Час збіраць плёны

Марта Богданович

Восень – прыгожая пара. У гэты час рупныя гаспадары збіраюць ураджай. Іншай робіцца прырода. Паветра становіцца больш халодным, ночы – даўжэйшымі, а дрэвы і кусты набываюць іншае адценне. Многіх захапляе час змен. Паэты і пісьменнікі захапляюцца яркасцю і стракатасцю гэтай пары. Аднак ёсць і тыя, для каго яна з’яўляецца сапраўдным выпрабаваннем.

Не раз даводзілася чуць аб тым, што восень – пара дэпрэсіі. Будзільнік раніцай у гэты час становіцца асабліва навязлівым, дождж і лужыны – надакучлівымі, усё часцей падступаюць хваробы. Адсутнасць яркага сонца, якое было крыніцай святла і цяпла, выклікае асаблівы дыскамфорт. Многія асобы адчувальна і востра рэагуюць на такія змены. Зразумела, што апатычны стан уплывае на працаздольнасць, агульны настрой і самаадчуванне.

Пакуль яшчэ свеціць вераснёўскае сонейка, а дрэвы пакрывае ледзь прыкметная жаўцізна, магчыма знаходзіць у сабе рэсурсы для дзейнасці. З наступленнем кастрычніка-лістапада ўзровень энергіі ў многіх зніжаецца амаль да нуля.

Што рабіць у гэтай сітуацыі? Знайсці адназначны адказ на гэтае пытанне практычна немагчыма. Аднак спрабаваць шукаць выйсце ўсё ж патрэбна. Найбольшы дыскамфорт выклікае адсутнасць цяпла і сонца. Замяніць гэты каштоўны рэсурс, безумоўна, складана, аднак усё ж магчыма. Цяпло і энергію кожнаму з нас даюць, у першую чаргу, адносіны з блізкімі, роднымі, сябрамі і знаёмымі. Сустрэчы за кубачкам гарбаты ці кавы, прагляд фільма, размовы пра жыццё – усё гэта дапамагае хоць бы часткова аднавіць страчаныя рэсурсы.

Восень – гэта і час адпачынку. Працы на полі скончаны, ураджай звезены, поле спарадкавана, марынады занялі патрэбныя паліцы ў склепе. Гэта значыць, што з’явілася больш вольнага часу. Яго можна выкарыстаць рознымі спосабамі. Адным з найбольш дзейсных з’яўляецца чытанне мастацкай літаратуры. Разам з героямі любімага апавядання ці рамана можна адарвацца ад быту, здзейсніць завочнае падарожжа ў іншую краіну ці кантынент, адкрыць для сябе іншыя погляды на знаёмыя рэчы. Добрая літаратура – найлепшы лек ад восеньскай апатыі і млявасці. Аднак звяртацца лепш за ўсё да папяровага выдання. Шоргат старонак, вокладка і пераплёт ствараюць асаблівую атмасферу. Яшчэ адной крыніцай энергіі з’яўляюцца шпацыры. Восеньскім вечарам варта знайсці час на тое, каб прайсціся вулкамі роднага горада, вёскі ці аграгарадка, палюбавацца хараством малой радзімы, надыхацца паветрам, напоўніцца жыццядайнай энергіяй. Акрамя таго, гэта добры спосаб убачыць іншага чалавека – суседа ці суседку, знаёмага, якія, магчыма, таксама патрабуюць добрага слова, усмешкі, простай чалавечай цеплыні. Часам варта стаць для іншага чалавека “сонцам”, саграваючы яго маленькім клопатам.

Асенняя пара заклікае да сумеснай працы. Паграбіць лісты, прыбраць смецце – на першы погляд, простыя бытавыя рэчы. Аднак яны збліжаюць, даюць адчуванне запатрабаванасці працы. Але найбольш любімым заняткам для многіх  з’яўляецца сумеснае прыгатаванне страў. З тых дароў, якімі адарыла восень, можна зрабіць шмат любімых і забытых ласункаў. Яблычныя пірагі, запечаныя гарбузы, тушаная капуста займаюць пачэснае месца на стале.

Ёсць месца ў гэты час і для ціхага палявання. Восеньскі лес – гэта і псіхолаг, і сябар, і дарадца. Пад шапаченне галінак можна забыцца аб турботах і клопатах, адчуць радасць ад кожнай нечаканай знаходкі, заглыбіцца ва ўласныя думкі, якія часам заглушае шум і гоман штодзённых спраў.

Восень – пара мудрасці і пераацэнкі ўласных каштоўнасцей. Яна падштурхоўвае да дзейнасці: заклікае любіць мацней, клапаціцца больш, аналізаваць глыбей і проста быць побач з тымі, хто асабліва любы і патрэбны,

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *