18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У гэты дзень аматары гісторыі і культуры імкнуцца наведаць музейныя ўстановы, каб атрымаць новыя веды і з карысцю правесці вольны час. Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча не застаўся ў баку ад святкавання і падрыхтаваў для наведвальнікаў цікавую і займальную праграму. Вучні СШ №3 мелі ўнікальную магчымасць на некаторы час стаць сапраўднымі экскурсаводамі. У межах інтэрактыўнай экскурсіі “Экскурсавод наадварот” яны падрыхтавалі кароткія аповеды пра экспанаты, якія знаходзяцца ў фондах музея. З вялікім імпэтам і захапленнем яны апавядалі аднакласнікам пра экспанаты, адказвалі на дадатковыя пытанні. Акцыя дапамагла наблізіцца да музейнай справы, зразумець сутнасць гэтай працы. Магчыма, першы вопыт дапаможа камусьці з дзяцей у прафесійным самавызначэнні.
Квэст-гульня “Хто працуе ў музеі?” для вучняў пачатковай школы адкрыла шматлікія таямніцы. Дзеці вандравалі па музейных залах, знаёмячыся з разнастайнымі прафесіямі. Найбольшае ўражанне на дзяцей аказаў занятак-віктарына “38 папугаяў”, дзе ўдзельнікі не толькі адказвалі на заблытаныя пытанні, спраўляліся з незвычайнымі заданнямі, але яшчэ і знаёміліся з дзіўнымі птушкамі, якія зараз выстаўлены ў адной з залаў. Агляд птушак выклікаў цэлую палітру разнастайных эмоцый у дзяцей. Яны задавалі пытанні пра харчаванне папугаяў, догляд за імі, а пасля рабілі фотаздымкі з крылатымі гасцямі. Занятак дапамог зразумець, што музей сканцэнтраваны не толькі на гісторыі. Ён закранае розныя аспекты жыцця, знаёміць з новым і невядомым, пашырае веды пра знаёмыя рэчы.
Ва ўсе часы музей лічыўся месцам культуры, бо праз яго адбывалася выхаванне і духоўны рост асобы. Так ёсць і зараз. Супрацоўнікі музея падрыхтавалі незвычайнае мерапыемства для падлеткаў ад графіні Чапскай “Пра жыццё-быццё, балі і кіслую капусту”. У вытанчаным строі перад юнакамі і дзяўчатамі паўстала сама графіня. У простай і даходлівай форме яна расказала аб правілах этыкету, якія былі абавязковымі ў 19 стагоддзі. Падлеткі даведаліся аб тым, як апраналіся мужчыны і жанчыны ў той час. Графіня расказала моладзі і аб тым, пра што можна было гутарыць пры сустрэчы, за сталом, у гасцях. Другой часткай сустрэчы стала сумеснае чаяванне. Графіня Чапская нагадала правілы сервіроўкі стала. Чаяванне пачалося з кароткага аповеду пра тое, што было прынята ставіць на стол у 19 стагоддзі.
Скончыўся дзень інтэрактыўнай экскурсіяй па яўрэйскіх месцах нашага горада. Міжнародны дзень музеяў стаў сапраўдным святам гісторыі, культуры, этыкету і традыцый беларускага народа.
Марта БАГДАНОВІЧ.




