Сам-насам з сабой

Марта Богданович

У летні час давялося наведаць сталіцу. Прыехаўшы ў Мінск, адразу вырашыла ўзяць таксі, каб патрапіць у пункт прызначэння. У хуткім часе пад’ехаў патрэбны аўтамабіль Кіроўца ветліва прывітаўся і спытаў, куды паедзем. Назвала неабходны адрас, і аўтамабіль, сарваўшыся з месца, паімчаў па шашы. Электрамабіль стаў набіраць хуткасць, ад якой мне на некаторы час стала млосна.

Хуткасць. Яна непарыўна звязана з нашым жыццём. Мы ўвесь час бяжым, спяшаемся хутчэй нечага дасягнуць, знаходзімся ў патоку інфармацыі. Такі тэмп жыцця стаў звыклым і зразумелым. Чалавек увесь час стараецца быць у цэнтры падзей, своечасова атрымаць адукацыю, набыць уласны дом ці кватэру, рэалізавацца ў розных накірунках. Гонячыся за рэчамі гэтага свету, ён часам забывае пра духоўныя аспекты. Усё менш часу застаецца на сям’ю, утульныя размовы з роднымі і блізкімі людзьмі, на кубачак кавы летнім вечарам. Ужо не так успрымаюцца змены пор года, узыходы сонца, лёгкія аблачынкі на небе. Пакрысе бытавыя справы і дынаміка гэтага свету закрываюць нам іншыя, глыбінныя рэчы, пусцее крыніца энергіі, змяншаецца душэўны запал.

Час ад часу кожнаму з нас патрэбна пабыць у адзіноце, каб аднавіць рэсурсы. Мабільны тэлефон, тэлевізар, вялікая колькасць сацыяльных кантактаў — гэтыя рэчы забіраюць душэўную раўнавагу. Адмовіўшыся ад іх на кароткі час, можна пабыць сам-насам з сабой, заглыбіцца ва ўласныя думкі і перажыванні, «перазагрузіцца».

Трэба спяшацца жыць. Гэтую думку можна ўспрымаць дваяка: з аднаго боку, яна прадугледжвае пастаяннае імкненне да мэты, дасягненне высокіх вынікаў, а з другога — увагу да блізкіх, размеранасць, цеплыню момантаў і сустрэч. Самыя надзейныя “інвестыцыі” ў рэчы, якія не псуюцца ад часу, не падвяргаюцца карозіі.

Час бяжыць хутка, забіраючы маладосць і пакідаючы светлыя ўспаміны. Пакрысе твар пакрываецца сеткай зморшчын, а валасы кранае сівізна. Рэчы трацяць сваю актуальнасць. А ўспаміны, эмоцыі і людзі назаўсёды застаюцца ў сэрцы. Пакуль ёсць душэўныя сілы і энергія, трэба спяшацца жыць. Прысвячаць час сяброўскім сустрэчам, цёплым размовам, чытанню любімай літаратуры. І на адзіноту, каб зазірнуць у сваё сэрца, пачуць сябе сапраўднага, свае думкі, жаданні, якія часам заглушае шум і гоман свету.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *