Для каго тады правілы?!

Точка зрения

Дарога і правілы паводзінаў на ёй — гэта бясконцая тэма. Што ні сітуацыя — то меркаванне, што ні здарэнне — то па меншай меры непрыемнасць…

У каторы раз падумала аб гэтым, убачыўшы юнака на веласіпедзе і ў навушніках, які ліха завярнуў і памчаўся наперарэз патоку машын. Зразумела, глядзець па баках часу ў яго не хапіла. Як, зрэшты, не знайшлося хвіліны, каб збочыць і выканаць свой абавязак — перасекчы дарогу спешыўшыся і па пешаходнаму пераходу. Дай Бог, каб такія «пакатушкі» не скончыліся трагедыяй для сям’і меламана. Бо нават пры самым вялікім жаданні вадзіцель не заўсёды паспее своечасова затармазіць, а падаваць сігнал «глухому», самі разумееце, што ваду рэшатам насіць.

…Ці ж правілы не пісаныя?! Прыкладна так (часцей, праўда, у больш рэзкіх выразах) усклікаюць вадзіцелі, калі пад калёсы літаральна кідаюцца ашалелыя пешаходы: ігнаруючы непадалёку размешчаную «зебру», а разам з ёй і Правілы дарожнага руху, не звяртаючы ўвагі на інтэнсіўны рух, спяшаюцца на той бок праезнай часткі. Там жа аўтобус вось-вось ад’едзе!.. Ці ж тут да правілаў?! Ці ж тут да інстынкту самазахавання?! А здараецца — проста лень ісці да таго пешаходнага пераходу: бо сумкі цяжкія, бо ногі баляць, бо сябра ўбачылі і трэба хуценька перабегчы…

Гледзячы на дарослых, «не замарочваюцца» і дзеці. Нядаўна адна знаёмая тармазіла так, што ледзь дым не курэў з-пад колаў. Дзякаваць Богу, малеча, якая выскачыла на дарогу, спакойна пабегла далей. Хіба што пабольшала сівых валасоў у вадзіцеля і дабавілася клопатаў з рамонтам тармазоў. Але ж, на жаль, такія прыклады — хутчэй выключэнне. Куды часцей усё заканчваецца больш сумна: зводкі ДАІ стракацяць лічбамі, за якімі людскія трагедыі… Сярод пацярпелых — пешаходы, вадзіцелі, пасажыры, веласіпедысты і нават так званыя «пешалежы», якія часцей за ўсё трапляюць пад колы ноччу.

…Ці ж правілы не пісаныя?! — справядліва абураюцца пешаходы, якія ўжо некалькі хвілін стаяць ля пешаходнага пераходу і не могуць адважыцца ступіць на «зебру»: вадзіцелі, быццам, не заўважаюць іх і ні на ёту не збаўляюць хутасць. Упершыню сутыкнулася з такім хамствам у Гомелі. Ці то расіян там шмат, ці прычына ў чым іншым, толькі гомельскім пешаходам прыходзіцца ой як нясоладка. Ва ўсялякім разе група гродзенскіх журналістаў тады засталася пад уражаннем. Перасячэнне праезнай часткі напамінала нейкую камп’ютарную гульню на выжыванне, толькі ў якасці герояў — людзі,  абсалютна жывыя… да пары да часу…

…Ці ж правілы не пісаныя?! — хочацца пракрычаць вадзіцелю, які кінуў сваё аўто у метрах дзесяці, не больш, ад пешаходнага перахода. За ім прыстроіліся яшчэ двое. Не, апошнія якраз не парушаюць правілаў дарожнага руху, бо патрабаванне захоўваць дыстанцыю у пятнаццаць метраў ад «зебры» яны выканалі. Толькі ж ці ад гэтага лягчэй таму, хто едзе за імі?! Прыпаркаваная спантанная калона (у яе складзе аказаўся і габарытны пазадарожнік) цалкам перакрыла бачнасць з правага боку. І гэта прытым, што праз нейкіх дзесяць метраў злева ёсць прасторная (пустая!) стаянка. Але каму яна патрэбна, калі можна вось так!.. Паркавацца па правілах у час пік, прапускаць сустрэчныя машыны, а потым з гэткімі ж акалічнасцямі выязджаць — гэта для нас вельмі складана. Зручней так: уключыў аварыйку і пабег у магазін. І так амаль штодня. То адзін разумнік, то другі…

Кажуць, на памылках вучацца. Толькі трэба памятаць, што на дарозе кожная з іх можа стаць апошняй і другога шансу ўжо не будзе…

Людміла РЫБІК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *