Імёны ў сэрцы і на абелісках. Ветэраны, якім споўнілася б сто гадоў

Общество

Восеньскім пагодным днём, якіх у гэтую пару бывае не так і шмат, накіравалася ў Карабы. Прычына была важнай: па кроплі збіраю матэрыял пра нашых землякоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У рэдкіх выпадках атрымліваецца зачапіцца за хісткую нітку сямейнай сувязі, якая выведзе ў рэшце рэшт на “кволыя” звесткі пра людзей, чые прозвішчы ўвекавечаны на помніках і абелісках у нашых населеных пунктах. Да іх мы прыходзім у святы і падчас маштабных акцый, ускладваем кветкі, схіляем у маўчанні галаву, чытаем выбітыя на граніце ці бетоне прозвішчы. Мы нават не ведаем іх імён – ініцыялы не дазваляюць нам гэтага зрабіць. Можа, нават у той час мы спрабуем уявіць, як гэтыя, у большасці сваёй маладыя, хлопцы і мужчыны ваявалі і дзе спачывае іх цела. Многія з іх прапалі без вестак. Ляжаць у чужой зямлі. Добра, калі ў магіле. Па-рознаму магло атрымацца на вайне.

Але толькі мы адыходзім ад мемарыялаў, як імёны сціраюцца, губляюцца ў віры штодзённых клопатаў і праблем. І не варта тут нікога вінаваціць. Адыходзяць у вечнасць і родныя тых, хто загінуў. За рэдкім выпадкам засталіся жывымі дзеці. Але ж не трэба забывацца, што ў большасці прызваных на вайну хлопцаў дзяцей наогул не было: пайшлі на фронт яны ў сярэднім у 20 – 24 гады, калі пра сям’ю яшчэ і не думаеш. А калі і былі прадаўжальнікі роду, то зусім малыя, якія проста не маглі памятаць бацьку.

У жыхаркі вёскі Карабы Леанілы Яфімаўны Місюкевіч (у дзявоцтве Снігірэвіч) прапаў у вайну без вестак брат Васіль. Скупая інфармацыя ў кнізе-хроніцы “Памяць” Ашмянскага раёна сведчыць аб тым, што ён нарадзіўся ў 1922 годзе. Радавы Снігірэвіч прапаў у маі 1945 года.

У вялікай сям’і Снігірэвіч нарадзілася дзесяцёра дзяцей, праўда, чацвёра з іх памерла ў маленстве. Васіль быў старэйшы. А вось Леаніла, малодшая, з’явілася на свет ажно ў 1943 годзе. Свайго брата памятаць яна не магла, бо на фронт той пайшоў праз год. Маці, Марыя Львоўна, часам успамінала, што Васіль любіў сваю сястрычку і гушкаў яе на руках. Напрыканцы 44-га прызвалі ў войска і брата Віктара. На фронт з сынамі пайшоў бацька – Яфім Рыгоравіч.

Калі Чырвоная Армія вызваляла Ашмяншчыну і гнала фашыстаў з нашай зямлі, частка хат у вялікіх на той час Карабах згарэла. Не пашчасціла і Снігірэвічам. Сям’я вымушана была туліцца ў хляве. Маці гарнула да сябе Марту, Ганну, Марыю разам з немаўлём Леанілай і сагравала сваім целам. Дрэнна спалася не толькі ад холаду, але і ад голаду: харчаваліся мерзлай бульбай, а вясной – маладой крапівой і шчаўем. Летам назапашвалі дарункі лесу. Разбівалі ўласныя агароды. Крыху лягчэй стала, калі пасля вайны вярнуліся з фронту бацька і Віктар. На іх плечы лягла адказнасць за ўзвядзенне ўласнага дома.

Памятае Леаніла сваю вучобу ў школе, у якую хадзіла практычна толькі ў цёплую пару, бо ні вопраткі, ні абутку не было. Пачатковую навуку дзяўчынка асіліла ў Карабах (тады амаль у кожнай вёсцы была пачатковая школа), а пасля вучылася ў семігодцы ў суседняй Каменцы. Пасля заняткаў дзеці ўпрагаліся ў работу па гаспадарцы. Віктар ажаніўся, дома засталіся адны жанчыны, якія станавіліся ўпоруч з бацькам у баразну і ішлі за плугам, а таксама разам з маці скублі пер’е з хатняй птушкі на падушкі, мылі бялізну, варылі ежу, ткалі і пралі, як дарослыя жанчыны.

Рана пайшла Леаніла на свой хлеб. Працавала рабочай на цагельным заводзе ў Загорніках, свінаркай у калгасе. Яе ўвішныя рукі былі патрэбны і на прадпрыемстве грамадскага харчавання. Сёння аб той працы нагадваюць хворыя суставы, якія ўжо не хочуць паддавацца аніякаму лячэнню.

Замуж Леаніла выйшла за хлопца з вёскі Чуркі. Працавіты і надзейны, Яўген адразу ж прыглянуўся маладой дзяўчыне. І Леаніла не прагадала. Хутка 60 год споўніцца, як у ладзе і згодзе яна жыве са сваім мужам. Яўген Іванавіч і на працы быў паважаным чалавекам, і сярод аднавяскоўцаў карыстаецца павагай, і дома ён спраўны гаспадар і клапатлівы муж і бацька. Ужо даўно вылецелі з бацькоўскага гнязда Алена і Іван, выраслі ўнукі Андрэй, Каця, Ягор і Даша. Ганарацца дзед з бабай двума праўнукамі.

Дачка Алена жыве ў Мінску, але часта наведваецца ў родныя Карабы. Многія хаты ў некалі вялікай вёсцы адзінока пазіраюць тут зараз пустымі вокнамі. Аджывае свой век вёска разам са сваімі пажылымі насельнікамі. Дзеці ў пошуках лепшага і лягчэйшага жыцця накіраваліся горад. Вось і сын Іван атрымаў кватэру ў Ашмянах. Апусцела вялікая хата, у адным канцы якой ён жыў з сям’ёй і якую дабудоўваў бацька, выхопліваючы рэдкія вольныя хвіліны ў працы трактарыстам мясцовага калгасу.

Толькі каты і сабака запаўняюць зараз двор Яўгена і Леанілы Місюкевіч. Ды кветкі, высаджаныя гаспадыняй, яркімі фарбамі радуюць вока вяскоўцаў з вясны ажно да позняй восені. Здароўя няма, каб трымаць гаспадарку, прызнаецца Леаніла Яфімаўна. Толькі агарод і крыху бульбы на сотках, якую дапамагаюць капаць дзеці з унукамі. Хаця Яўген Іванавіч у свае 83-ы яшчэ садзіцца на веласіпед, што падарылі дзеці, і накіроўваецца ў Гальшаны ў амбулаторыю ці за пакупкамі.

Місюкевічы шануюць сямейныя традыцыі. Збіраюцца разам у вялікія праваслаўныя святы. Абавязкова прыязджаюць дзеці на дні нараджэння бацькоў. Прыгожы торт ад родных абавязкова з’яўляецца на стале да сумеснай гадавіны сямейнага жыцця. Праз два гады Яўген Іванавіч і Леаніла Яфімаўна адзначаць ужо брыльянтавае вяселле.

Калі прыязджае радня, хата напаўняецца ўспамінамі. Вельмі шкадуе Леаніла Яфімаўна, што так і знайшоўся след брата Васіля. Маці спрабавала яго адшукаць: дасылала запыты ў арганізацыю Чырвонага Крыжа і ваенкамат, але звестак так не прыйшло. У гэтым годзе спаўняецца сто год з дня нараджэння брата. Яго імя жыве ў памяці сям’і, гэтак жа як імя Віктара, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, і бацькі Яфіма Рыгоравіча.

Гады забіраюць сваё, ператвараючы імёны ў памяць. І вельмі хочацца, каб яна была не толькі сямейнай, але і ўсёй нашай краіны. Імя Васіля Снегірэвіча занатавана ў гісторыка-дакументальнай хроніцы нашага раёна, але яго няма на помніку загінуўшым землякам у Гальшанах. Адсутнічае яго прозвішча на памятных манументах у Доргішках і Семерніках. Гэты прабел неабходна будзе выправіць. І разам з гэтым імем узгадаць яшчэ аднаго ўраджэнца вёскі Карабы – Аляксандра Захаравіча Трона, які прапаў без вестак у маі 1945 года.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара і з архіва сям’і Місюкевіч.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *