Гэтага не знойдзеш у фільмах

Точка зрения

LtKtnkTcJtoКалі я сяджу ў зале чакання аўтобуснага вакзала ці аэрапорта, адкуль пачынаецца цудоўная дарога ў свет, то заўсёды задумваюся над тым, што я атрымаю ад гэтага падарожжа. Калі дзесьці ўдалечыні застаюцца маленькія агеньчыкі вокнаў і ліхтароў свайго мястэчка, я думаю і ўяўляю, што ўбачу ў новым незнаёмым горадзе. Можа, такія ж яркія агеньчыкі за шклом, але людзей з іншым поглядам на свет!?

Аднойчы такі шлях прывёў мяне ў невялічкае мястэчка недалёка ад Варшавы. Погляд адразу прыцягнулі дагледжаныя дворыкі, аксамітны зялёны дыван, яркія суквецці на верандзе, сапраўдныя дзіцячыя хаткі на дрэвах і арэлі, якія чакалі сваіх маленькіх гаспадароў. Каля некаторых дамоў у садзе ляжалі чырвоныя яблыкі, а дзесьці на верандзе стаяла старое вялікае крэсла, на якім нехта пакінуў цёплы плед, адкрытую кнігу і акуляры. Здавалася, я адкрыла скрыню, у якой ляжала мноства паштовак з прыгожымі відамі…

«Трымаючы» ў руках незвычайныя паштоўкі, я падумала аб тым, што наш свет такі неабдымны, а ў гэтым куточку людзі жывуць так, як мы звычайна бачым у фільмах. Суседзі запрашаюць суседзяў на барбекю, і яны вячэраюць у сваіх невялікіх альтанках. А ўвечары запальваюцца дзясяткі маленькіх лямпачак, асвятляючы двор, дзе людзі ў цёплых кашулях п’юць віно і разразаюць на невялічкія кавалкі духмяны пірог.

Мне часта кажуць, што ў жыцці не бывае так, як у кіно. А мне здаецца, што гэта няпраўда! Я ж бачыла старыя драўляныя лодкі, якія пагойдваліся на ідэальна гладкім возеры побач з домам, накрытым чырвонай дахоўкай. Я блукала па брукаванай дарожцы вакол старой сядзібы, назірала за тым, як у яго садку пажылая пара гуляе ў гольф. Мабыць, у мужчыны гэта атрымлівалася лепш, але ён нешта цярпліва тлумачыў увесь час жанчыне, паказваючы на лунку. Я сядзела ў драўлянай альтанцы, якая стаіць прама ў сярэдзіне возера, ахінуўшыся ў плед, піла каву і адчувала, што са мной адбываецца ў гэты момант нешта важнае і цудоўнае.

Калі ты адзін у чужым горадзе, ты як быццам раскрываешся і застаешся з самім сабой такі, які ёсць. Тут адказы прыходзяць хутчэй, чым ты паспяваеш задаваць сабе пытанні. І нішто не можа адцягнуць увагу ці даць надзею, якая сябе не апраўдае. І там, седзячы на лаўцы, з якой сыпалася белая фарба, я знайшла адказ на пытанне «Што даюць нам падарожжы?». Яны даюць нам саміх сябе. Сапраўдных. І веру, што свет сапраўды можа быць такім, якім яго паказваюць у кіно. Проста мы не заўсёды выбіраем у гэта верыць.

Зараз я сяджу на невялічкім пагорку, які знаходзіцца непадалёк ад былога замка Сапегаў у Гальшанах, назіраю за аўто, якія збочваюць у бок страчанай спадчыны, за людзьмі, якія, узброіўшыся фотаапаратамі, праходзяць паблізу, і думаю, што наша мястэчка можа быць нічым не горшым за тую вёсачку каля Варшавы. У нас ёсць іншыя цікавыя, адметныя дэталі і свой уклад жыцця, які мы дзесяцігоддзямі будуем самі. Шкада, што гэтага ніхто не адлюстроўваў у старых, добрых фільмах. Аўтэнтычнаму мястэчку, напоўненаму незвычайнымі паданнямі і легендамі, варта быць сюжэтам для добрай кінастужкі.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *