Мама, я ў трэндзе

Марта Богданович

Лета – любімая пара года дзятвы. У гэты час хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць адпачыць, перазагрузіцца пасля чарговага навучальнага года. З’яўляецца таксама вялікая колькасць вольнага часу, які кожны выкарыстоўвае па-рознаму. Пакуль адны спяшаюцца ў бібліятэку па кніжныя навінкі, глядзяць фільмы, адпачываюць у родзічаў ці ў школьным лагеры, іншыя аддаюць перавагу інтэрнэту, захапляючыся трэндамі. На вялікі жаль, TikTok і іншыя вядомыя пляцоўкі не заўсёды выхоўваюць дзяцей і моладзь у добрым накірунку. У многіх нават з’яўляецца так званая дафамінавая ломка – звычка да хуткіх эмоцый з сацыяльных сетак. Трэнды захапляюць, а часам і матывуюць паўтарыць штосьці падобнае самім. Дзеці і падлеткі “пакараюць” дахі шматпавярховікаў, выскокваюць з грамадскага транспарту, які рухаецца, выбягаюць на шашу перад аўтамабілем. У зводках навін можна знайсці шмат выпадкаў, калі ў выніку такіх “гульняў” былі атрыманы сур’ёзныя траўмы, якія часам нават прыводзілі да смерці.

Паўтарэнне трэндаў становіцца захапляльнай гульнёй і зусім не атаясамліваецца са страхам. Адчуванне рэальнасці моцна скажаецца і трансфармуецца.  Школьнікі адчуваюць сябе часткай гульні, а кожны новы трэнд – наступным узроўнем гэтай гульні. Паўстае лагічнае пытанне: навошта дзеці падвяргаюць жыццё рызыцы? А прычын тут часцей за ўсё некалькі. Галоўная прычына – запатрабаванасць у прызнанні. У падлеткавым узросце меркаванне аднагодкаў становіцца больш важным, чым меркаванне бацькоў. На нейкі момант цалкам знікае інстынкт самазахавання. Падлеткі бачаць, што іх аднагодкі атрымліваюць лайкі за рызыкоўны ўчынак, таму і самі імкнуцца да такой таннай папулярнасці. Другой сур’ёзнай прычынай з’яўляецца падлеткавая нясталасць. Тое, што для дарослага чалавека падаецца небяспечным, падлеткі часта ўспрымаюць як чарговую прыгоду. Такім нетрадыцыйным спосабам школьнікі могуць пазбягаць жыццёвай аднастайнасці і шукаць новых сэнсаў. Штодзённыя абавязкі і справы падаюцца бессэнсоўнымі, хочацца навізны, выбуху дафаміну і адрэналіну. А такія забавы якраз і закрываюць гэта патрабаванне. Аднак вельмі часта да такіх дзеянняў падштурхоўваюць непасрэдна сацыяльныя сеткі, якія маюць свае алгарытмы. Калі дзіця паглядзела адно экстрэмальнае відэа, то аўтаматычна яму будуць прапаноўвацца падобныя. Падлетак урэшце аказваецца ў асяроддзі, дзе рызыкоўныя дзеянні становяцца нормай. Удзел у рызыкоўных чэленджах і паўтарэнне трэндаў можа быць прыкметай сямейнай неблаганадзейнасці. Праз гэтыя дзеянні дзіця хоча прыцягнуць увагу бацькоў да сваёй асобы. Падлетак можа адчуваць сябе адзінокім, не мець жывога кантакта з блізкімі людзьмі, ён хоча быць заўважаным хоць бы такім нетрадыцыйным спосабам.

Што рабіць бацькам, якія заўважылі ў дзіцяці такія схільнасці? Большасць на гэтае пытанне адказвае проста: забраць тэлефон, абмежаваць свабоду і кантакты з аднагодкамі. На жаль, гэтыя меры не вырашаць праблему. Дзіця будзе актыўна пратэставаць супраць такіх дзеянняў, усё больш і больш аддаляючыся ад бацькоў. Варта замяніць небяспечныя забавы нечым іншым. Калі дзіцяці патрэбны вострыя адчуванні, то яму можна прапанаваць заняцца турызмам, пачаць катацца на ровары. Калі патрэбна прызнанне, ёсць магчымасць праявіць сябе ў выяўленчым мастацтве, музыцы, танцах. Вельмі важна, каб бацькі сталі сябрамі для сына ці дачкі. Цікавячыся жыццём дзіцяці, яны падкрэсліваюць яго важнасць. Немалаважным фактарам з’яўляецца і развіццё крытычнага мыслення. Варта навучыць дзіця задаваць сабе пытанні перад удзелам у рызыкоўных дзеяннях: “Навошта мне гэта? Што я атрымаю?”

У лічбавую эпоху складана адсачыць, чым займаецца дзіця на прасторах інтэрнэта. Падлеткі ўспрымаюць тэлефон як асабістую прастору. Яны актыўна хаваюць сваё онлайн-жыццё ад бацькоў. Згодна са статыстычнымі дадзенымі,  дзеці праводзяць каля 45 гадзін у тыдзень у інтэрнэце. І значная частка гэтага часу не кантралюецца дарослымі. Таму адзіным шляхам засцерагчы дзіця з’яўляецца пабудова даверу. Пры гэтай умове падлетак перад тым, як зрабіць непапраўнае, прыйдзе за парадай да бацькоў.

Тры месяцы канікул даюць вялікую прастору для развіцця, творчасці і самаўдасканалення. Варта дапамагчы дзіцяці рацыянальна, правільна і бяспечна выкарыстаць гэты час.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *