Дарога без пашпарту не дарога?

Кажуць, што ў краіне-суседцы Расіі толькі дзве бяды – дарогі і дурні. Вось толькі кожны год мне падаецца, што праблема гэта не толькі расійская. Зімой і з нашымі дарогамі не ўсё ў парадку, а рамантыку ў заснежаных, замеценых дарогах знойдзе далёка не кожны.

Як заўсёды, мы ідзём у новы год з вялікім мяшком старых праблем. Так, Людміла, справа пойдзе аб дарогах. І, забягаючы наперад, скажу, што датычыцца гэта амаль што кожнага.

Кожную зіму са свайго заснежанага хутара немагчыма “выбрацца ў людзі”, як кажуць. Здавалася б, і паўкіламетра няма да галоўнай дарогі, а замяце так, што і пешшу цяжка прабрацца праз гурбы! Калі суседнія вёскі і галоўную дарогу ад снегу расчышчаюць, то, здаецца, аб хутары, які існуе некалькі соцень гадоў, не ведае ніхто, і, увогуле, “службовыя асобы” з поўнай адказнасцю і сур’ёзнасцю кажуць, што “дарога ваша не мае пашпарту і нідзе на ўліку не стаіць”. Звернешся ў службу “Адно акно” райвыканкама ці ў сельскі Савет, добра, калі адзін-два разы на зіму трактар збочыць, а далей што хочаце, тое і рабіце. Атрымліваецца, як і заўсёды, трэба браць у рукі рыдлёўкі і шуфлі ці проста пратоптваць сабе след да дарогі і шукаць транспарт, каб дабрацца да Гальшан. Вось толькі бацькі з кожным годам не маладзеюць і здароўя з кожным днём не дадаецца. А кожную зіму дамаўляцца з людзьмі і плаціць за кожны іх “візіт”, тэлефанаваць ці хадзіць у выканкам, прабачце, надакучыла.

Кожны зімовы марозны дзень нам з братам даводзілася пешшу ісці ў школу, а бацькам — на працу. Быў і такі выпадак. Некалькі гадоў таму, у студзені, я была дома на канікулах, бабулі стала дрэнна, мы выклікалі хуткую дапамогу. Калі на хутар машына даехала лёгка, то выехаць назад так хутка не ўдалося, пакуль з шуфлямі прабівалі дарогу, бабуля некалькі разоў страціла прытомнасць. Тады давезлі да бальніцы, паспелі… Не хочацца думаць нават, што магло б атрымацца, каб бабуля была адна на занесеным снегам хутары… Вось толькі такіх хутароў і вёсачак на карце раёна не адзін дзясятак. Спадзяюся, што ведалі нашыя ўлады, што тут жыве маці-гераіня, якая выгадавала чатырнаццаць дзяцей.

Многія кажуць: «Каго хвалююць вашы праблемы? Бярыце ў рукі шуфлі і будзе вам дарога». Дык і хапаем, пакуль расчысцім сцежкі ад дома і да гаспадарчых пабудоў, да дарогі чарга не дойдзе і да наступнай завірухі. Вось так і жывецца зімой, ад завірухі да завірухі, і думаецца, як заўтра на працу дабірацца – пешшу сем кіламетраў марозам ці ў цёплым аўто…

Кацярына РУДЗІК

Все блоги автора : 

В ответе за тех, кого …

Кропля цудаў у акіяне надзеі

Доўгая дарога дадому

Гэтага не знойдзеш у фільмах

Першы раз у “першы клас”?

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля