Замініравалася

Точка зрения

“Замініравалася!”- іранічна ўсклікнуў настаўнік, калі ў мяне з-пад адзення сталі выпадаць рознакаляровыя шпаргалкі. На такі зыход сітуацыі я, безумоўна, не спадзявалася. Да ўрока “рыхтавалася” загадзя: роўным почыркам выпісвала азначэнні, паслядоўна нумаравала, а пасля доўга раздумвала над тым, куды гэтае “багацце” пакласці. Аднак сітуацыя выйшла з-пад кантролю: на ўроку мяне кудысьці выклікалі, я паднялася, і шпаргалкі ўсыпалі ўсю падлогу. Аднакласнікі ўсміхаліся, настаўнік жартаваў, а мой твар раптоўна стаў пунсовага колеру. Я не ведала, што мне рабіць: ці то пачынаць збіраць рассыпаныя лісточкі, ці то выбегчы з класа. Аднак, на шчасце, сітуацыя скончылася добра. Настаўнік дараваў мне гэты ўчынак. І ад той падзеі застаўся толькі светлы ўспамін.

Май і чэрвень – хвалюючая пара для выпускнікоў. Час экзаменаў заўсёды выклікае стрэс, бо кожны ведае аб сваіх прабелах і хібах. Тады моладзь звяртаецца да шпаргалак. Калі ў час майго навучання шпаргалкі былі толькі папяровымі, то зараз прагрэс пайшоў далей. Мікранавушнікі, аўдыёшпаргалкі, шпаргалкі на целе і нават на пазногцях – сучасныя выпускнікі адрозніваюцца творчым падыходам і крэатыўнасцю. А самыя лянівыя могуць набыць “надзейную” дапамогу ў гатовым выглядзе. Перад экзаменамі разварочваецца сапраўдны бізнес: з’яўляюцца старонкі ў сацыяльных сетках і нават цэлыя сайты са шпаргалкамі па любым прадмеце. І тавар знаходзіць свайго пакупніка. Кошт на шпаргалкі адносна дэмакратычны, таму попыт дастаткова вялікі.

Многія лічаць, што запаветныя лісточкі змогуць дапамагчы ім у вырашальны момант. Зразумела, што хваляванне і празмерная трывога адмоўна сказваюцца на стане выпускнікоў. Часам забываецца нават вядомае. Аднак, ідучы на іспыт са шпаргалкамі, выпускнікі хвалююца не менш, а часам нават і больш. Як незаўважна выкарыстаць шпаргалку? Што будзе, калі гэты момант заўважыць настаўнік? Гэтыя і многія іншыя пытанні круцяцца ў галаве выпускнікоў, не даюць ім сканцэнтравацца, перашкаджаюць прыгадаць нават тое, што яны добра ведалі. Шпаргалка, выкарыстаная на ўроку, лічыцца дробяззю. Найбольшым пакараннем за карыстанне будзе дрэнная адзнака або пераздача тэмы ў іншы дзень. Калі ж шпаргалку заўважаць на цэнтралізаваным тэсціраванні ці экзамене, то гэта прывядзе да куды больш сур’ёзных наступстваў. Такая “дапамога” можа зламаць прафесійныя намеры, мары і спадзяванні, выклікаць безліч непрыемнасцяў.  Некаторыя абітуреныты распавядаюць, што спісвалі на ЦТ. Аднак такія аповеды можна аднесці да разраду казак і легенд: у аўдыторыю нельга праносіць лішніх рэчаў, назіральнікі пільна сочаць за кожным абітурыентам, а камер назірання яшчэ ніхто не адмяняў. Любое парушэнне правіл адразу будзе заўважана, а небарака, які імкнуўся спісаць, будзе адпраўлены за дзверы. Пагадзіцеся, што такая перспектыва не вельмі радуе. На такіх іспытах адсутнічае і чалавечы фактар. Школьныя педагогі, добра ведаючы кожнага вучня, яго адносіны да прадмета і ступень хвалявання, на ўроку ці заліку могуць дараваць розныя рэчы, даць яшчэ адну магчымасць. На ЦТ такой магчымасці няма.

Спісваць ці не? Кожны вырашае сам. На маю думку, кожны выпускнік – гэта дарослая і адносна сфарміраваная асоба, здольная несці адказнасць за ўласныя дзеянні і сваё рашэнне. Аднак паказаць выдатны вынік можна і без хітрыкаў і выкрутасаў. Дастаткова паслядоўна і сістэмна рыхтавацца на працягу навучальнага года, чытаць дадатковую літаратуру, паглыбляць свае веды. І тады, напэўна, іспыты пройдуць гладка, а жадання “замініравацца” не ўзнікне.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *