Помніць, каб жыць

Живая память Общество

Вайна. Гэтае слова адбіваецца рэхам у сэрцы кожнага беларуса, вяртае ў мінулае, дапамагае ацаніць кошт міру, які мы маем на сённяшні дзень. Вайна дакранулася да кожнай сям’і, яна зламала шмат лёсаў і загубіла безліч жыццяў. Вайна бруднымі ботамі прайшлася па беларускіх гарадах і вёсках, пакідаючы пасля сябе разбуральныя і жахлівыя сляды.

Гальшаны – мястэчка, якое вядома на ўсю нашу краіну багатай гісторыяй і прыгожай архітэктурай. Аднак ваенная навала дакранулася і да гэтага гістарычнага куточка. У народным гісторыка-краязнаўчым музеі імя Э.С. Корзуна рупна захоўваюцца матэрыялы аб Вялікай Айчыннай вайне. Фотаздымкі, лісты, успаміны, гістарычныя дакументы – усё гэта было сабрана краязнаўцам, апантаным гісторыкам Эдуардам Корзунам. Эдуард Сямёнавіч вёў перапіску з удзельнікамі баёў, па драбніцах збіраў успаміны сведкаў тых падзей. Чытаючы лісты, здаецца, пераносішся ў той жахлівы час, уяўляеш іншыя, ваенныя Гальшаны.

Эдуард Сямёнавіч вёў перапіску з Сафіяй Тарасенка, якая была сведкай пачатку вайны ў Гальшанах. На той момант ёй было 12 год. З болем і тугою яны прыгадвае тыя страшныя падзеі: “Добра памятаю размяшчэнне Гальшан часоў 1941 года. Ноччу на 22 чэрвеня нас разбудзілі выбухі. Мы ў той час былі яшчэ зусім дзецьмі. Нас было ў бацькоў трое: мне было 12 год, брату Аркадзію – 6, а самаму малодшаму, Ігару, – 2. Мы не паспелі нічога зразумець, як нас сонных схапілі і перанеслі ў склеп. І толькі раніцай нам сказалі, што на нас напала Германія і што нямецкае войска ўжо зусім блізка ад Гальшан. Слова “вайна” асаблівага ўражання на нас тады не аказала, мы яшчэ не ведалі, які жах яна нам прынясе”.

За гады вайны жыхарам мястэчка прыйшлося перажыць шмат страшных падзей, сутыкнуцца тварам у твар са смерцю, аднак гальшанцы верылі, што хутка вайна скончыцца, а іх прыгожае мястэчка будзе вызвалена. Вызваленне Гальшан – гэта заслуга 83-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая ў пачатку ліпеня 1944 года вяла жорсткія баі з сіламі праціўніка.

З гістарычных крыніц вядома, што бой пад Гальшанамі быў складаным і доўгім: фашысты не хацелі адступаць, яны настойліва змагаліся. Нямецкае камандаванне разумела, што катастрофа ўжо наступіла, але паражэнне можна яшчэ адцягнуць на нейкі час. Аднак нашы воіны імкнуліся зламаць супраціўленне ворага, каб працягнуць пераможнае наступленне. Гальшанскі бой дэталёва апісаны і ў баявых данясеннях дывізіі, якія зараз захоўваюцца ў архівах. Вялікая заслуга ў паспяховасці баявых дзеянняў належыць Аляксандру Бажэнаву, які ў той час быў старшынёй першага батальёна 248-га стралковага палка. Лейтэнант запаса Мікалай Салаўёў прыгадвае: “Аляксандр Бажэнаў увесь час быў уперадзе. Каля адной з вясковых хат ён заўважыў варожы бронетранспарцёр. Каля яго завіхаліся гітлераўцы, і Бажэнаў даў па іх чаргу. Некаторыя салдаты ўпалі, некаторыя – кінуліся ўцякаць. Бажэнаў заўважыў, што ў машыне працуе матор. Ён ускочыў у машыну і дагнаў фашыстаў, якія адступалі. Агнём з кулямёта адважны воін спрыяў таму, што частка салдат была ўзята ў палон, а частка – разбеглася. Бронетранспарцёр, захоплены Бажэнавым, ужо праз некалькі хвілін спатрэбіўся ў ходзе баявых дзеянняў і адыграў вялікую ролю ў пераможным завяршэнні боя пад Гальшанамі”.

У маі 2007 года выйшаў указ міністра абароны РФ № 181, згодна з якім многія дакументы ваеннага часу былі рассакрэчаны. Стаў даступным і журнал баявых дзеянняў 83-й гвардзейскай стралковай дывізіі. У журнале маецца наступны запіс, зроблены 7 ліпеня 1944 года: “Часткі дывізіі з 4 гадзін раніцы 07.07.1944 года пачалі наступаць у напрамку мястэчка Гальшаны. У 10.30 сустрэлі супраціўленне праціўніка на рубяжы Семернікі – Рымавічы. Упорнае супраціўленне ворага было зламана, і ў 20.00 выйшлі на рубеж Карлаўшчына – Семернікі – Драглёўцы. Распачаўся бой з праціўнікам за мястэчка Гальшаны. Усяго за дзень было вызвалена 58 населеных пунктаў. Сярод іх буйныя: Равы, Шальціны, Рымавічы, Маргі, Семернікі”.

Эдуард Сямёнавіч Корзун разам з вучнямі ў 1984 годзе вырашыў адшукаць ветэранаў 83-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Гальшан і навакольных вёсак. Ветэранам былі напісаны лісты з просьбай падзяліцца ўспамінамі. Многія адгукнуліся і расказалі маладому пакаленню пра падзеі тых складаных дзён. У школьным музеі захоўваюцца лісты ветэранаў з Масквы, Сімферопаля, Сызрані, Ленінграда і іншых гарадоў. Кожны ліст напоўнены балючымі ўспамінамі і светлай радасцю ад трыумфальнага завяршэння вайны. Міхаіл Савушкін таксама быў удзельнікам тых падзей. Ветэран адзначае: “Так, я прымаў удзел у баях каля вашай вёскі. 7 ліпеня распачаўся каля вашай вёскі бой. Ён быў надзвычай упартым. Немцы да апошняга абараняліся, аднак ужо вечарам мы іх пагналі і прасунуліся амаль на 10 км уперад. Я быў тройчы паранены, але ўвесь час вяртаўся ў сваю 83-ю дывізію. Яе ў той час называлі дзікай дывізіяй”.

Падзяліўся сваімі ўспамінамі і радавы А. Ваняшын: “Коратка аб баях за Гальшаны. Пасля прарыву моцнай абароны немцаў у раёне Оршы і выхаду войск баявыя дзеянні прынялі хуткацечны характар. Наша войска наступала вельмі хутка. Праціўнік быў настолькі маральна знішчаны, што толькі паспяваў уцякаць. Адзін за другім мільгацелі населеныя пункты Беларусі, якія без карты (нам так здавалася) і запомніць нельга. За суткі часам прасоўваліся на 30-35 км, сустракаючы слабае і нязначнае супраціўленне. А вось пад Гальшанамі, Ашмянамі, станцыяй Багданава немцы вырашылі даць сапраўдны бой. Справа ў тым, што ў гэтым раёне ў іх быў падрыхтаваны моцны абарончы рубеж, на які яны выставілі свежыя рэзервы. У іх ліку — дзве танкавыя дывізіі і значныя сілы артылерыі. Памятаю, як у пачатку ліпеня за некалькі кіламетраў да рубяжа Гальшаны – Ашмяны — станцыя Багданава мы сутыкнуліся з заслонамі ворага, які аказаў моцнае супраціўленне. Нашае хуткае перамяшчэнне, да якога ў той час мы ўжо прызвычаіліся, раптам спынілася ў выніку шквальнай танкавай атакі. Як было выяўлена пазней, у немцаў у гэтым раёне была добра абсталяваная сістэма апорных пунктаў, злучаная траншэямі. У засадах на перадавых пазіцыях стаялі замаскіраваныя бронетранспарцёры, танкі і самаходная зброя. Нашаму нешматлікаму саставу палкавых пушак было складана змагацца з такой магутнай агнявой сілай. 7 ліпеня былі сцягнуты ўсе сілы, падышла армейская артылерыя. Менавіта тады абарона ворага была разбурана. У начны час ішлі жорсткія баі за Гальшаны, Ашмяны, немцы чапляліся за кожны апорны пункт, але націск нашых падраздзяленняў быў бліскучым. Позняй ноччу байцы 83-й гвардзейскай стралковай дывізіі вызвалілі Гальшаны ад нямецкай нечысці”.

У журнале баявых дзеянняў 8 ліпеня 1944 года ёсць наступны запіс: “Зламаўшы супраціўленне праціўніка ў раёне Гальшан і іншых населеных пунктаў, часткі дывізіі прасунуліся на 30 км уперад і вызвалілі 69 населеных пунктаў. У тым ліку Валовікі, Падгаі, Доржы, Борці і Гальшаны”.

Фашысцкая навала была пераможана, а жыхары мястэчка змаглі паступова вярнуцца да нармальнага жыцця.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *