць людзям сталага веку, а ў чарзе цярпліва і стрымана чакаць свайго часу. Маладым бацькам трэба ведаць, што ў сталым узросце эгаістычнае дзіця наўрад ці возьме на сябе клопат аб састарэлых бацьках. Яно раптоўна забудзецца аб тым, што бацькі далі выхаванне, адукацыю, бо ў эгаістаў кароткая памяць. Адна жанчына ў размове аднойчы прывяла вельмі мудрую думку: “Не рабіце з дзяцей “бажкоў”, не падкрэслівайце іх выключнасць і геніяльнасць. Вучыце дзяцей паважаць бацькоў, прыслухвацца да іх парады. Дзеці павінны разумець: ёсць бацькі – ёсць усё”.

Выхаваць годнага і чулага чалавека складана, аднак усё атрымаецца ў таго, хто задаўся такой мэтай.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *