Маршрут Перамогі зладжаны ў грамадскім транспарце Ашмян

Общество

Сумесную акцыю Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча і аўтамабільнага парка № 13 горада Ашмяны “Маршрут Перамогі” можна лічыць ужо традыцыйнай.

Упершыню перасоўная экспазіцыя, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны на Ашмяншчыне, з’явілася ў аўтобусе ў 2015 годзе. Сёлета выстава “Памятаем і ганарымся” праходзіць у нашым горадзе з 4 па 10 мая.

Адзначым, што аўтобус курсіруе па розных гарадскіх маршрутах, таму магчымасць здзейсніць падарожжа ў гісторыю ёсць у многіх ашмянцаў.

Салон аўтобуса ператварыўся ў выставачную залу. З партрэтаў на нас глядзяць славутыя лётчыкі Аляксандр Аўдзееў і Пётр Страленка, камандзіры партызанскіх брыгад Віктар Манохін і Васіль Чаркасаў, воіны-вызваліцелі Іван Воўчанка і Іван Шчарбіна і многія іншыя. Вялікая колькасць фотаздымкаў прысвечана ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія жылі ў нашым горадзе.

Працягам маршрута стала акцыя “Кветка Перамогі кожнаму”, якую зладзілі супрацоўнікі музея напярэдадні свята 9 Мая. Усе пасажыры атрымалі ў гэтыя дні бутаньерку з яблыневым цветам – сімвалам міру і росквіту. Непасрэднае дачыненне да свята адчуваў у гэтыя дні і вадзіцель: ён быў апрануты ў ваенную гімнасцёрку.

Кандуктар аўтапарка Вольга Пятровіч адзначыла, што пасажыры ацэньваюць гэты праект пазітыўна і з цікавасцю. Многія стараюцца знайсці на здымках знаёмыя твары, расказваюць пра сваіх родных і блізкіх, якія прайшлі дарогамі вайны.

Веданне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – магчымасць перасцерагчы нас ад новых крывавых узрушэнняў. Маршрут памяці стане яшчэ адной падставай задумацца аб каштоўнасці мірнага неба над галавой.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фото Светланы МУЦЯНСКОЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *