У музеі Навасёлкаўскай школы захоўваюцца звесткі аб ветэранах-земляках

Живая память Образование

78 год прайшло з той пары, як скончылася Вялікая Айчынная вайна, і час бязлітасна сцірае з памяці імёны пераможцаў. Вельмі важна зберагчы гэты пласт гісторыі для будучых пакаленняў – захаваць у кнігах і дакументальных хроніках, музейных экспазіцыях і мемарыялах, успамінах родных, пажоўклых здымках з сямейных альбомаў.

Памяць пра сваіх землякоў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – захоўвае школьны музей у Навасёлках. Падчас экскурсій юныя экскурсаводы заўсёды расказваюць пра людзей, якія прыбліжалі доўгачаканую перамогу, праяўлялі мужнасць і стойкасць у баях за вызваленне Радзімы ад фашысцкай навалы і якімі ганарацца аднавяскоўцы.

Па дадзеных кнігі-хронікі “Памяць” Ашмянскага раёна ў Навасёлкаўскім сельсавеце налічвалася 52 ветэраны. У музейнай экспазіцыі прадстаўлены звесткі пра траіх: Станіслава Браніслававіча Савіцкага, Міхаіла Іванавіча Жабінскага і Станіслава Юльянавіча Бралкоўскага.

Дадзеныя аб ветэранах падмацаваны здымкамі, якія перадалі ў музей Навасёлкаўскай школы родныя ветэранаў.

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна паважаныя людзі прыходзілі на школьныя мерапрыемствы, сустракаліся з вучнямі, прымалі ўдзел у мітынгах ля помніка загінуўшым землякам, які размяшчаецца зусім побач з будынкам школы, праз дарогу. Аднак сёння ў жывых застаўся толькі Станіслаў Бралкоўскі. Ураджэнец вёскі Навасёлкі трапіў на вайну ў васемнаццацігадовым узросце. Прымаў удзел у баях на рацэ Одэр падчас Вісла-Одэрскай стратэгічнай наступальнай аперацыі. Яго святочны пінжак упрыгожваюць медалі “За адвагу” і Жукава, ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейныя медалі. Больш за 50 год ён аддаў мірнай працы на карысць роднага калгаса.

Ураджэнца вёскі Цімахі Ашмянскага раёна Станіслава Савіцкага вайна застала на Смаргоншчыне. Вайну ён прайшоў радавым 48-га палка цяжкай артылерыі Войска польскага. Служыў пэўны час у Беластоку. Быў паранены і адпраўлены ў тыл.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейнымі медалямі. У пасляваенны час працаваў у калгасе.

Ветэран вайны і працы Міхаіл Жабінскі нарадзіўся ў сям’і каваля ў Цюмені. Перад вайной пераехаў з бацькамі ў вёску Ордзевічы, адкуль і быў прызваны ў войска. Пасля вайны працаваў жывёлаводам на ферме ў Куцавічах. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і шматлікімі ўзнагародамі за добрасумленную працу, з’яўляўся ўдарнікам камуністычнай працы і неаднаразовым пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва.

Расказваючы пра ветэранаў вайны, школьнікі-экскурсаводы абавязкова ўзгадваюць імя яшчэ аднаго свайго земляка – Браніслава Станіслававіча Беняшэвіча. У сілу свайго ўзросту (нарадзіўся ў 1932 годзе) ён не быў на вайне, аднак менавіта па яго праекце ў Навасёлках быў узведзены помнік воінам, загінуўшым у баях за Радзіму ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Браніслаў Станіслававіч усё сваё жыццё аддана працаваў на карысць мясцовага калгаса. Быў загадчыкам вытворчага ўчастка. Узгагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга” і “Знак Пашаны”.

Беняшэвіч Б.С. з вучнямі, 2005

Трагічныя старонкі ваенных падзей адыходзяць у нябыт. І толькі ад нас залежыць, сатруцца яны з нашай памяці бясследна ці захаваюцца на вякі – для будучых пакаленняў.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Здымкі з музея Навасёлкаўскай СШ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *