Міхайлоўшчына — Юрацішкі. Дарогай сямейнай памяці

События

На заснежаным помніку загінулым землякам у Міхайлоўшчыне адзінаццаць прозвішчаў мясцовых жыхароў. Сярод іх — імя Івана Мікалаевіча Сцефаноўскага. Як сведчыць гісторыка-дакументальная хроніка Памяць. Ашмянскі раён” (стар. 445), Іван нарадзіўся ў 1925 годзе.

Падчас вайны пайшоў у партызаны. Загінуў 19 чэрвеня 1944 года. Пахаваны ў Юрацішках Іўеўскага раёна. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Славы. І гэта практычна ўсё, што засталося родным у памяць аб дзевятнаццацігадовым сыне і браце, жыццё якога так недарэчна, амаль перад самым вызваленнем нашага краю, абарвала вайна.

Партрэт

— Нас было ў бацькоў пяцёра, — успамінае Алена Мікалаеўна Данілевіч — малодшая з сям’і Сцефаноўскіх. — Усе мы нарадзіліся да вайны. Спачатку — Вера, затым Ваня, следам Надзя, Люба і ў 1938-м — я. Слаба памятаю той час, бо была зусім малой. Ванечка наш прыгожым быў хлопцам. Вось паглядзіце на партрэт. Тут яму сямнаццаць споўнілася.

Алена Мікалаеўна паказвае нам здымак брата ў драўлянай блакітнай раме, з якога глядзіць на нас зусім яшчэ хлопчык у “паўсукянковым” (слова нашай субяседніцы) касцюмчыку. Сёння цяжка ўявіць, што ён добраахвотнікам мог запісацца ў партызанскі атрад і разам з мужчынамі змагаўся з ворагам, набліжаючы доўгачаканую перамогу.

Партызан

— Аднаго разу да нас зайшоў сусед і паведаміў, што Ваню выклікае камандзір, — успамінае Алена Мікалаеўна. — Партызаны на той час размяшчаліся на хутары ў Міхаіла Данілевіча (той хаты зараз ужо няма). Не зважаючы на маміну забарону, Ваня пайшоў. На наступны дзень маці ўзяла ў рукі кіёчак і патупала да партызанаў, але вярнулася адна — сына ёй не аддалі. Больш мы брата не бачылі, хаця да нас даходзіла інфармацыя, што ён знаходзіцца ў атрадзе Аляксандрава, выконвае разам з таварышамі баявыя заданні ў Юрацішках і Бакштах.

Летам 1944 года Сцефаноўскім прыйшло паведамленне з ваенкамата, што Іван загінуў падчас мініравання чыгункі на станцыі Юрацішкі, па якой павінен быў ісці нямецкі састаў з боепрыпасамі. Паклаўшы міны пад рэйкі, хлопцы ва ўвесь рост кінуліся наўцёкі. Ахова іх згледзела і ўсіх перастраляла.

У тым паведамленні былі канкрэтна акрэслены каардынаты месца пахавання. Бацькі запрэглі каня і паехалі на ст. Юрацішкі. Ад мясцовых людзей яны даведаліся, што ў брацкай магіле на выгане, дзе месцічы пасвілі кароў, пакоіцца 25 чалавек. Спачатку было жаданне раскапаць тое месца, але мясцовыя адгаварылі. Мікалай Ільіч узяў сякеру і пілу, схадзіў у лес, выразаў некалькі жэрдак і слупкоў і абгарадзіў тое месца.

Алена Мікалаеўна ўспамінае, што сёстры насілі жалобу па брату да канца вайны, ні разу нават не схадзілі на вячоркі, а маці ніяк не магла сабе дараваць, што не ўгаварыла сына вярнуцца дамоў, рвала на сабе валасы і плакала дзень і ноч.

Жменька зямлі

Алена Мікалаеўна ўспамінае, што ў шасцідзясятыя гады неяк ездзіла на веласіпедзе ў Юрацішкі, калі ўжо быў устаноўлены помнік у цэнтры пасёлка. Як раз у той дзень ля брацкай магілы праводзіўся мітынг. Аднак дзяўчыну чакала расчараванне: сярод мноства прозвішчаў на гранітнай пліце яна не знайшла імя свайго брата. З таго месца яна ўзяла ў мяшэчак жменьку зямлі і прывезла да помніка ў Міхайлоўшчыне. У памяць аб мясцовых жыхарах манумент у выглядзе скульптуры воіна быў урачыста адкрыты 5 лістапада 1967 года.

Раней, калі яшчэ была школа, мерапрыемствы ў Дзень Перамогі праводзіліся тут пастаянна. Ушанаваць памяць аб воінах-земляках прыходзілі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі мясцовай улады, вяскоўцы. З часам святкаванне перамясцілася ў цэнтральныя сядзібы — да помнікаў у Доргішках і Гальшанах. Аднак і цяпер на 9 Мая і ў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Алена Мікалаеўна збірае ў сваім агародчыку букет і ідзе да помніка — ціха чытае на ім прозвішча Івана і яго стрыечных братоў і моліцца, каб над нашай Беларуссю заўсёды было мірнае неба і цяперашняе пакаленне не ведала навалы вайны.

Хутар

— Хрысцілі мяне Аленай, аднак называлі часцей Лёней, асабліва ў школе. Папулярнае на той час імя атрымалі і дзве мае стрыечныя сястры, таксама Сцефаноўскія, што стварала ў школе блытаніну. Вось настаўнікі і прыдумалі для нас розныя імёны — Лена, Лёня і Гэля, — якія захаваліся за намі і пасля заканчэння вучобы.

Пасля вайны ў Міхайлоўшчыне адкрылася сямігодка. Працягвала навучанне Алена ўжо ў Маркінятах. У дзясяты клас маці не пусціла, бо было далёка да школы — сям’я жыла на хутары. Да сярэдзіны 50-х хутарская сістэма была даволі папулярнай на Беларусі. Аднак у часы кіравання Хрушчова людзей пачалі перасяляць у вёскі. Рамантаваць страху ўласнай хаты, якая ў дажджлівае надворе ператваралася ў рэшата, не было сэнсу. І Алена пачала разам з маці Яўгеніяй Іванаўнай узводзіць дом у Міхайлоўшчыне.

Сямя

У гэтым “нешчаслівым” доме Алена Мікалаеўна затым жыла разам з мужам. Чаму нешчаслівым? Дачцэ Жэні было адзінаццаць, калі Пётр трапіў у аварыю ў цэнтры Гальшан. Нядоўга ён пацешыўся новым “Масквічом” — усяго чатыры месяцы. У 35 гадоў Алена стала ўдавой. Да працы ёй было не прывыкаць. З маленства дзяўчына ўмела і за плугам хадзіць, і любую жаночую справу рабіць — варыць есці, прасці, снаваць, ткаць, шыць. Калісьці бацька меў сем гектараў камяніцы. Абрабляць тую зямлю Мікалаю Ільічу дапамагалі дочкі. У 1948 годзе бацькі не стала, аднак даведзеную кожнай уласнай гаспадарцы норму трэба было выконваць — фуражнае зерне вазілі здаваць ажно на ст. Ашмяны. Зімою, калі сельгасработы прыпыняліся, жанчыны ткалі палатно, якое ішло і на бялізну, і на вопратку. Бацька зрабіў для сям’і схрон. Калі даходзілі чуткі, што падыходзяць немцы, сям’я начавала ў зямлянцы — спалі на разасланым сене. Аднойчы каля хутара немцы пачалі з партызанамі бойку, дык у хаце ад бэлек ажно шчэпкі ляцелі.

Калгас

У вайну і адразу пасля вызвалення Ашмянскага раёна на вёсцы быў голад. Летам маці варыла суп з лебяды, вымочвала замест гароху сіні лубін. А пасля адкрыліся магазіны. Каб купіць бохан хлеба на сям’ю, трэба было выстаяць у чарзе некалькі гадзін. Не прынеслі палёгкі сялянам і калгасы. Перыяд іх станаўлення быў складаным. У Міхайлоўшчыне дзейнічаў калгас “1 Мая” — адзін з першых у раёне.

— На адзін працадзень атрымлівалі сяляне сто грамаў зерня, а ў канцы года — тры рублі. Спачатку праўленнем калгаса была ўстаноўлена норма ў 150 выхадаў у год на чалавека, а пасля — 280, — успамінае Алена Данілевіч. — Разам з тым жылі мы дружна і весела — хадзілі на танцы, спявалі, наведваліся ў госці. Моладзь сустракалася на рынку ў Юрацішках. Ездзілі на цягніку за пакупкамі ў Мінск. Грошай не было, таму залазілі наверх — на вагон, а пасля 10 кіламетраў ішлі дахаты з Багданава пешшу.

Мір

Цяпер Алена Мікалаеўна ўжо амаль нікуды не ходзіць. Прадукты прывозіць з горада дачка Яўгенія ці добразычлівыя суседкі прыносяць. З гаспадаркі — толькі чатыры курыцы. Зараз спіцца дрэнна. Памяць увесь час вяртае ў мінулае. Успамінаецца нялёгкая праца ў калгасе і клопаты вакол дома, мясцовыя людзі, многія з якіх ужо адпачываюць на могілках.

— Цяпер можна жыць — усё ёсць у магазіне, і хлеб не сыры, як раней, над галавой мірнае неба, але ж здароўе падводзіць, — са шкадаваннем адзначае Алена Мікалаеўна. — Аднак цешыць тое, што нашы дзеці і ўнукі жывуць без вайны і часам і не здагадваюцца, якія пакуты выпалі на нашу долю.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *