Прастора камфорту

Марта Богданович

Падчас вучобы ва ўніверсітэце давялося праходзіць практыку ў дзіцячым летніку непадалёк ад Мінска. Нам з аднагрупніцамі выпаў атрад, у якім павінны былі быць выхаванцы 12-14 год. Гэта акалічнасць вельмі абрадавала – дзеці ўжо набылі пэўную самастойнасць, а значыць – знайсці да іх падыход будзе лягчэй. Перад заездам мы старанна рыхтавалі пакоі і атрадныя вугалкі. На наступны дзень дзятва засялілася ў пакоі. Хлопчыкі і дзяўчынкі адразу пачалі знаёміцца і ствараць вакол сябе ўтульнасць на наступныя некалькі тыдняў. І толькі адзін хлапчук ніяк не хацеў развітвацца з бацькамі. Ён моцна трымаў маму за руку. Тая ўгаворвала яго пайсці пазнаёміцца з суседзямі па пакоі, прагуляцца па тэрыторыі, але ўгаворы не прынеслі ніякага плёну. Хлопчык па-ранейшаму не адыходзіў ад мамы ні на крок, просячы забраць яго дадому. Калі бацькі сталі ад’язджаць, хлопчык яшчэ больш расхваляваўся. Бацькоўскі аўтамабіль ужо даўно схаваўся з поля зроку, а падлетак працягваў пазіраць у адпаведным накірунку, спадзеючыся на тое, што бацькі вернуцца. Аднак яго надзеі так і не спраўдзіліся. Зразумеўшы гэта, хлопец аб’явіў самы сапраўдны байкот – ён пабег у аддалены куток, сеў на лаву і папярэдзіў, што не зрушыцца з гэтага месца, пакуль бацькі яго не забяруць. Выхаваўчыя размовы і ўгаворы не дапамагалі. І нам нічога не заставалася, як толькі па чарзе “дзяжурыць” каля выхаванца. Падчас гутаркі хлопец расказаў, што за свае чатырнаццаць гадоў яму ўпершыню давядзецца начаваць па-за домам і знаходзіцца доўгі тэрмін без бацькоў. Гэта вельмі палохала падлетка. Праз колькі гадзін хлапчука ўсё ж атрымалася ўгаварыць пайсці ў лагер. А праз некалькі дзён ён успамінаў пра дом толькі тады, калі тэлефанавала мама. Атрадныя мерапрыемствы, дыскатэкі, экскурсіі настолькі захапілі ўвагу, што ўсё астатняе адышло на другі план.

У кожнага з нас ёсць свая прастора камфорту, парушыўшы якую мы адчуваем паніку, незадавальненне, страх. Акурат так, як гэты хлопчык. Складана пайсці на камп’ютарныя курсы, у аўташколу, запісацца ў трэнажорную залу або вакальную студыю, бо для гэтага трэба выйсці са звыклага распарадку. І тут можна знайсці безліч апраўданняў – не той узрост, недастаткова часу, адсутнасць натхнення. Гэты пералік можна весці бясконца. Зона камфорту – гэта ўтульны пакой са звыклым святлом, знаёмымі пахамі і гукамі. Там бяспечна, спакойна і прадказальна. Тут не патрэбна рызыкаваць, але і “расці” таксама не атрымаецца. Асоба застаецца ў звыклым коле, бо баіцца памыліцца, не хоча траціць сілы і энергію на справу, якая выклікае сумненні. Нездарма зону камфорту называюць цёплай клеткай з залатымі сценамі, месцам, дзе знікаюць намеры і планы. Чалавек гадамі ходзіць аднымі і тымі ж сцежкамі, гатуе аднолькавыя стравы, выконвае тыповыя дзеянні. З цягам часу жыццё становіцца аднастайным і прадказальным. Знікае момант навізны і нечаканасці. Бывае новы маршрут на працу, які падаецца даўжэйшым, дае магчымасць палюбавацца прыгажосцю прыроды, новае захапленне пашырае кола сяброў, адкрывае гарызонты для развіцця і самаўдасканалення. Жыццёвы, прафесійны і творчы рост немагчымы без пэўных высілкаў. Новыя ўменні і навыкі патрабуюць сіл і рызыкі. Адыходзячы ад звыклага, чалавек адмаўляецца ад уяўнай бяспекі, ілюзіі кантроля над уласным жыццём, ляноты, адкладзенага жыцця. Выхад з зоны камфорту – гэта не страта, а адкрыццё і пошук сябе сапраўднага, жывога, глыбокага.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *