У атачэнні адзіноты

Точка зрения

Адзінотай захапляюцца паэты. У мастацтве адзінота ўспрымаецца як штосьці прыгожае і светлае, рамантызуецца, ідэалізуецца. Дзесьці творчыя людзі маюць рацыю: такі стан дапамагае разабрацца ў сабе, адчуць унутраны голас, дасягнуць душэўнай гармоніі. Аднак для людзей сталага веку быць у адзіноце не заўсёды камфортна і зручна. З узростам падводзіць здароўе, спраўляцца са сваімі штодзённымі абавязкамі становіцца ўсё больш і больш складана. Няўтульна адчуваюць сябе людзі сталага веку і ў псіхалагічным плане. Нездарма ж кажуць, што чалавеку патрэбен чалавек, жывыя зносіны і надзейнае плячо побач.

Не раз чула, як пажылыя людзі скардзяцца іншым: “Мая ты мілая, аднаму сумна. Ужо не жыву, а дажываю свой век. Адно толькі радуе – у сваёй хатцы праходзяць апошнія дзянькі”.

Гэтыя словы прымушаюць здрыгануцца, адчуць самоту іншага чалавека. У галаве ўзнікае заканамернае пытанне: а дзе ж дзеці і ўнукі? Чаму састарэлая маці знаходзіцца ўвесь час адна? Зразумела, што кожная сітуацыя індывідуальная, аднак у многіх ёсць нашчадкі. Проста яны не знаходзяць часу, каб наведаць маму і бабулю. Праца, бытавыя справы, сям’я, сябры – усё гэта з’яўляецца больш важным.

Многіх людзей сталага веку наведваюць сацыяльныя работнікі, аказваючы дапамогу ў бытавых справах. Яны ж становяцца для пенсіянераў і дарадцамі, і псіхолагамі, і сябрамі. Часам яны ведаюць больш аб сваіх падшэфных, чым дзеці і ўнукі. І ад гэтага робіцца надзвычай сумна. У маладосці муж і жонка аддаюць усё сваім дзецям, укладваюць любоў, стараюцца выхаваць добрымі і адказнымі людзьмі. Аднак з выхаваннем атрымліваецца не ва ўсіх. І дзеці ўсё ж вырастаюць эгаістамі, засяроджанымі толькі на сабе.

Нядаўна ўбачыла цікавую сацыяльную рэкламу. Два хлопчыкі ўпарта змагаліся за ўвагу мамы. Кожны сцвярджаў, што мама належыць толькі яму. Пасля сітуацыя паўтараецца праз некалькі дзесяцігоддзяў, калі хлопцы ўжо выраслі, а мама пастарэла. Ход падзей набывае зусім іншы накірунак. Мужчыны спрачаюцца, хто забярэ маці, імкнуцца зняць гэтую адказнасць з сябе. А што адчувае сталы чалавек, калі бачыць такія адносіны? Боль, тугу і расчараванне…

Праязджаючы праз вёскі, часта пазіраю на адзінокія хаціны, у якіх яшчэ жывуць людзі, уяўляю, што калісьці тут віравала жыццё, гадаваліся дзеці, а з кухні прыемна пахла аладкамі і верашчакай. Зараз усё змянілася. У хаце стала зусім ціха. Толькі насценны гадзіннік паволі адмярае час, а адзінокія жыхары прыслухоўваюцца да гукаў, з нецярпеннем чакаючы прыезду сваіх дзяцей.

Рыгор Барадулін пісаў: “Наведайце бацькоў, пакуль яны жывыя, пакуль дымяцца коміны – нагрэйцеся ў бацькоў”. Мець бацькоў – вялікая раскоша, аб якой мараць многія. Мацней за іх ніхто ў жыцці не палюбіць і больш шчыра ніхто не будзе адносіцца, бо бацькоўская любоў з’яўляецца абсалютнай, дасканалай і ахвярнай. Калі ў вашым тэлефоне ёсць кантакты мамы і таты, калі вы ў любы момант можаце набраць да болю знаёмыя лічбы і пачуць адказ, калі вы прыязджаеце ў родную вёску, дзе вас сустракаюць бацькі, то ведайце – вы шчаслівы чалавек. Многія прымаюць гэтыя рэчы як належнае, не разумеючы, што ў любы момант сітуацыя можа змяніцца. І ўжо не вернеш страчанага часу, цёплых усмешак, шчырых абдымкаў і добрых слоў.

Марта БАГДАНОВІЧ.   



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *