Доўгая дарога дадому

Мы падарожнічаем з першага дня свайго жыцця… Праз горы і высокія масты, якія раскінуліся над празрыстай марской гладдзю, праз брод маленькай рачулкі і па вялікіх хвалях акіяна, праз пухнатыя аблокі, праз уласны гонар і шматлікія забабоны. На свой страх і рызыку, як кажуць, у новую краіну, у новы горад, у новы дом… У новае сэрца і душу.

Мой сябра Максім — звычайны інжынер у будаўнічай кампаніі — аб’ездзіў ужо шаснаццаць краін. Гэты дзівак (як кажуць многія) на працягу года адмаўляе сабе нават у дробязях, апранаецца ў сэкандзе ці чакае сезонныя распродажы ў гандлёвых цэнтрах, абедае  супам у сталоўцы трамвайнага дэпо, што месціцца побач. Купляе рэчы ў магазіне аднаго кошту, а на прадуктах, якія ён выбірае, красуецца паметка «акцыя». Мой добры знаёмы носіць дэмісезонныя боты і куртку, адзін і той жа зацёрты да дзір заплечнік. Ён не п’е амерыкана з цірамісу ў кавярні, не ходзіць у рэстараны і кіно, не ездзіць на маршрутцы і таксі, калі можна прайсці пешшу. Дарэчы, круціць колы веласіпеда ён здольны нават зімой! Максім загадзя рыхтуецца да падарожжа, якое можа дазволіць сабе раз на год. З кожнага невялічкага заробку адкладвае грошы, чытае пра краіну, адпачынак у якой запланаваў. Знаходзіць незвычайныя месцы ў новым горадзе, знаёміцца з людзьмі, у якіх плануе гасціць бясплатна. Беларускія рублі Макс мяняе на еўра, ены, дынары, кроны і лары… У незнаёмую краіну сябра адпраўляецца цалкам «падкаваны» — ведае традыцыі, словы гімна і колеры сцяга. «Добразычліўцы» яму кажуць, што нерацыянальна так марнаваць грошы, за якія можна зрабіць у кватэры невялічкі рамонт ці купіць круты смартфон. А ён не звяртае на іх увагі і цытуе класіка, які гаварыў, што часам адзін дзень, праведзены ў новым месцы, дае больш, чым дзесяць гадоў жыцця дома.

Вось толькі для адных падарожжа — гэта стрэс, пачынаючы ад незразумелай мовы, новага рытму жыцця, густаў і звычаяў, а для другіх — гэта зусім іншая рэальнасць. Перазагрузка і напаўненне новым сонцам, новымі хвалямі і новымі сіламі. Магчымасць адзначыць свята фарбаў Холі ў індыйскай правінцыі, прыняць удзел у касцюміраваным шэсці на карнавалах у Венецыі і Рыа-дэ-Жанэйра, захапіцца святам ліхтароў у Кітаі і фестывалем сонца ў Перу…

Для мяне падарожжа — гэта нешта чароўнае. Няхай гэта падарожжа на цягніку, палёт на самалёце ці проста паездка за горад на аўтобусе. Што можа быць лепш, чым сесці каля акна, уключыць любімую музыку і думаць, гледзячы, як зліваюцца ў адну вялікую пляму дрэвы. Або сесці вялікай кампаніяй, іграць на гітары і спяваць песні; глядзець у акно ілюмінатара, накрыўшыся пледам, пралятаючы ноччу над Атлантычным акіянам, паволі засынаць. Можна проста сесці ў цягнік, пазнаёміцца з суседзямі па купэ ці плацкарце, гуляць у карты і смяяцца ад душы. Усё роўна, дзе мы едзем, куды і з кім. Падарожнічаць — гэта, дакладна, нешта вельмі прыгожае…

І нарэшце, у кожнага сваё прадстаўленне аб ідэальным падарожжы. Хтосьці аддае перавагу павольнаму адпачынку каля празрыстых марскіх хваль, а хтосьці плануе заняцца сёрфінгам ці падняцца на некалькі дзён у горы. Адныя любуюцца пірамідамі Гізы ў Егіпце і Вялікім каньёнам у штаце Арызона, а другія — важкімі галінкамі яблыкаў і кустамі буйных малін на лецішчы. Атрымоўваецца, падарожнічаць можна на поўнач і поўдзень, на ўсход і захад… Па родным горадзе, па краіне і папярок вялікай планеты. І ўсё роўна, куды мы накіроўваемся: у блакітны горад Шавэн ў Марока або да зарослай хмызняком сажалкі ў вёсцы. Галоўнае — насустрач сабе, а не назад.

Дарога… Напэўна, гэта лепшы сродак ад стомы, суму і дрэннага настрою. Калі б я была ўрачом, то, напэўна, у рэцэпце пісала б так: «пацыенту патрабуецца 1000 кіламетраў дарог». Напэўна, камусьці б хапіла дзесяці, ста або, можа быць, пяцісот кіламетраў. Вось гэтай  дзяўчыне хапіла б усяго шасці кіламетраў прагулкі на веласіпедзе па прасёлкавай сцежцы або вузкай палосцы лясной дарогі …

А ў асабліва цяжкіх выпадках я б выпісвала «двайную дозу грузінскіх гор» і дадавала б «прымаць па адным-два паходы за лета». Думаю, што такія рэцэпты маглі б вылечыць, зрабіць шчаслівымі дзясяткі людзей, умацаваць і памножыць любоў і цяпло, якога час ад часу так не хапае. Тым жа, хто мае вострую патрэбу ў дабрыні, радасці і спагадлівасці, я б смела прапісвала «шумныя бірузовыя хвалі Атлантычнага акіяна або бурштынавыя пляжы Балтыйскага мора» як комплекс вітамінаў на некалькі тыдняў.

З кожнага падарожжа мы вяртаемся з новым вопытам, думкамі і эмоцыямі. Але дзе б мы ні былі, галоўным лякарствам заўсёды была і будзе доўгая дарога дадому, дзе заўсёды любяць і чакаюць. Нават тады, калі ты проста пайшоў у магазін за духмяным хлебам.

Кацярына РУДЗІК.

Все блоги автора : 

Першы раз у “першы клас”?

В ответе за тех, кого …

Гэтага не знойдзеш у фільмах

 

Стоит почитать:

Доўгая дарога дадому: 1 комментарий

  • 31.08.2018 в 19:25
    Permalink

    Люблю читать ваши материалы, особенно на белорусском языке. спасибо вам Екатерина за ваше творчество!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *