Ці ёсць межы ў Радзімы?

Культура

На гэта спрэчнае і даволі складанае пытанне спрабавалі знайсці адказ удзельнікі і госці  лістападаўскіх сустрэч у Кальчунах.  А штуршком да роздуму паслужыла асоба, якая знітавана  даволі трывалай  повяззю не толькі з нашым краем, але і з Польшчай і з Літвой. Енджэй Снядэцкі – вучоны, урач,  філосаф і асветнік унёс вялікі ўклад у  развіццё  медыцыны і хіміі, склаў першы падручнік па гэтым прадмеце і распрацаваў хімічную  тэрміналогію на польскай мове,  частка якой   і зараз знаходзіцца ва ўжытку, зрабіў шмат  навуковых адкрыццяў у хімічнай галіне.

Ён нарадзіўся ў Польшчы. Тут атрымаў адукацыю. Затым  плённа  працаваў у Віленскім універсітэце. Ён прымаў удзел у выданні навуковага  часопіса “Дзённік Віленскі”,  значны час  рэдагаваў газету “Вядомосьці бруковэ”. Апошнія гады жыцця правёў на Ашмяншчыне, у маёнтку  Болтуп. На беларускай  зямлі, на могілках у Гародніках,  ён знайшоў свой апошні спачын.

І палякі, і літоўцы, і беларусы шануюць памяць аб гэтым чалавеку. У яго гонар ладзяцца  міжнародныя канферэнцыі, якія аб’ядноўваюць навукоўцаў розных краін свету.  А вось Таццяна Ягораўна Давідовіч, намеснік дырэктара Кальчунскай СШ па выхаваўчай рабоце, вырашыла аб’яднаць вакол гэтага імя не толькі педагогаў, але і  людзей творчых прафесій, краязнаўцаў  і ўсіх тых, хто не толькі лічыць сябе патрыётам, але і прыкладвае намаганні ў папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і пашырэнні ведаў аб родным краі.  Краязнаўчая гасцёўня, прысвечаная дню народзін Енджэя Снядэцкага, сабрала шмат неабыякавых людзей. Да гэтага мерапрыемства далучыліся вяскоўцы, бібліятэчныя і музейныя  работнікі, людзі сталага ўзросту  і дзеці. У ім адчувалася душэўнасць і не было той пыхі і паказушнасці,  якой, чаго хаваць, мы часам грашым.

Пачаліся  лістападаўскія сустрэчы  святой імшой у гонар дня нараджэння Енджэя Снядэцкага, якую адслужыў ксёндз касцёла Святога Архангела Міхаіла  Ян Пузына ў Гародніцкай капліцы. Пасля ўскладання кветак да магілы  навукоўца госці  накіраваліся ў  Кальчунскую школу. Тут у 2004 годзе адчыніўся музей, у якім на працягу ўсяго гэтага часу настаўнікамі і вучнямі збіраецца і   беражліва захоўваецца матэрыял аб Е. Снядэцкім.  Значны ўнёсак у вывучэнне жыцця і дзейнасці вучонага зрабіла Т.Я. Давідовіч, якая выдала кнігу  “З мінулым – у будучыню”. Разам з удзельнікамі гуртка “Сябры музейнай справы” яна вядзе даследчую работу і заўсёды рада разам з вучнямі-экскурсаводамі падзяліцца  з наведвальнікамі музея новымі звесткамі аб нашым земляку. Вось і ў гэты раз Аліна Пяткевіч, Валерый Вашкінель і Аліна Масальская  расказалі сваім гасцям аб самых значных старонках яго біяграфіі, а Вікторыя Бароўская прачытала верш на польскай мове ў гонар знакамітага вучонага і філосафа.

З цікавасцю ўспрынялі ўдзельнікі мерапрыемства выступленне краязнаўца з Мінска, ураджэнца Ашмян Васіля Юршы, які  на працягу многіх год займаўся даследаваннем   радаводаў польскай шляхты на Ашмяншчыне, а затым сваю работу абагуліў у “Фамільнай кнізе”. Настаўніца гісторыі Кальчунскай школы Святлана Чарняк падрыхтавала паведамленне аб Іосіфу  Ходзьку, адным з яркіх  прадстаўнікоў знакамітага роду Ходзькаў, якія пакінулі важкі след на ашмянскай зямлі. Аб  стварэнні кнігі “Падарожжа па Ашмянскаму краю” расказала яе аўтар дырэктар ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” Тамара Філіповіч, якая не абышла стараной у сваім выданні  слаўнае імя Енджэя Снядэцкага.

Адметнай часткай лістападаўскіх сустрэч стала знаёмства з творчасцю двух мастакоў: Настулі Балыш  са Смаргоні і Сяргея Хрытонава, настаўніка Кальчунскай школы. Выставы, што разгарнуліся ў фае школы, дазволілі ўбачыць унутраны свет  творцаў: мяккі і жаноцкі, адкрыты і цёплы —  у Настулі ( яе работы нагадваюць ілюстрацыі да дзіцячых кніг) і таемны, напоўнены глыбінёй і філасофскім зместам, — у  Сяргея.  Падчас перапынку кожны мог задаць мастакам пытанні, а іх было шмат, бо нават назвы карцін  выклікалі цікавасць:  “Чай с котом, бергамотом и сушками”, “Два кота в ус не дуют”, “Сердце тумана”, “Затерянные холмы”, “Марионетки”…

Аб яшчэ адным слаўным  чалавеку, Крыштафе Дарагастайскім,   які падараваў свету кнігу “Гіпіка”, зрабіла  паведамленне навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея імя Багушэвіча Вераніка Рэмізевіч. Ксёндз Ян Пузына  расказаў аб чалавеку, чые карані бяруць пачатак на ашмянскай зямлі —  сваім калегу, ксяндзу  Міхалу Сапоцьку.  Разам з дарослымі сваімі даследаваннямі падзяліліся вучні. Аб выхаваўчых тэорыях Енджэя Снядэцкага і клопатах яго дачкі Людвікі падрыхтавала паведамленне Вікторыя Бароўская. Ілона  Міхаловіч выступіла з работай на тэму “Станіслаў Балінскі – аўтар найпрыгажэйшых вершаў аб Радзіме”. А ў пацвярджэнне сказанаму вучні чыталі вершы на польскай мове, вершы аб родным краі, кожны радок якіх быў пранізаны любоўю да зямлі. Зямлі, якая ўзгадавала, якая дала сілы і моцы, якая натхняла на творчасць.

Напрыканцы  краязнаўчай гасцёўні яе ўдзельнікі паспрабавалі даць адказ на пытанне,  што прагучала ў пачатку мерапрыемства: “Ці бываюць межы ў Радзімы?” У спрэчнага пытання былі, безумоўна, спрэчныя адказы.  І няхай нават нехта не раздзяліў меркаванне Таццяны Ягораўны, аднак  кожны задумаўся аб тым, што вельмі важна не проста жыць на гэтай зямлі, а быць ёй патрэбным. Не толькі таптаць яе сцежкі ў літаральным сэнсе гэтага слова, а   пакінуць  важкі след,  які дасць падставу для гонару і шанавання, да высокага звання звацца  грамадзянінам  і патрыётам, як Енджэй Снядэцкі, якога  лічаць сваім палякі, літоўцы і беларусы.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *