У снежні гарады і мястэчкі ператвараюцца ў сапраўдную казку: на вуліцах загараюцца лямпачкі, крамы і дамы ўпрыгожваюць гірляндамі, вітрыны ззяюць рознакаляровымі агеньчыкамі.
Атмасфера свята ахоплівае ўсіх — мы бачым, як жыццё напаўняецца чаканнем свят. Асабліва доўгачаканымі і любімымі з’яўляюцца Каляды.
Знешняя падрыхтоўка да іх вельмі важная і патрэбная: яна стварае адпаведны настрой, аб’ядноўвае людзей, дорыць радасць. Але разам з тым ёсць яшчэ адна, не менш істотная падрыхтоўка — духоўная. Бо сапраўдныя Каляды пачынаюцца ў сэрцы чалавека. Пост і малітва вучаць ачышчаць думкі, адмаўляцца ад лішняга, адкрываць душу для любові і дабра. І толькі калі знешняя падрыхтоўка спалучаецца з унутранай гармоніяй, свята становіцца сапраўдным — святам веры, надзеі і любові.
Некалькі дзён таму на вуліцы выпадкова пачула размову дзвюх знаёмых. У размове адна прызналася, што плануе захоўваць пост. Яе суразмоўца ўхваліла добры намер. А пасля першая жанчына дадала, што праз устрыманне ад тлустых страў збіраецца пазбавіцца лішняй вагі. Такая матывацыя мяне вельмі здзівіла.
Зразумела, што ў жаданні стаць больш статнай і прывабнай няма нічога дрэннага. Кожная жанчына марыць мець ідэальныя формы, быць спартыўнай і падцягнутай. Вось толькі назваць постам такое ўстрыманне складана. Пост — гэта духоўная падрыхтоўка, устрыманне дзеля малітвы і ўнутранай працы. Мэта дыеты — паляпшэнне здароўя, карэкцыя вагі, падтрымка фізічнай формы. Паміж гэтымі паняццямі нельга паставіць знак роўнасці.
Праваслаўныя і католікі распачалі перыяд Каляднага посту. Гэты час папярэднічае аднаму з галоўных хрысціянскіх свят — нараджэнню Хрыста. Калядны пост дапамагае адшукаць унутраную гармонію, пазбавіцца адмоўнага. Гэта час унутранай цішыні і спакою. Перыяд, у якім асоба адмаўляецца не толькі ад пэўных прадуктаў, празмерных забаў, але і ад злосці, незадаволенасці, зайздрасці і іншых хібаў, якія перашкаджаюць гарманічнаму развіццю.
Пост часта становіцца момантам пералому для чалавека. Менавіта ў гэты перыяд многія адчуваюць унутраную сілу адмовіцца ад шкодных звычак, у тым ліку ад п’янства. Адмова ад алкаголю падчас посту — гэта не толькі выкананне хрысціянскага правіла, але крок да асабістай свабоды. Калі чалавек адмаўляецца ад алкаголю ў пост, гэта сведчыць пра тое, што духоўная дысцыпліна здольная стаць апорай у барацьбе з залежнасцю. Чалавек адчувае магчымасць кіраваць сваімі слабасцямі і ставіць духоўнае вышэй за фізічнае.
Час посту дапамагае таксама іншымі вачыма паглядзець на сямейныя каштоўнасці. У штодзённай мітусні часам не хапае месца для самых родных і блізкіх людзей — бацькоў, дзяцей, сяброў. Добрае слова, усмешка, сумесны шпацыр — усё гэта збліжае, дапамагае адчуць вялікую каштоўнасць сям’і і падтрымкі, далучае да традыцыйных каштоўнасцей.
Кожнаму з нас час ад часу патрэбен перыяд цішыні, каб засяродзіцца на галоўных рэчах. Пост якраз і з’яўляецца такім перыядам. Адмаўляючыся ад лішняга, чалавек адкрывае сэрца для сапраўднай радасці, а святкаванне набывае глыбіню і сэнс.
Марта БАГДАНОВІЧ.
