У маі асаблівым чынам адчуваецца хараство прыроды, а горад выглядае надзвычай урачыста. Акуратныя клумбы з цюльпанамі не могуць не захапіць увагу гараджан і гасцей нашага
горада. Чысціня і ўтульнасць даўно сталі візітнай карткай нашай краіны. Госці, якія прыязджаюць у Беларусь, адразу адзначаюць высокі ўзровень ахайнасці грамадзян. З гэтым меркаваннем немагчыма не пагадзіцца. У нашай ментальнасці, здаецца, закладзена прага да парадку і чысціні. Гармонію і прыгажосць дбайныя гаспадары імкнуцца стварыць на прысядзібных тэрыторыях, у пад’ездах, на лецішчах. У кожным населеным пункце нашага раёна можна знайсці ўзорныя падворкі, дзе бачны руплівы гаспадарскі
падыход. Аднак, на жаль, сустракаюцца і адмоўныя прыклады.
Чарговы раз давялося наведаць знаёмых, якія жывуць у шматпавярховым доме. Зайшоўшы ў пад’езд, адразу адчула непрыемны пах. Праз хвіліну заўважыла вялізны мех смецця, які стаяў ля ліфта. Хтосьці з гаспадароў “не здолеў” данесці яго да кантэйнера. Пасля спытала ў знаёмай, што жыве тут, пра гэту сітуацыю. “Такая з’ява для нас з’яўляецца звыклай і пастаяннай. Нашы суседзі сочаць за парадкам і чысцінёй толькі ва ўласнай кватэры. Астатняе, як яны кажуць, мяжа адказнасці іншых,” — расказала знаёмая.
У лексіконе многіх замацаваліся два словы, якія ў корані адрозніваюцца адно ад другога, — “маё” і “наша”. Усё, што ўваходзіць у паняцце “маё”, ашчаджаецца. Людзі з такім поглядам на рэчы беражліва ставяцца да сваёй кухні, канапы, кватэры, бо ўсё гэта знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Слова “наша” ўспрымаецца зусім па-іншаму, таму ў пад’ездах і агульных калідорах здараюцца такія сітуацыі. “Наша” — значыць належыць не толькі мне. А паколькі не толькі мне, то заўсёды знойдзецца каму паклапаціцца пра стан пад’езда, калідора, лесвіцы. Менавіта гэта акалічнасць штурхае людзей пакідаць велізарныя мяхі ў ліфце, калідоры або выкідаць смецце праз фортку свайго аўтамабіля.
Падобныя сітуацыі здараюцца і ў прыватным сектары. У некаторых прыватных дамах жывуць адразу дзве або нават тры сям’і. Зразумела, што ў кожнай асобы свой узровень культуры і ахайнасці. Хтосьці на сваёй тэрыторыі наводзіць ідэальную чысціню, стараецца аздобіць падворак дэкаратыўнымі кустамі і кветкамі. Іншыя ж нават не спяшаюцца падмесці ля свайго ганка. Калі праходзіш міма такога дома, гэты кантраст адразу кідаецца ў вочы. Многія імкнуцца пабудаваць дыялог з суседзямі, прапануюць ім розныя варыянты вырашэння праблемы. Аднак часцей за ўсё людзям утульна ва ўласнай зоне камфорта. Яны прывыклі да такога жыццёвага ўкладу, таму не разумеюць патрабаванняў і просьбаў.
Шкада, што не кожны чалавек разумее, што мяжа адказнасці не заканчваецца, калі ты пераступіш парог сваёй кватэры або зачыніш браму. Нашы паркі, вуліцы, аўтобусныя прыпынкі таксама патрабуюць клопату і ашчадных адносін. Там, безумоўна, нельга рабіць тых рэчаў, якіх не рабіў бы ў сваім пакоі. Ніводзін нармальны чалавек не наносіў бы графіці на сцены свайго пакою, не кідаў бы смецця на падлогу, не выразаў бы нажом на мэблі нецэнзурных слоў. Вядома, што слова “дом” мае два сэнсы — шырокі і вузкі. У вузкім сэнсе дом — гэта ўласнае жытло, дзе жыве чалавек або цэлая сям’я. А ў шырокім сэнсе дом — гэта нашы гарады, вёскі і аграгарадкі, паркі, скверы, азёры. За ўсё гэта кожны з нас, як сапраўдны гаспадар, нясе адказнасць. Толькі дзякуючы адказным адносінам можна захаваць чысціню і парадак у нашым доме, горадзе, краіне.
Марта БАГДАНОВІЧ.
