Вучымся штодзень

Точка зрения

Калісьці, толькі-толькі скончыўшы школу, праз раёнку адзначала настаўнікаў, якія на працягу адзінаццаці год былі для нас крыніцай ведаў, сапраўднымі сябрамі і надзейнымі дарадцамі. Я і сёння ўдзячна ім за тое, што яны не проста выпусцілі ў дарослае жыццё сямнаццаць юнакоў і дзяўчат, але і навучылі нас вучыцца. Гэта дзякуючы  іх намаганням у сельскай школцы ў той год было ажно дзевяць медалістаў…

Не ведаю, як астатнім аднакласнікам, а мне пашчасціла і надалей сустрэць яркіх, неардынарных асоб. Настаўнікаў, але не заўсёды педагогаў. Так, сярод іх былі выкладчыкі ўніверсітэта, калегі-настаўнікі, з якімі давялося працаваць у гімназіі, Цудзенішскім вучэбна-педагагічным комплексе, аддзеле адукацыі.

Лёс падарыў знаёмства з прафесіяналамі, якія самі заўсёды былі ў пошуку і не давалі заскарузнуць іншым, якія фантаніравалі ідэямі, «увязваліся ў бой» і заўсёды ішлі да канца, — Наталляй Яўгеньеўнай Рудой, Наталляй Генадзьеўнай Кучынскай, Тэрэзай Раманаўнай Івашкевіч, Міхаілам Мар’янавічам Гружэўскім…

Іх прыклад натхняе, прыстойнасць і гатоўнасць дапамагаць выклікае павагу. Кожнай перамозе такіх адданых справе людзей радуешся як уласнай, кожную няўдачу перажываеш гэтаксама.

З гадамі шэраг настаўнікаў, сказаць якім шчыры «дзякуй» — гэта самае меншае, што мы можам зрабіць, расце. У гэтай дружнай кагорце і былы рэдактар «Ашмянскага весніка» Юрый Іванавіч Нікалаеў, на прафесіяналізм, тактоўнасць і цярплівасць якога заўсёды можна было раўняцца.

А колькі важных урокаў на рахунку герояў нашых публікацый: хлебаробаў і леснікоў, пагранічнікаў і будаўнікоў, міліцыянераў і прадаўцоў, урачоў і дворнікаў!.. І няхай сабе ў іх дыпломе няма яскравага запісу «педагог», кожнаму мы абавязаны кавалачкам жыццёвага вопыту, мудрасці, аптымізму, разважлівасці.

Многаму вучаць журналістаў удумлівыя і неабыякавыя чытачы — сваімі водгукамі, прапановамі, рэакцыяй на артыкулы.

Штодзень лёс рыхтуе нам самыя непрадказальныя сустрэчы. І кожная адкрывае новую старонку ў жыццёвай кнізе ведаў. Канешне, гэта ўжо далёка не тыя школьныя ўрокі, на якіх кожную тэарэму разжоўвалі да поўнага прасвятлення. Цяпер высновы прыходзіцца рабіць самім. Тым каштоўней гэтыя ўрокі і атрыманы досвед.

Людміла РЫБІК.

Все блоги автора : 

Заложники технологий

Сапсаваны пацалунак

А грабли все те же

Для каго тады правілы?!

Это вам не пинг-понг

Отдают… бабушек в хорошие руки



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *