У Навасёлкаўскай сярэдняй школе дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная генацыду насельніцтва Беларусі

Образование

У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У ходзе папярэдняга следства дапытана амаль 15 тыс. чалавек, праведзена больш як 400 аглядаў месц здарэнняў. Устаноўлена, што ў гады нацысцкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі забіта не менш як 3 мільёны мірных грамадзян і ваеннапалонных, сагнана ў нямецкае рабства больш за 380 тысяч
чалавек, разбурана звыш 200 гарадоў, спалена не менш як 10215 сёл і вёсак.

Час няўмольны, і ўсё менш застаецца людзей, якія перажылі тую жудасную вайну. Сабраць і захаваць для наступных пакаленняў як мага больш звестак, фактаў, успамінаў, каб жыла памяць, — задача сённяшняга пакалення. Таму ва ўсіх установах адукацыі раёна на базе музеяў і музейных пакояў па ініцыятыве пракуратуры пачалі дзейнічаць экспазіцыі, якія прысвечаны генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Адна з такіх экспазіцый, у Навасёлкаўскай сярэдняй школе, створана яшчэ напрыканцы мінулага навучальнага года. Тут ужо на пастаяннай аснове праводзяцца экскурсіі для вучняў Навасёлкоўскай школы і гасцей. Пабывалі тут і вучні іншых устаноў адукацыі, напрыклад, Цудзенішскай сярэдняй школы.

Месца для экспазіцыі знайшлі ў невялічкай рэкрэацыі першага паверха — яна заўсёды адкрыта для цікаўных. І матэрыялаў тут шмат. Праз копіі фотаздымкаў і архіўных дакументаў ваеннага часу яскрава перададзена атмасфера той пары. Дзяўчаты-экскурсаводы, вучаніцы 10 і 9 класаў, Іаланта Аўсянік і Сняжана Болзан ужо амаль прафесійна праводзяць экскурсію па экспазіцыі, пачынаючы ад падзей ваеннага часу ў Ашмянскім раёне, паступова пашыраючы гарызонты да Гродзеншчыны і наогул Беларусі. Урочышчы Ройста, Углеева, Бартэлі — месцы масавых расстрэлаў яўрэяў на Ашмяншчыне, вёска Навасяды, дзе расстраляны мясцовыя жыхары цыганскай нацыянальнасці, масавыя расстрэлы інтэлігенцыі ў Гродне на форце № 2, спаленыя вескі Гродзеншчыны, забойствы дзяцей у лагеры смерці “Чырвоны бераг” — пра ўсё гэта можна даведацца, наведаўшы экспазіцыю Навасёлкаўскай школы.

Матырыялы для музейнай экспазіцыі збіралі ўсе разам: настаўнікі, дзеці, значную дапамогу аказалі супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея.

“Праца Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у межах угалоўнай справы па фактах генацыду працягваецца, выяўляюцца ўсё новыя і новыя факты злачынстваў нямецкіх акупантаў. Пра гэта нельга маўчаць. Каб падтрымліваць актуальнасць экспазіцыі, карысна чэрпаць інфармацыю з афіцыйнага сайта Генеральнай пракуратуры, дзе размяшчаюцца апошнія звесткі пра ход расследавання крымінальнай справы. Разам мы зможам захаваць гістарычную памяць, перадаць яе наступным пакаленням,” — адзначыла памочнік пракурора Ашмянскага раёна Алеся Мікалаеўна Леўшунова, якая наведала экспазіцыю школы.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *