Кропля цудаў у акіяне надзеі

Главное

Я не веру ў цуды, а проста ведаю, што яны існуюць і заўсёды знаходжу гэтаму пацвярджэнне. Нездарма Далай-лама гаварыў, што чалавек, які верыць у казку, аднойчы ў яе патрапіць, таму што ў яго ёсць сэрца.

Першы сняжок рыпіць пад нагамі, лёгкі вецярок калыхае птушыную кармушку на кволых галінках бэзу, на небе хутка зазіхацяць тысячы зорак, а на зялёнай прыгажуні заззяюць рознакаляровыя агеньчыкі… Для кожнага дзіцяці Новы год – гэта чароўнае свята, напоўненае верай у дабрыню, надзеяй у цуд  і любоўю да казачнага Дзеда Мароза. Новы год – гэта казка, у якой настрой дораць родныя людзі, пах маленькіх сонейкаў – мандарынаў, яркія агеньчыкі і гірлянды, цудоўны пах елкі ці хвоі.

…Такія чароўныя і непаўторныя моманты дзяцінства звязаны з гэтым зімовым днём: як толькі першыя сняжынкі пачыналі кружыцца ў паветры, мы з братам настойліва патрабавалі прынесці нам самую прыгожую і вялікую елку, каб на ёй размясціліся ўсе цацкі. Напярэдадні свята Божага Нараджэння тата прыносіў з лесу самую пухнатую прыгажуню. З братам мы навыперадкі беглі ў бабулін пакой, адчынялі шафу, дзе захоўваліся навагоднія цацкі і ўпрыгожвалі ялінку. Толькі без бацькоўскай дапамогі мы ўсё ж не абыходзіліся – патрэбна было павесіць гірлянду агеньчыкаў, зорку на верхавіну і шкляныя цацкі ўверсе.

Мне ўжо даўно не дзесяць гадоў, але навагодняе свята не страціла свайго сэнсу, і я ўсё роўна, як дзіця, чакаю цудаў… Канешне, у дзяцей “катэгорыя” цуду крыху іншая, чым у дарослых. Напрыклад, гэта стол з мноствам прысмакаў, упрыгожаная ялінка, снег і падарункі. Апошняга, усе без выключэння, чакаюць асабліва. Хтосьці атрымлівае падарункі ад Дзеда Мароза, які з вялікім мяшком завітае дамоў усяго на некалькі хвілінак, хтосьці ад бацькоў пад бой курантаў. Хтосьці прачынаецца ў першастудзеньскую раніцу і бяжыць да яліны з надзеяй знайсці пад ёй рэальнае ўвасабленне сваёй мары.

На нашым заснежаным хутары ў навагоднюю ноч адбываўся сапраўдны цуд. Бацькі казалі, што ў апошнюю снежаньскую ноч павінен прыйсці таямнічы Дзед Мароз. Мы з братам клалі пад елку шапкі, каб было зразумела, колькі ў хаце дзяцей і каму што пакласці. Вячэралі ў другім пакоі, таму тут выключалі святло, запальвалі агеньчыкі на зялёнай прыгажуні, правяралі, ці не схаваўся Дзед Мароз, напрыклад, за фіранкамі, у шафе або пад сталом. Затым з “неспакойнай” душой ішлі вячэраць і сустракаць Новы год. Чаканне давалася вельмі цяжка… Даводзілася прыслухоўвацца да кожнага шолаху за дзвярыма. У дзіцячых галовах кружыліся думкі: “Можа, Дзед Мароз ужо быў у нас ці забыўся ўвогуле”, “А можа, мы дрэнна сябе паводзілі, ды і на вуліцы такая завіруха, што можна не ўбачыць з неба маленькіх агеньчыкаў з вокнаў”.

Як старэйшая, не вытрымліваю і з надзеяй у поглядзе пытаю:

– Можа, ён прыйшоў?

– Не яшчэ, у яго шмат спраў, – у адзін голас адказваюць бацькі.

Пакуль   мы з  братам “насалоджваліся” навагоднімі стравамі, уяўлялі, як санкі Дзеда Мароза спыняюцца на даху, і ён, гарэзлівы дзядок, хутка скокне ў комін і будзе доўга корпацца пад нашай ялінкай, намагаючыся не пераблытаць шапкі, а пасля яго звонкі смех разальецца па наваколлі, і сані з аленямі  адправяцца да другіх дзяцей.

Праз некаторы час дарослыя чамусьці ўпэўнена казалі, што можна ісці “з рэвізіяй” пад елачку. Мы з братам, як шалёныя, беглі ў пакой, дзе стаяла зялёная прыгажуня. І якім жа было дзіцячае здзіўленне, калі ў шапках былі доўгачаканыя падарункі і не абы-што, а тое, што мы прасілі.

Цяжка было не верыць у цуд, калі ён быў побач, у цёплым бацькоўскім доме на заснежаным хутары. Вось і сёння мне здаецца, што вось-вось вялікія сані Дзеда Мароза зробяць прыпынак на даху бацькоўскага дома, каб забраць у вялікі чырвоны мяшок усе нашыя нягоды і хваробы і падарыць нам хоць невялічкую, але надзею на лепшае.

Напярэдадні чароўнага свята мы можам не толькі верыць у цуды, але і самі можам стаць творцамі гэтых самых цудаў. Будзьце уважлівымі, умейце прыслухоўвацца да сябе і ведайце, што маленькія цуды здараюцца кожны дзень. Трэба проста заўважыць іх, расплюшчыць вочы, аглядзецца і зразумець, што чароўнае крочыць побач. І тады маленькія “кроплі” цудаў стануць непарыўным акіянам надзеі і шчасця. З надыходзячымі святамі, паважаныя чытачы!

Кацярына РУДЗІК.

Все блоги автора : 

В ответе за тех, кого …

Доўгая дарога дадому

Гэтага не знойдзеш у фільмах

Першы раз у “першы клас”?

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *