У Ашмянах на працягу пяці дзён працавала лабараторыя рамёстваў

Культура

Ручная праца аб’ядноўвае людзей лепш за любыя словы. Пра гэта ведае, напэўна, кожны. З 13 па 17 красавіка ў Ашмянскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры панавала асаблівая атмасфера – тут працавала лабараторыя рамёстваў, куды можна было прыйсці і паспрабаваць сябе ў якасці рамесніка. На працягу пяці дзён майстры цэнтра былі праваднікамі ў свет дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Наведвальнікі мелі ўнікальную магчымасць паспрабаваць свае сілы ў розных накірунках: саломапляценні, макрамэ, лепцы з гліны, ткацтве на дошчачках, валянні  воўны, вязанні. Кожны дзень у цэнтры было людна і гучна ад гутарак і задавальнення. Хтосьці ўпершыню вылепіў з гліны ляльку, хтосьці сплёў саламянага павучка, а хтосьці адкрыў для сябе тонкасці ткацтва на дошчачках. Майстры ахвотна дзяліліся сакрэтамі, паказвалі і натхнялі. Лабараторыя рамёстваў скончылася, але цёплыя ўспаміны і вырабы, зробленыя сваімі рукамі, застануцца на доўгі час. Арганізатары спадзяюцца, што такая практыка стане добрай традыцыяй, а наведвальнікі, якія адкрылі ў сабе цягу да рамёстваў, працягнуць займацца творчасцю дома або ў якасці пастаянных наведвальнікаў гурткоў цэнтра.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *