З павагай да лесу: жаночы поспех у «нежаночай» справе

Культура

Лясное багацце нашай краіны здзіўляе і заварожвае. Беларускія лясы характарызуюцца незвычайнай разнастайнасцю. Трапіўшы ў гэта асаблівае царства, немагчыма адарваць вачэй ад той карціны, якая паўстае. Беларусь поўнасцю забяспечана ляснымі рэсурсамі і нават можа падзяліцца з суседзямі якаснай драўнінай. Усім зразумела, што сапраўднага поспеху можна дасягнуць толькі праз штодзённы клопат. Кожнае дрэўца патрабуе ўвагі і сталага догляду. Гэту “нябачную” працу выконваюць самаадданыя людзі, якія штодня працуюць на карысць лясной гаспадаркі нашай краіны. Дзень работнікаў лесу – важная нагода расказаць пра рупліўцаў, якія клапоцяцца аб нашых лясах.

Лясная галіна – справа зусім не жаночая. Так мяркуюць многія, бо для працы патрэбен стрыжань, высокая ступень адказнасці і самаадданасці. Аднак сустракаюцца ў лясной галіне і жаночыя твары.

На працягу некалькіх гадоў майстрам лясной гаспадаркі ў Гальшанскім лясніцтве працуе Вера Жаўнярук. З натхненнем яна расказвае пра свае штодзённыя абавязкі, тлумачыць незразумелыя тэрміны. У вачах спецыяліста бачны незвычайны запал і любоў да сваёй справы.

Лес – месца сілы для Веры Андрэеўны. Тут яна адпачывае душой, набіраецца моцы, адчувае гармонію і еднасць з прыродай. Лясныя сцежкі блізкія і знаёмыя ёй. З дзяцінства дзяўчыну вабілі прырода і лес. Кожнае дрэўца падавалася ёй незвычайна прыгожым і таямнічым. У выпускным класе замілаванне прыродай стала больш усвядомленым і моцным. Тады дзяўчына вырашыла, што сваё жыццё абавязкова звяжа з лясной гаспадаркай. У Полацкім дзяржаўным лясным каледжы было адкрыта многа новага, невядомага і цікавага. Лясная справа яшчэ больш захапіла спецыяліста.

Зараз, працуючы ў Гальшанскім лясніцтве, дзяўчына працягвае вучыцца ў старэйшых калег. Кожны імкнецца дапамагчы маладому майстру, даючы каштоўныя парады.

— Наша лясніцтва – адна вялікая сям’я. За час працы здараліся розныя сітуацыі. Аднак калегі ніколі не пакідалі мяне ў разгубленым стане. Яны прыходзілі на дапамогу. Я ведаю, што заўжды магу штосьці спытаць, звярнуцца за рэкамендацыяй, і ніхто мне ў гэтым не адмовіць. Калі скончылася вучоба, у галаве круцілася шмат думак: як мяне прымуць на новым месцы, ці спраўлюся я, а, можа, не ўсё будзе атрымлівацца. Аднак, прыехаўшы на сваё першае месца працы, я зразумела, што мяне не пакінуць адну. Ляснічы Віталій Браніслававіч Траццяк імкнуўся стварыць камфортныя ўмовы. Каштоўнай была падтрымка Дзяніса Вайцехавіча Загорскага, Таццяны Паўлаўны Цвіковіч, да якіх па розных пытаннях магу звярнуцца і зараз.

Нягледзячы на малады ўзрост, Вера ажыццяўляе кіраванне працай леснікоў, абходы якіх уваходзяць у яе ўчастак. Правядзенне інструктажаў па пытаннях лесакарыстання, ажыццяўленне кантролю за выкананнем абавязкаў працаўнікамі, правядзенне супрацьпажарных мера-прыемстваў – гэта толькі невялікі пералік абавязкаў, якія штодня выконвае спецыяліст. Вера зазначае, што шмат часу праводзіць на свежым паветры, на ўлонні прыроды. Сама не заўважаючы гэтага, яна захапляецца незвычайнымі краявідамі роднай Беларусі, яе лясным скарбам.

Нарадзілася дзяўчына на Пастаўшчы-не, якая славіцца сваім водным багаццем і прыгажосцю прыроды. Аднак Вера ўсім сэрцам палюбіла маляўнічыя Гальшаны. Незвычайная архітэктура і багатая гісторыя захапілі яе. Цёплымі летнімі вечарамі яна часта шпацыравала вузкімі вулкамі аграгарадка, любавалася прыгажосцю замка, недалёка ад якога, да слова, знаходзіцца лясніцтва. Прыгажосць і гармонія вясковых краявідаў аказалі ўздзеянне на дзяўчыну. З цягам часу Вера стала браць з сабой фотаапарат. Яна фатаграфавала вулкі са старасвецкімі будынкамі, прыроду, замкавыя вежы і жыхароў гасціннага мястэчка.

— Гальшаны – дзіўнае месца, авеянае легендамі і паданнямі. Прыехаўшы сюды, я пачала знаёміцца з яго гісторыяй, шмат чытала, глядзела старыя фотаздымкі. Гарадзішча, каталіцкі і праваслаўны храмы, забудова вуліц – усё было для мяне цікавым і незвычайным. Я шмат фатаграфавала, а пасля паказвала фотаздымкі родным і сябрам. Лічу, што мне вельмі пашчасціла адпрацоўваць менавіта тут.

Фатаграфіяй Вера займаецца дастаткова працяглы час. У яе аб’ектыў часта трапляюць прыгожыя беларускія краявіды: кветкавыя палі, вадаёмы, лясныя сцяжынкі. Дзякуючы працоўнай дзейнасці, знаходзяцца і цікавыя ракурсы для новых фотаздымкаў. Апынуўшыся па справах у лесе, малады майстар можа заўважыць незвычайнае дрэўца, кусцік або промні сонца, якія заблыталіся ў кронах дрэў. Калі пад рукой няма фотаапарата, то на дапамогу прыходзіць тэлефон.

Аднак не толькі пейзажы захапляюць дзяўчыну. Дастаткова часта яна фатаграфуе людзей:

— Кожны чалавек асаблівы і незвычайны. У кожнага – свой характар, манеры, звычкі. Задача фатографа – адлюстраваць асноўныя рысы характару праз фотаздымак. Я лічу, што фатаграфаваць людзей больш складана, чым пейзажы, архітэктуру. Трэба зразумець чалавека, убачыць свет яго захапленняў, натуру. Толькі тады здымак атрымаецца рэалістычным і зможа задаволіць. Фота павінна паказаць дасканаласць чалавека, яго асаблівую прыгажосць і непаўторнасць, а не ўвесці ў комплексы. Я часта фатаграфую сваіх сяброў, знаёмых і блізкіх. Людзі ведаюць пра маё захапленне, таму самі звяртаюцца да мяне, просяць зрабіць некалькі здымкаў. Звычайна я добра ведаю сваіх сяброў, іх пажаданні, таму здымаць іх для мяне не вельмі складана. Пасля я аналізую матэрыял, выдзяляю станоўчыя і адмоўныя моманты.

У дзесяцігадовым узросце Вера палюбіла фатаграфію. Спачатку ў яе аб’ектыў трапляла ўсё, што бачылася: кветкі, дрэвы, палі, вясковыя вулкі, лясныя сцяжынкі. Ужо ў той час лес прывабліваў яе. Аднак дзяўчына марыла звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Нечакана ў 11 класе ў яе рукі трапіла “Лясная газета”, на першай старонцы якой быў фотаздымак маладых спецыялістаў лясной гаспадаркі. Выява ўсмешлівых маладых людзей у навюткай форме аказала на яе ўплыў. Яна вырашыла паспрабаваць і свае сілы ў гэтай галіне. Зараз, адпрацаваўшы амаль два гады, Вера не шкадуе аб сваім выбары. Праца прыносіць ёй радасць і задавальненне, хоць сумяшчаць яе прыходзіцца з навучаннем у тэхналагічным універсітэце. Дзяўчына вырашыла не спыняцца і ўдасканальваць веды ў галіне лясной гаспадаркі. Актыўная, руплівая, яна штодня даказвае сабе і грамадству, што жанчыне падуладна ўсё. Нават лясная сфера.

Прыгожая і маляўнічая наша краіна. Яе прыроднае багацце не перастае здзіўляць і захапляць, але не менш каштоўныя і людзі, якія працуюць на карысць роднай Беларусі.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *