Першы раз у “першы клас”?

Культура Точка зрения

Перш, чым вы пачняце чытаць гэты артыкул, адкажыце на некалькі пытанняў: “Ці размаўляеце вы на беларускай мове?”, “Ці хочаце, каб вашы дзеці вучыліся ў беларускамоўным асяродку?”. Калі вы двойчы адказалі станоўча, то пытанняў да вас, як кажуць, няма. Калі ў вас узніклі сумненні, то давайце разбірацца.

Школьнікі сёння вывучаюць тры мовы – рускую, беларускую і замежную. Але часцей за ўсё беларуская мова даецца не так лёгка, як тая ж англійская ці нямецкая. Чаму так адбываецца!? Напэўна таму, што мы не размаўляем на роднай мове, не глядзім беларускае тэлебачанне, а калі выходзім на вуліцу, то чуем толькі рускія словазлучэнні і сказы… Дзеці, а тым больш іх бацькі не разумеюць, навошта трэба “непатрэбная мова”.

Зараз толькі ў дзвюх гарадскіх школах дзейнічаюць беларускамоўныя класы. У СШ №2 пятнаццаць вучняў наведвае чацвёрты клас, у СШ №3 – 13 і 16 дзяцей вучацца ў трэцім і чацвёртым класах. У вясковых школах і школе-інтэрнаце навучанне традыцыйна вядзецца на беларускай мове. У дзіцячых садках таксама ёсць беларускамоўныя групы, а кожную пятніцу маленькія выхаванцы размаўляюць па-беларуску. Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Ганна Амбражэвіч адзначае, што беларуская мова хоць і не з’яўляецца мовай зносін сярод школьнікаў і настаўнікаў, усё ж не прыйшла ў занядбанне — на мове праходзіць мноства мерапрыемстваў і канцэртаў, арганізоўваюцца дні мовы, а некаторыя старшакласнікі паглыблена вывучаюць гэты прадмет пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Вось толькі колькасць гадзін беларускай мовы ў тыдзень паступова скарачаецца з трох да адной. Так, калі ў пятым класе дзеці займаліся мовай па тры гадзіны, то ў дзясятым і адзінаццатым – толькі адну.

Пасля пачатковых класаў вучні гарадскіх школ пераходзяць на рускамоўнае навучанне. Ва ўпраўленні адукацыі адзначаюць, што гэта рашэнне бацькоў. Яны ўпэўнены, што дзецям надалей беларуская мова не спатрэбіцца, тым больш,  што навучанне ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі праходзіць на рускай мове. Але, дзеля справядлівасці, адзначым, што выпускнікі беларускамоўных сельскіх школ з гэтымі “моўнымі цяжкасцямі” спраўляюцца на дзесяць балаў.

На думку Ганны Амбражэвіч, у моўнай праблеме некалькі прычын, але вінаваціць у гэтым толькі школу нельга, таму што вялікую ролю мае пазіцыя сям’і ў навучанні і выхаванні дзіцяці. Ні для каго не сакрэт, што ад цеснай сувязі сям’і і школы залежыць поспех у навучанні і выхаванні дзяцей, поспехі ў рабоце настаўніка і  вучобе вучняў. Дзеці чуюць беларускую мову ў класе, дома — размаўляюць па-беларуску і тым самым папаўняюць свой слоўнікавы запас і развіваюць вуснае маўленне.

Упраўленне адукацыі зацікаўлена ў стварэнні беларускамоўных класаў. Падручнікі на беларускай мове існуюць, і іх не трэба пісаць ці прадумваць новую праграму. Але, калі камплекты падручнікаў даставіць можна, то трэба разумець, што такія “камплекты” кваліфікаваных настаўнікаў, якія аднолькава валодаюць сваім прадметам на беларускай і рускай мовах, трэба рыхтаваць.

— Мы хочам вучыць дзяцей на беларускай мове, мы бачым неабходнасць таго, каб мова развівалася і атрымлівала месца ў жыцці маленькіх і дарослых ашмянцаў, — адзначае Ганна Іосіфаўна. – Канешне ж, гэта не толькі задача бацькоў і настаўнікаў, але і дзяржавы.

Адкрыццё беларускамоўных класаў у гарадскіх школах – патрэбная справа. Гэта пераконвае ўсіх, што беларуская мова не толькі для вяскоўцаў і што ў горадзе не сорамна на ёй размаўляць. На вуліцах, у грамадскім транспарце мы ўсё часцей сустракаем людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Важна, што школы ўносяць уклад у развіццё роднай беларускай мовы, але ці дастаткова чатырох гадоў навучання?! На жаль, гэта пытанне мы змушаны пакінуць адкрытым. Але, вырашаць вам, пойдзе ваша дзіця ў “першы клас” або “в первый класс”!

Кацярына РУДЗІК.

Все блоги автора : 

В ответе за тех, кого …

Гэтага не знойдзеш у фільмах



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *