Алена Лоўчая. Ад медаліста да ўрача-спецыяліста

Общество

У адным з нумароў раённай газеты за 2016 год нашы чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца са школьніцай Аленай Лоўчай. Выдатніца, музыкантка, творчая і лірычная натура, яна пакарыла не адно сэрца. Валоданне музычнымі інструментамі і цудоўны голас дапамагалі ёй заваёўваць творчыя вяршыні, а грунтоўныя веды далі магчымасць атрымаць залаты медаль. У той час дзяўчына цікавілася хіміяй і біялогіяй, захаплялася мастацкай літаратурай, пісала вершы. З таго моманту прайшло шэсць год. Як змянілася яе жыццё? Чым зараз цікавіцца дзяўчына і пра што марыць? На гэтыя пытанні дасць адказ сама гераіня.

— Я заўсёды марыла дапамагаць людзям. З самага дзяцінства мяне вабіла медыцына. Прыкладам стала і матуля, якая з’яўляецца медыцынскім работнікам. Пытанне аб выбары будучай прафесіі для мяне не стаяла. Пасля заканчэння школы я накіравала дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Самым складаным быў, напэўна, першы курс. Тады мне прыйшлося навучыцца быць поўнасцю самастойнай і адказнай, прызвычаіцца кантраляваць свой час. Вучыцца мне падабалася. Пакрысе зацікавілі пытанні здаровага харчавання, фітнес, — расказвае Алена.

Дзяўчына зазначае, што ў яе добра атрымлівалася сумяшчаць вучобу ва ўніверсітэце з іншымі заняткамі і захапленнямі. Яна прымала актыўны ўдзел у жыцці факультэта, абараняла працы на навукова-практычных канферэнцыях, выконвала абавязкі старасты. Пытанні жаночага здароўя і прыгажосці заўсёды былі актуальнымі для Алены, таму, напэўна, яна і выбрала гінекалогію.

Ад здароўя кожнай канкрэтнай жанчыны залежыць наша будучыня, бо жанчына дае жыццё, працягвае род. На жаль, вельмі часта нашы жанчыны ставяцца абыякава да свайго здароўя, адкладаюць візіт да ўрача. З цягам часу захворванні прагрэсіруюць, могуць узнікнуць складаныя наступствы для здароўя, а часам — і для жыцця. Своечасовы зварот да спецыяліста дапаможа пазбегнуць многіх праблем.

Зусім нядаўна адбыўся выпускны, Алена атрымала доўгачаканы дыплом. Зараз у яе жыцці пачынаецца новы этап. Свой працоўны шлях урач пачынае ў адной з устаноў аховы здароўя горада Мінска.

— Збылася мая даўняя мара. Я стала ўрачом. Крок за крокам, пачынаючы з 11 класа, я ішла да сваёй мэты. Індывідуальныя заняткі, чытанне дадатковай літаратуры, пошук новай інфармацыі — усё гэта дапамагло мне стаць студэнткай, — адзначыла Алена. — Ва ўніверсітэце таксама патрэбна поўная самааддача, тут няма месца для ляноты і абыякавасці. Трэба шмат працаваць, дзесьці абмяжоўваць вольны час і ставіць на другі план неабавязковыя справы. За шэсць год здарылася многа розных падзей, якія паўплывалі на мой светапогляд, унутраны свет. Змяніліся жыццёвыя каштоўнасці і прыярытэты, іншым стала кола сяброў. На маю думку, гэта звязана са сталеннем. Чалавек з узростам змяняецца знешне, аднак унутры таксама адбываюцца пэўныя перамены. Зараз у мяне ёсць мэта. Я хачу стаць добрым спецыялістам, каб заўжды дапамагаць тым, каму гэта патрэбна.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *