На Ашмянскай зямлі археолагі знайшлі фрагменты керамікі жалезнага веку

Культура

Хто б мог падумаць, што на тэрыторыі сучаснай Ашмяншчыны дзесьці ў 5-7 стагоддзях нашай эры жылі людзі. Атабарыліся яна на месцы сённяшняй вёскі, якую ведаюць нават не ўсе жыхары раёна, бо маленькія, у некалькі хат, Галіны Жупранскага сельсавета хаваюцца цяпер за лесам і густым травастоем, які ўжо і касіць няма каму. А калісьці тут нават працякала рачулка. Магчыма, у празрыстай сцюдзёнай вадзе вадзілася шмат рыбы, якую спажывалі нашы суродзічы. Дык вось, продкі нашы навучаліся тады здабываць жалеза і выраблялі з яго прылады працы і зброю, хадзілі на паляванне, абраблялі зямлю. Пагадзіцеся, уявіць гэта вельмі цяжка. Але так было на самой справе. Да такой высновы прыйшлі археолагі-навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук нашай рэспублікі падчас правядзення чарговага этапу даследаванняў у зоне будаўніцтва аўтадарогі Газа – Ашмяны, якая будзе абслугоўваць беларускую АЭС.

Супрацоўнікі інстытута на чале з загадчыкам аддзела археалогіі першабытнага грамадства, кандыдатам гістарычных навук Вадзімам Лакізам правялі даследаванні ў зоне самой пляцоўкі, адведзенай пад будаўніцтва атамнай станцыі ў Астравецкім раёне, а таксама па шляху ўзвядзення чыгункі і аўтамабільнай дарогі. Аднак праца над гэтымі аб’ектамі пачалася значна раней, з вывучэння пісьмовых крыніц, сярод якіх была вялікая колькасць архіўных дакументаў. Археолагі пабывалі на Астравеччыне і ў нашым раёне спачатку восенню, затым вясной. Было праведзена шурфаванне, якое дало падставу меркаваць аб багацейшай насычанасці культурнага пласта. Ужо тады на адным з хутароў каля Галін былі знойдзены элементы каштоўных археалагічных прадметаў, якія сведчылі аб знаходжанні тут селішча. Была састаўлена карта, на якой пазначана месца размяшчэння цэлага археалагічнага комплексу: гарадзішча, селішча і кургана.

У пачатку жніўня археолагі разам са студэнтамі БДУ і педуніверсітэта імя М.Танка прыбылі на месца раскопак. Па словах малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Зоі Харытановіч, надзеі на сур’ёзныя знаходкі былі і яны цалкам апраўдаліся. Калі мы разам з дырэктарам краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча Жаннай Івановай завіталі на хутар пад Галінамі, у паходнай лабараторыі ў зацені старога саду кіпела работа: студэнтка Марыля спецыяльным пэндзлікам спачатку ачышчала, а затым мыла фрагменты керамікі: чорныя элементы на вачах ператвараліся ў рэльефныя грубыя гліняныя чарапкі.

— У Беларусі знойдзена толькі адно селішча з такой керамікай, у Засвіры Мядзельскага раёна, а цяпер вось і ў Галінах, — адзначае Зоя Анатольеўна і з гонарам паказвае нам невялічкую спражку і два маленечкія праслічкі. – Яны з жалезнага веку, дзесьці з 5-7 стагоддзяў.

Ад такой інфармацыі перахапіла дух. Не паверылася сваім вачам. Як маглі гэтыя рэчы захавацца да нашага часу? Імі ж карысталіся нашы продкі! Археолаг паказала нам таксама невялічкі ключык, праўда, датуецца ён ужо пазнейшым, старажытнарускім перыядам. Тут жа і частачка баявой сякеры жалезнага веку, і элемент тачыльнага каменю, гладкага, адшліфаванага не толькі прадметамі заточкі, але і часам. Са шкадаваннем расказала Зоя Анатольеўна аб яшчэ адной знаходцы – гліняным гладышы, які аказаўся расціснутым, аднак археолаг не губляе надзеі сабраць асколкі ў адно цэлае, каб паказаць затым нам, якім посудам карысталіся гаспадыні ў 5 стагоддзі.

Разам з Зояй Харытановіч наведаліся на месца раскопу, дзе шчыраваў са студэнтамі загадчык музея гістарычнага факультэта БДУ Віталь Сідаровіч, і сталі сведкамі знаходак фрагментаў керамікі на чарговым развале.

Усе рэчы, знойдзеныя падчас раскопак, будуць затым перададзены ў наш краязнаўчы музей. Аб выніках археалагічнага даследавання на ашмянскай зямлі супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук раскажуць на чарговых міжнародных Гальшанскіх чытаннях.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Теги:

1 комментарий по теме “На Ашмянскай зямлі археолагі знайшлі фрагменты керамікі жалезнага веку

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *