Бібліятэкі Ашмяншчыны рыхтуюцца да 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

80 лет ВЕЛИКОЙ ПОБЕДЫ Культура

У гэтым годзе наша краіна святкуе 80-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Бібліятэкі Ашмяншчыны праз розныя формы работы імкнуцца данесці да сваіх карыстальнікаў максімум інфармацыі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, гераізме і мужнасці абаронцаў Радзімы. Установы Ашмянскай раённай бібліятэкі запланавалі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта вечары памяці, урокі мужнасці, патрыятычныя акцыі, тэматычныя гадзіны, гульні, квэсты, выставы-інсталяцыі.

З сакавіка па ліпень бягучага года сярод публічных бібліятэк Ашмяншчыны праводзіцца бібліятэчны патрыятычны марафон-конкурс “80 гадоў у міры і згодзе”, мэтай якога з’яўляецца захаванне памяці аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, паглыбленае вывучэнне старонак ваеннай гісторыі краіны, сваёй малой радзімы. Кожная з бібліятэк, удзельніц марафону-конкурсу, рыхтуе  змястоўнае масавае мерапрыемства ваеннай тэматыкі для рознай чытацкай аўдыторыі. Бібліятэкі, якія арганізавалі ў рамках конкурсу найбольш крэатыўныя, неардынарныя мерапрыемствы, будуць адзначаны дыпломамі.

Журы конкурсу ўжо ацаніла літаратурна-музычную кампазіцыю Гальшанскай сельскай бібліятэкі “Старонкі вялікага подзвігу”, урок патрыятызму “У баях за родны край” – Крэйванцаўскай, тэматычны вечар “Памятае зямля герояў сваіх” – Жупранскай, гістарычны экскурс “Гераічны Гродна” – Мураванаашмянкоўскай. Завяршальным этапам марафону-конкурсу стане вечар мужнасці і славы “Салют і слава гадавіне навекі памятнага дня”, які пройдзе ў раённай бібліятэцы напярэдадні Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Трагічную старонку генацыду беларускага народа ў гады вайны раскрывае выстава-інсталяцыя “Без тэрміну даўнасці: жывая памяць пакаленняў”, аформленая ў раённай бібліятэцы. З ёй ужо пазнаёмілася шматлікая аўдыторыя горада. У межах бібліятэчнага праекта “Генацыд – памяць і боль беларускай зямлі” з 15 красавіка пачаліся выязныя прэзентацыі выставачнай экспазіцыі ў сельскія бібліятэчныя установы.

Па населеных пунктах Ашмянскага раёна ўжо курсіруе “Франтавы экспрэс”, у які ператварыўся бібліёбус раённай бібліятэкі. З літаратурай аб вайне ён ужо пабываў у Ягелаўшчыне, Грынцах, Палянах. Да пачатку ліпеня “Франтавы экспрэс” наведае і іншыя населеныя пункты, а іх у маршруце бібліёбуса значыцца больша за сорак.

Галіна ПАЛУБІНСКАЯ, бібліятэкар Ашмянскай раённай бібліятэкі.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *