Сіла звычкі

Марта Богданович

Колькі дзён таму на тэлефон прыйшло паведамленне ад электрасетак, якое інфармавала аб адсутнасці электрычнасці на працягу дзвюх гадзін. Я прачытала смс, адклала тэлефон, узялася за свае справы. Праз некаторы час рука аўтаматычна пацягнулася да выключальніка. Шчаўчок – і нічога. Пасмяяўшыся са сваёй кароткай памяці, працягнула займацца хатнімі справамі. Раптоўна ў суседнім пакоі па-здрадніцку засігналіў тэлефон – сеў акумулятар. Адшукала “зарадку”, падключылася да сеткі. Зноў – нічога. Паўторна прыгадала, што ў бліжэйшы час такія дзеянні не маюць ніякага сэнсу.

Звычкі. Многія рэчы ў сваім жыцці мы робім не задумваючыся. Раніцай уключаем чайнік, каб заварыць гарбату, выносім смецце, мыем брудную талерку пасля таго, як паснедалі. Гэты пералік можна весці бясконца. Дзеянні, даведзеныя да аўтаматызма, спрашчаюць наша жыццё. Прачнуўшыся, не трэба думаць аб тым, з чаго пачаць свой дзень. Усё спраўна атрымліваецца “на аўтамаце”. Аднак, на жаль, не кожнае дзеянне, да якога чалавек прызвычайваецца, мае станоўчы характар. Многія шкодзяць здароўю і псіхічнаму стану чалавека.

Некаторыя асобы, расплюшчыўшы вочы, адразу намацваюць цыгарэты, ідуць на балкон, каб споўніць штодзённы ранішні рытуал. Напэўна, калі чалавек не знойдзе цыгарэты на звыклым месцы, то адчуе дыскамфорт, у яго пачнецца паніка, а дзень з самай раніцы не задасца. Праходзячы каля шматпавярховіка, на балконе шэраговага дома заўважыла мужчыну з папіросай. Ён захоплена размаўляў па тэлефоне, час ад часу страсаў попел. Скончыўшы курыць, кінуў недакурак на зямлю. Калі я глянула на клумбу, што размяшчалася акурат пад балконам, моцна ўразілася. Клумба была “расквечана” дзясяткамі недакуркаў, кінутых нядбайным гаспадаром. Дзіўна ўсё гэта. Дзіка. Незразумела. Стала неяк прыкра і балюча. А яшчэ больш крыўдна ад таго, што чалавек сам не заўважыў таго, што ён зрабіў. Усё гэта сіла звычкі. Дрэннай звычкі.

Новы дзень маладых асоб пачынаецца з прагляду навін, праверкі паведамленняў у сацыяльных сетках, смешных відэаролікаў. У грамадскім транспарце, на аўтобусных прыпынках можна заўважыць моладзь са смартфонам у руцэ. Гэта стала звыклай з’явай. На першы погляд, у гэтых рэчах няма нічога дрэннага. Толькі адна акалічнасць прымушае насцярожыцца – чалавек становіцца нявольнікам звычкі, траціць адчуванне часу. Быць залежным – значыць не валодаць сваёй воляй, эмоцыямі, кіравацца мімалётнымі жаданнямі, не заўважаць важных рэчаў. Звычкі лёгка ўваходзяць у наша жыццё, аднак выкараніць іх вельмі складана, а часта – і зусім немагчыма.

Вясна – час аднаўлення. Час, калі хочацца пачаць жыць па-новаму, пазбавіўшыся дрэннага і шкоднага. Варта толькі ўзяць сітуацыю ў свае рукі. Існуе безліч спосабаў удасканаліць сябе. Псіхолагі прапануюць комплексы практыкаванняў і прыёмаў для пераадолення закаранелых звычак. Акрамя таго, вясна – час, калі вернікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій уваходзяць у Вялікі пост, адмаўляючыся ад розных рэчаў і практыкуючы разнастайныя аскезы. Гэты перыяд дапамагае пабыць у цішыні, заглыбіцца ва ўласны ўнутраны свет, адкінуць лішняе, непатрэбнае, шкоднае, а пасля ўвайсці ў Вялікдзень новым чалавекам.

Сіле звычкі заўсёды неабходна супрацьпастаўляць сілу волі. Галоўнае – жадаць штосьці змяніць у сабе і крок за крокам ісці да сваёй мэты. Безумоўна, толькі тады можна пазбавіцца ад таго, што негатыўна ўплывае на наша жыццё.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *