Заўсёды ёсць што губляць

Точка зрения

Сённяшні ранак пачаўся нечакана. Ледзь паспела выключыць ненавісны будзільнік, запаліць святло і працерці вочы, як у дзверы пастукалі. Гадзіннік паказваў 6.20.

— Можа падалося? — не давяраючы сама сабе, падумала я. — Усе нармальныя людзі яшчэ спяць. Чарговы грукат заставіў адарвацца ад сваіх разваг і ісці адчыняць: раптам штосьці здарылася ў суседзяў?!

— Здароў. Як цябе завуць? — пачула я таропкае прывітанне. — Во, як маю дачку. Ведаеш, хто я?

Ну яшчэ б не ведаць! Мясцовую знакамітасць, пэўна, кожны сабака ведае, падумалася мне, і на памяць прыйшоў аналагічны дыялог — некалькі год назад мужчына прыходзіў, каб пазычыць грошы. Потым перапыняў з такой жа просьбай на вуліцы. Вось і цяпер пачула яго нікчэмнае:

— Выручы! Я ж не выжыву!

Зразумела, што аддаваць ніводзін са сваіх шматлікіх даўгоў — у каго толькі не браў! — ён не збіраецца. Уласна, і вяртаць яму няма з чаго — нідзе не працуе, на пенсію яшчэ рана. Ды і не ў грашах, па праўдзе кажучы, справа.

— Мне ж толькі рубель трэба, — віхурам урываецца ў мае развагі нечаканы «прасіцель»… — Адзін рубель.

Да адкрыцця крамы — паўтары гадзіны, ды і не купіш там нічога «гарачыцельнага» за рубель. Значыць, пойдзе чалавек іншымі сцежкамі-дарожкамі. Кілішак, другі  — «добрыя людзі» дапамогуць паправіць здароўе. Вось толькі чым закончыцца лячэнне?

За апошні час у раёне зафіксаваны два смяротныя выпадкі ў выніку злоўжывання спіртнымі напоямі сумніўнай якасці. Ці то сэрца не вытрымала нагрузак, ці то самагон аказаўся кантрафактным, але факт застаецца фактам. Неяк не хочацца — нават праз гэты злашчасны рубель — мець дачыненне да падобнай трагедыі.

Праўда, наўрад ці задумваюцца пра вынік такога «лячэння» самі «пацыенты». Хіба іх хвалюе, што дома шаром пакаці, што з кожным месяцам расце доўг за электрычнасць і іншыя камунальныя паслугі ці нават тое, што гэтыя паслугі адключаюць? Мо іх кранаюць дзіцячыя слёзы і бясконцыя просьбы родных, якія, як за апошнюю саломінку, хапаюцца за кадзіраванне, так званае падшыванне, нават загаворванне ў шаптух?.. Ды як бы не так!

Ніводная самая паўнамоцная камісія, ні адзін нарколаг, ніякая сіла ў свеце не здольна ўтрымаць чалавека ад п’янства, калі ён сам гэтага не захоча. Гэта не мая выснова. Гэта вывад, да якога прыйшоў адзін знаёмы. Больш за дзесяць год ён кроплі ў рот не бярэ. Бо так вырашыў сам. Бо зразумеў: ёсць што губляць. Бо адчуў, што жыццё куды больш шматграннае. Так, у ім ёсць клопаты і расчараванні, крыўды і горыч растанняў, але ёсць і другі бок — радасць, поспехі, цікавыя сустрэчы і ўдзячныя людзі, новыя адкрыцці і захапленні, якія ўпрыгожваюць нават самыя шэрыя і нудныя дні.

Цвярозае жыццё  — каляровае, і шчаслівы той, хто гэта зразумеў.

Людміла РЫБІК.

Все блоги автора : 

Вучымся штодзень

Заложники технологий

Сапсаваны пацалунак

А грабли все те же

Для каго тады правілы?!

Это вам не пинг-понг

Отдают… бабушек в хорошие руки



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *