Рэпартаж з выставы “Паўночны вектар Гродзеншчыны”

Главное События

Больш як дзвесце гасцей з’ехалася ў Ашмяны на рэгіянальную выставу “Паўночны вектар Гродзеншчыны” і  Міжнародны эканамічны форум “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”. Сярод іх – кіраўнікі адміністрацыйных адзінак Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Славакіі, Германіі, дэпутаты беларускага парламента, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, кіраўніцтва вобласці і раёнаў Гродзеншчыны.

Тэатралізаваным пралогам “Скарбы роднага краю” пачынаюць урачыстасць работнікі культуры Ашмянскага раёна. Ад гасціннай ашмянскай зямлі яны ўручаюць хлеб-соль намесніку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандру Русанаву. Права падняць сцяг-сімвал выставы прадстаўляецца старшыні Ашмянскага райвыканкама Юрыю Адамчыку, Смаргонскага райвыканкама – Мечыславу Гою, першаму намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама Віктару Славінскаму.  Частку сімвалічнай чырвонай стужкі Юрый Адамчык перадае Мечыславу Гою, а гэта значыць, што ў наступным годзе прымаць  эканамічны форум Смаргонскаму раёну.

— Мы рады вітаць вас на нашай гасціннай зямлі, якая ўзяла на сябе ініцыятыву старту новага праекта, што аб’ядноўвае напрацоўкі ў эканамічнай сферы трох паўночных рэгіёнаў, — адзначае у сваім выступленні старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык. – Гэта вялікая адказнасць і адначасова гонар для ўсіх нас. Галоўная мэта выставы – наладжванне эканамічнага супрацоўніцтва. Нашы прапановы накіраваны на ўдзел замежнага капіталу ў рэальным сектары эканомікі, развіццё новых тэхналогій. Хочацца верыць, што форум будзе спрыяць нарошчванню беларускага экспарту, устанаўленню кааператыўных сувязей, а таксама стварэнню новых праектаў, якія будуць садзейнічаць прыцягненню замежнага капіталу.

Намеснік старшыні аблвыканкама  Аляксандр Русанаў  назваў  мерапрыемства, што праходзіць на Ашмяншчыне,  знамянальнай падзеяй. “Невыпадкова гасцей сустракае Ашмянскі край,- адзначыў  ён у сваім прывітальным слове. —  Ашмяны шмат стагоддзяў служаць духоўным цэнтрам не толькі для беларусаў, але і палякаў, і літоўцаў. Больш за семдзесят суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу прадставілі на выставе сваю  прадукцыю. Нам ёсць што прапанаваць адзін аднаму і ёсць чым ганарыцца. Прадукцыя многіх беларускіх прадпрыемстваў утрымлівае моцныя пазіцыі на сусветным рынку па сваёй якасці, дызайну, адпавядае лепшым стандартам і ўзорам. Форум дапаможа больш даведацца пра партнёраў-суседзяў і наладзіць прамыя, кааператыўныя, гандлёва-прамысловыя і іншыя кантакты.”

— Сёння ў Ашмяны на рэгіянальную выставу прыбылі прадстаўнікі пяці рэгіёнаў Літвы: Вільнюскага, Алітускага, Укмергскага, Шальчынінскага і Швянчонскага, — падкрэсліў  Надзвычайны і  Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын. —  Гэта цікавасць зразумела. Таваразварот Беларусі і Літвы складае 140 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Гродзенская вобласць тут бясспрэчны лідэр. Яна паказвае прыклад іншым абласцям краіны ў напрамку наладжвання гандлёвых сувязей паміж замежнымі краінамі. Зусім нядаўна прайшоў шосты эканамічны форум у Лідзе і Гродне, дзе мы таксама змаглі прадэманстраваць патэнцыял Гродзенскай вобласці. Ашмяншчына сёння мае дастатковыя  эканамічныя і культурныя магчымасці, якія будуць у поўнай меры  запатрабаваны суседнімі  краінамі.

Затым гасцям было прапанавана наведаць выставу “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, якая размясцілася не толькі ў фае Дома Саветаў, але і на спецыяльна адведзеных пляцоўках ад раённага Дома культуры да сквера на плошчы 17 Верасня. Як ужо было адзначана, больш сямідзесяці вытворцаў з трох раёнаў прапанавалі на выставе сваю прадукцыю. Дваццаць тры прадпрыемствы Ашмянскага раёна выставілі свае экспазіцыі. Вялікім асартыментам і прывабным пахам  прыцягвала ўвагу прадукцыя ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, Ашмяны “Сыраробны завод”, “Белкава”, райспажыўтаварыства. Шматлікія  паслугі, сярод якіх значнае месца займае пашыў спецвопраткі для прадпрыемстваў, пасцельнай і сталовай бялізны, падушак і коўдраў, прадэманстравала унітарнае прадпрыемства “Ашмяны-быт”. Больш тысячы элегантных і якасных касцюмаў  і сукенак штомесячна экспарціруе ў Расію прадпрыемства “Шикторг”. Працаўнікі льнозавода прывезлі на выставу не толькі льновалакно, але і льняныя вырабы Аршанскага льнокамбіната: ад сурвэтак да прывабных жаночых гарнітураў. ААТ “Будаўнік” прапанаваў гасцям  прадукцыю участкаў дрэваапрацоўкі  і жалезабетоных вырабаў. Свае паслугі прадэманстравалі раённы вузел электрычнай сувязі і аддзяленне Белаграпрамбанка. Вокны і дверы ПВХ прапанавалі тры ашмянскія вытворцы-канкурэнты: “ЕўраАлвіта”, “Туалсан” і “Тэхнапластсервіс”.  Шырокім асартыментам рознапланавай прадукцыі: металічныя кветачніцы, дэкаратыўная агароджа, воданагравальнікі, кантэйнеры для смецця,  жалезабетонныя вырабы —   заявілі аб сабе работнікі ААТ “Аграпрамтэхніка”. У выставе прынялі ўдзел таксама ААТ “Радыётэхніка”, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, дражджавы, торфабрыкетны  і гравійна-сартавальны заводы,  Гальшанскі крухмальны завод,  прыватныя прадпрыемствы “Ю энд Ю” і “Крукаў” і шэраг іншых.

Рады былі прапанаваць гасцям свае ноу-хау астравецкія і смаргонскія  вытворцы.  Астравецкі завод “Радыёдэталь”, напрыклад,  славіцца энергазберагальнымі  ліхтарамі вулічнага асвятлення, а “Смаргоньсілікатабетон” наладзіў вытворчасць і ўзвядзенне каркасных дамоў. Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання прапанаваў паліўныя брыкеты з адыходаў драўніны і рапсавай мукі. Жанчынам прыйшліся да спадобы посуд і сталовыя прыборы  з нержавеючай сталі смаргонскага “Белпрамсервісу”.

Вар варыўся ў “Горадзе майстроў”. Акрамя ашмянскіх, смаргонскіх і астравецкіх умельцаў, свае вырабы прывезлі  майстры з Вілейскага, Маладзечанскага, Валожынскага і Навагрудскага раёнаў.  Каўбойскія і саламяныя капелюшы, вытанчаныя карункі, рукавічкі і шкарпэткі  з воўны, люстры і  таршэры з дрэва, элегантныя дрэўцы з бісеру, вышываныя  і напісаныя маслам карціны, драўляны і гліняны посуд  мелі магчымасць набыць ашмянцы і госці свята. Больш трыццаці майстроў Ашмяншчыны прынялі удзел  у кірмашы: Лідзія Дзедушкевіч, Ядвіга Чаплінская, Галіна Селістроўская, Зінаіда Шульган, Валянціна Свірская, Ганна Ціхамірава, Сяргей Дунда, Анатоль Рудзік, Алена Будзько, Сяргей Жылік, Таццяна Казлоўская і іншыя. Яны не толькі прадэманстравалі сваё майстэрства, але і яшчэ раз пацвердзілі, якая багатая наша зямля на таленты.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы Муцянскай.

Фотарэпартаж глядзіце тут



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *