Педагогі раёна сустрэліся на традыцыйным жнівеньскім педсавеце

Главное События

Пачаў свой адлік новы навучальны год, чарговы этап сумеснай напружанай працы настаўнікаў, вучняў і бацькоў.

Педагагічная эліта раёна на традыцыйным жнівеньскім педсавеце ў мінулую пятніцу абмеркавала, як будзе вучыць і выхоўваць дзяцей яшчэ больш якасна.

Грамадству патрэбны высакакласныя спецыялісты, а веды, безумоўна, закладваюцца за школьнай партай, адзначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Н.Г. Кучынская.

У новым навучальным годзе ў нашым раёне за школьныя парты села 3959 вучняў, сярод іх 355 першакласнікаў. Да педагагічнай дзейнасці прыступіла 760 педагогаў, з іх 30 – маладыя спецыялісты, якія прыехалі працаваць па размеркаванні.

“Школа ўзорнай якасці і парадку” – пад такім дэвізам будзе праходзіць сёлета навучальны год ў раёне.

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама В.В. Грышэчка выказала словы падзякі педагогам Ашмяншчыны за вынікі мінулага года, а яны сведчаць, што наш аддзел адукацыі трымае лідарскія пазіцыі ўжо трэці год: у 2007– першае месца, у 2008– трэцяе і ў 2009– трэцяе месца. Яна павіншавала ашмянскіх педагогаў з пачаткам навучальнага года і пажадала ім творчасці, ініцыятывы, адказнасці.

Глыбокі аналіз стану работы даў магчымасць вызначыць шэраг праблемных пытанняў, над якімі сям’я педагогаў раёна будзе працаваць сёлета. Аб гэтым сведчыць прынятая на пленарным пасяджэнні рэзалюцыя, у якой вызначаны асноўныя накірункі: у сістэме дашкольнага выхавання, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, у выхаваўчай рабоце, ва ўмацаванні матэрыяльнай базы, рабоце з кадрамі.

Падрабязны даклад начальніка аддзела адукацыі размешчаны на сайце аддзела, дзе кожны педагог мае магчымасць выказаць свой пункт гледжання па шэрагу пытанняў і прапанаваць свой альтэрнатыўны варыянт.

Павіншаваў педагогаў старшыня райвыканкама Ю.У. Адамчык. Кіраўнік раёна падзякаваў настаўнікам за штодзённую адказную працу.

Другая частка педагагічнай нарады прайшла ў фармаце добразычлівасці, цеплыні і душэўнай размовы.

У гэты ўрачысты дзень вялікая група настаўнікаў, калектывы навучальных устаноў былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, дыпломамі рознага ўзроўню. Адбылася канцэртна-віншавальная праграма.

Ганна ДАВІДОВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *