«Дарогамі мужнасці і стойкасці: раўненне на герояў». Валянцін Ларыёнаў

Живая память Общество

Гісторыя не ведае больш маштабнага супраціўлення захопнікам, чым барацьба беларускага народа супраць германскіх прыгнятальнікаў, якая разгарнулася на ўсёй тэрыторыі БССР.
Насельніцтва Беларусі не прымірылася з агрэсарам. Нягледзячы на жорсткасць акупацыйнага рэжыму, патрыятычны рух супраць германскіх захопнікаў пашыраўся, прымаў больш эфектыўныя арганізаваныя формы і выкарыстоўваў разнастайныя метады барацьбы. Барацьба насельніцтва Беларусі супраць нямецкіх захопнікаў пачалася з першых дзён вайны. Яна вялася ў розных формах – ад невыканання мерапрыемстваў акупацыйных улад да узброенага супраціўлення.

З кожным днём барацьба народа з акупантамі набывала масавы характар. Перад партызанамі ставіліся задачы знішчыць ў тыле ворага сувязь, аўтамашыны, самалёты, ладзіць падрыў цягнікоў, падпальваць склады гаручага і харчавання. Партызанская барацьба насіла баявы, наступальны характар. «Не чакаць ворага, шукаць яго і знішчаць, не даючы спакою ні днём ні ноччу», — заклікаў ЦК Кампартыі Беларусі.

У барацьбу з ворагам ўключаліся рабочыя, сяляне і інтэлігенцыя, мужчыны і жанчыны, камуністы, камсамольцы, беспартыйныя, людзі розных нацыянальнасцей і узростаў. У партызанскіх атрадах змагаліся былыя вайскоўцы Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў тыле ворага або ўцяклі з палону, мясцовае насельніцтва.

Сярод іх — і Валянцін Ларыёнавіч Ларыёнаў, якога ў пасляваенны час на Ашмяншчыне добра ведалі як старшыню раённага савета ветэранаў вайны і працы. У свой час ён успамінаў (паводле газеты “Ашмянскі веснік”, 1996 г.):

— У гады вайны я абараняў беларускую зямлю, якая стала маёй радзімай і якую я шчыра палюбіў. Ваяваў у гэтых мясцінах двойчы. Першы раз – у 1941 годзе, другі – у 1943-44-х гадах. На мой погляд, часцінка маёй ратнай працы ўкладзена ў вызваленне.

Валянцін Ларыёнавіч – ленінградзец. Нарадзіўся ў 1921 годзе. У горадзе на Няве скончыў сямігодку, а калі наступіў тэрмін служыць у войску, быў накіраваны ў танкавыя часці. А ў Еўропе на ўсю моц ужо гарэла полымя вайны, якая набліжалася да межаў СССР. Ленінградскіх прызыўнікоў накіравалі ў прыгранічны Гродна. Усё разам: адукацыя, год прызыву і месца службы, – адбілася на далейшым лёсе Валянціна Ларыёнавіча.

Не паспеў малады танкіст адслужыць некалькі месяцаў, як быў залічаны на вучобу. Паводле звестак, якія захоўваюцца ў раённым савеце ветэранаў, вайну Валянцін Ларыёнаў сустрэў на пасадзе памочніка камандзіра ўзвода вайсковай часці 1836. Ваяваў у ім з чэрвеня па верасень 1941 года.

У першы ж дзень вайны ад казармаў нічога не засталося. На іх месцы пасля вайны размясціўся тонкасуконны камбінат. Загінула нямала аднапалчан, а ўцалелыя з баямі пачалі адыходзіць на ўсход. Пад Масквой Ларыёнаў атрымаў моцнае раненне. Лячыўся ў шпіталі ў Іванаве.

Паводле звестак, якія ўтрымліваюць асабісты лісток па ўліку партызанскіх кадраў і ўзнагародны ліст, у партызанскі атрад Ларыёнаў прыйшоў, выбраўшыся з нямецкага акружэння. З 15 кастрычніка 1942 года быў камандзірам атрада “Іскра”, з 29 верасня 1943 па 10 ліпеня 1944 – камандзір аддзялення, з мая 1944 – камандзір атрада “Знамя”.

У 1943 годзе група з 12 чалавек зноў ляцела ў Беларусь, у варожы тыл. Сярод іншых – намеснік камандзіра В. Ларыёнаў. У кнізе “Парты­занскія фармі­раванні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” ёсць такі запіс: “Асобны атрад “Знамя”. У жніўні 1943 года па заданні ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху ў тыл ворага накіравана арганізатарская група. У Бярэзінскім раёне яна павялічылася да 35 чалавек за кошт партызан атрада “Знамя” брыгады “Разгром” Мінскай вобласці і перадыслакавалася ў Брэсцкую, дзе 20 лістапада 1943 года ўключана ў састаў злучэння Брэсцкай вобласці. У маі 1944 года аформлена ў атрад “Знамя”. Атрад дзейнічаў у Гайнаўскім, Бярозаўскім раёнах”.

10 ліпеня 1944 года атрад злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі. Першапачаткова атрадам кіраваў А.Ф. Петракоў, а калі яго адазвалі ў Маскву, атрад узначаліў В. Ларыёнаў. Прозвішчы абодвух – таксама на старонках кнігі.

Падчас камандавання атрадам “Іскра” Валянцін Ларыёнаў удзельнічаў у сямі баявых аперацыях, у якіх паказаў сябе смелым і адважным абаронцам Радзімы. Чатыры разы ўдзельнічаў у падрыве варожых эшалонаў на чыгунцы, у выніку чаго разбіты чатыры паравозы, каля 15 вагонаў з жывой сілай і тэхнікай.

Па звестках, атрыманых ад разведчыкаў-партызан (іх перадавалі чатыры радысткі), савецкія лётчыкі наносілі бомбавыя ўдары па скапленнях варожай тэхнікі, па чыгуначных саставах.

Пасля злучэння з рэгулярнымі войскамі атрад накіравалі ў Мінск, дзе і расфарміравалі. Адных чакалі новыя баі (ужо на фронце), другіх – праца на адміністрацыйных пасадах, трэціх пакінулі ў рэзерве. В. Ларыёнаў быў у ліку трэціх. Іх чакала праца ў органах па рэпатрыяцыі беларускага насельніцтва з Польшчы і наадварот. З таго часу, калі не лічыць кароткага перыяду працы ў Слоніме і ў Ленінградзе, былы танкіст і разведчык жыў і працаваў у Ашмянах.

Удзельнік баёў пад Масквой, Смаленскам, Гродна, Валянцін Ларыёнаў быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, медалём “Партызану Айчыннай вайны” I і II ступеняў, медалём “За адвагу”, іншымі ўзнагародамі. Усё сваё жыццё, якое абарвалася ў 2010 годзе, ветэран ганарыўся, што выканаў свой доўг у гады вайны і добрасумленна працаваў у пасляваенны час, што дзеці і ўнукі выраслі і прыносяць карысць грамадству.

Людміла ВЕРАС.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *