Дабрыня як выклік

Марта Богданович

Калісьці са мной на адным курсе вучылася дзяўчына, якую ніхто ніколі не бачыў незадаволенай, злой, пакрыўджанай. На яе твары заўсёды была ўсмешка. Дзяўчына ўсміхалася выкладчыкам, аднакурснікам і нават тым людзям, з якімі асабіста не была знаёма. Камусьці такая ўсмешлівасць падабалася, і студэнтка атрымлівала цёплы позірк і добразычлівую ўсмешку ў адказ, а хтосьці ставіўся да яе варожа і насцярожана. Бытуе меркаванне, што людзі ўсміхаюцца толькі тады, калі ім нешта патрэбна ад чалавека.

Усмешку без прычыны таксама атаясамліваюць з псіхічнымі адхіленнямі і захворваннямі. Аднак гэта не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Асоба, унутры якой пануе спакой і гармонія, хоча дзяліцца лагодай і дабрынёй з тымі, хто побач. Калі шклянка напоўнена да берагоў, то вада рана ці позна выльецца вонкі. Тое самае і з дабрынёй. Яна выліваецца магутнай хваляй, робячы людзей шчаслівымі.

Калі асоба ўсміхаецца, то выглядае маладзей свайго сапраўднага ўзросту. З чалавекам, на твары якога ўсмешка, прасцей распачаць гутарку, наладзіць кантакт. Здаецца, ён сам запрашае да дыялогу. Усмешка зніжае ўзровень незадаволенасці і агрэсіі. У перапоўненым транспарце або ў бясконцай чарзе яна здымае напружанне і запускае “люстраны эфект” — наш мозг падае сігнал неабходнасці ўсміхнуцца ў адказ. І, нарэшце, асоба, якая ўсміхаецца, выглядае больш прывабна і гарманічна.

На сённяшні дзень многія людзі баяцца дабрыні. Усмешка, добрае слова, нечаканы падарунак — усё гэта часам успрымаецца як схаваны падвох. Людзі шукаюць прычыну такіх паводзін. “Што яму ад мяне трэба?” — гэта ўнутраннае пытанне часта становіцца адказам на акт дабрыні. Чалавек, які зрабіў падарунак, даўно забыў пра гэту падзею, а той, хто атрымаў, можа яшчэ доўга аналізаваць сітуацыю, шукаючы прычыны. Многія ўспрымаюць дабрыню як доўг. Калі штосьці падарылі, то абавязкова патрэбна “разлічыцца”. Баяцца дабрыні — гэта баяцца ўласнай слабасці і безабароннасці. Многія не могуць паверыць у бескарыслівасць, каб не расчаравацца, не быць падманутымі.

З дзяцінства бацькі вучаць дзяцей не давяраць незнаёмым людзям, не размаўляць з імі і не браць ад іх падарункаў. Такім чынам яны выконваюць свой абавязак, бо ў свеце ёсць шмат пагроз. Але часам дзеці не ўспрымаюць нюансаў, яны мысляць канкрэтна. Знешні свет становіцца пагрозай, чужы чалавек — ворагам, а падарунак — небяспекай. Гэты алгарытм пераносіцца і ў дарослае жыццё. Як з гэтым справіцца? Як пачаць успрымаць дабрыню як штосьці натуральнае? Для пачатку варта навучыцца прымаць. Калі калега або знаёмы частуе цукеркай, варта прыняць і падзякаваць, не шукаючы прычынна-выніковых сувязей. Дазволіць сабе дабрыню. Пачаць варта з дробязей — усміхнуцца афіцыянту ў кавярні, сказаць “дзякуй” кандуктару. А пасля паглядзець на рэакцыю людзей. Хутчэй за ўсё, людзі адкажуць таксама дабрынёй і шчырасцю.

Дабрыня — гэта адзіная валюта, якая ніколі не абясцэніцца, яна робіць багатымі таго, хто дае, і таго, хто прымае. Зразумела, што свет не стане ідэальным за адзін дзень. Аднак усмешка, добрае слова могуць стаць для кагосьці першай цаглінкай, дзякуючы якой разбурыцца сцяна недаверу да свету. Ланцужок дабрыні пачынаецца не з глабальных спраў, а з маленькіх шчырых учынкаў. Ужо сёння кожны можа падарыць кавалачак цеплыні і шчырасці іншаму чалавеку.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *