Валерыя Мігановіч, Дар’я Свірыда і Ірына Нагель. Адна дарога – тры лёсы

Общество

Усё пачынаецца са слова. Гэтую простую ісціну засвоілі студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Валерыя Мігановіч, Дар’я Свірыда і Ірына Нагель. Некалькі гадоў таму яны скончылі Барунскую школу, кожная – з залатым медалём. У адным з нумароў газеты за 2019 год расказвалася пра таленавітых і старанных  выпускніц, якія паступілі на філалагічны факультэт самай прэстыжнай навучальнай установы нашай краіны. Мы пацікавіліся, ці не пашкадавалі дзяўчаты аб зробленым выбары і што змянілася ў іх жыцці.

Пытанне аб выбары будучай прафесіі для дзяўчат не стаяла. Валерыя з пачатковых класаў штогод удзельнічала ў алімпіядзе па беларускай мове, дзе  паказвала высокія вынікі. Айчынныя аўтары захаплялі дзяўчыну, таму стос добрай літаратуры заўжды быў у яе пакоі. Змалку палюбіла роднае слова і Дар’я. Гэтаму паспрыяла тое, што выкладанне ў школе вялося на беларускай мове. Акрамя таго, з бацькамі, сябрамі і знаёмымі яна таксама  размаўляла па-беларуску. Ірыну захапіў прыклад класнага кіраўніка. Студэнтка зазначае, што Тарэса Станіславаўна Кузміцкая паўплывала на яе светапогляд, дапамагла выбраць правільны шлях.

Многае змянілася за гэты час у жыцці дзяўчат. Яны пераацанілі жыццёвыя каштоўнасці, вачыма дарослых людзей паглядзелі на свет. Студэнткі ўжо паспелі паспрабаваць свае сілы ў выкладанні, прайшлі педагагічную практыку.  Аднак цяжар абавязкаў не спалохаў дзяўчат.

Валерыя Мігановіч сумяшчае вучобу з практыкай. Яна працуе па спецыяльнасці. Праца ёй падабаецца, прыносіць асалоду і задавальненне. Маладая настаўніца не шкадуе, што некалькі гадоў таму зрабіла выбар на карысць беларускай мовы і педагогікі.

— Гэта мара дзяцінства – вучыцца ў самым прэстыжным універсітэце краіны. Мне заўсёды хацелася стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Гэта мара ішла са мной па жыцці заўсёды. Быў час, калі я задумвалася пра медыцыну і журналістыку, аднак імкненне вучыць і выхоўваць будучае пакаленне перамагло. З ранняга дзяцінства я ўпітвала мову. Праз матуліны песні і бабуліны казкі здолела яшчэ больш палюбіць роднае слова. У школе вынікова ўдзельнічала ў алімпіядах, конкурсах, творчых спаборніцтвах. Гэта таксама паўплывала на мой выбар.

Валерыя прымае актыўны ўдзел у жыцці факультэта, цікавіцца навукай, атрымлівае павышаную стыпендыю і марыць рэалізавацца ў прафесіі.

Прыемныя змены адбыліся і ў жыцці Дар’і Свірыды. Актыўная, энергічная, яна паспявае ўдзельнічаць у жыцці факультэта, займацца валанцёрскай дзейнасцю і вучыцца. А гэтым летам Даша выйшла замуж. Зараз яна прызвычайваецца да новай ролі маладой жонкі.  Дакладных планаў на будучыню студэнтка не будуе. Яна зазначае:

— Мой муж — ваенны, таму я асабліва не засяроджваюся на будучыні. Куды пакліча служба Андрэя, туды паеду і я. Пакуль ён нясе службу ў нашым раёне.

А Ірына Нагель разлічвае вярнуцца на Ашмяншчыну і тут распачаць прафесійны шлях. На яе погляд, кожны чалавек павінен вяртацца ў родны куток, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе яму далі першыя элементарныя веды і выхавалі годнай асобай. Аднак з вялікай павагай Ірына гаворыць і пра сваіх універсітэцкіх выкладчыкаў:

— На нашым факультэце працуюць таленавітыя выкладчыкі, у якіх ёсць чаму павучыцца. Калі патрэбна, яны прыходзяць на дапамогу, даюць парады, кансультуюць. Мы шмат чытаем, таму, напэўна, і змяняецца светапогляд кожнага студэнта. Кожны твор выхоўвае, вучыць чалавечнасці, шчырасці, зычлівасці. Літаратура — важны прадмет. Калі іншыя дысцыпліны даюць веды толькі ў пэўнай галіне, то літаратура цалкам змяняе асобу. Пра свой выбар я не пашкадавала. Спадзяюся, што і не пашкадую.

Хутка прабяжыць апошні год, разыдуцца сцяжынкі маладых педагогаў, аднак застануцца цёплыя ўспаміны пра час, праведзены разам.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *